Белорусский портал в Казахстане

Упершыню з пачатку года сярэдняя зарплата ў Беларусі перавысіла 3 млн. рублёў



Такія даныя апублікаваў Белстат.

У Беларусі намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў у студзені—сакавіку 2012 года склала 3 млн. 6,1 тыс. рублёў, у тым ліку ў сакавіку — 3 млн. 159,6 тыс. рублёў і павялічылася ў параўнанні з лютым на 6,6%, ці на 195,4 тыс. рублёў.  Раней з пачатку года сярэдняя зарплата была менш як 3 млн. рублёў.

Рэальная заработная плата (заработная плата, разлічаная з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у студзені—сакавіку 2012 года ў параўнанні са студзенем—сакавіком 2011 года паменшылася на 1,2%, у сакавіку ў параўнанні з лютым 2012 года — павялічылася на 5%.

У сакавіку гэтага года ў прамысловасці сярэдняя заработная плата склала 3 млн. 568,1 тыс. рублёў, на транспарце і ў сувязі — 3 млн. 569,5 тыс., у будаўніцтве — 3 млн. 337,3 тыс., у адукацыі — 2 млн. 590,3 тыс., у тым ліку ў настаўнікаў — 3 млн. 103,2 тыс., прафесарска-выкладчыцкага складу — 4 млн. 532,5 тыс., у сельскай гаспадарцы, паляванні і лясной гаспадарцы — 2 млн. 204,6 тыс. рублёў.

Зарплата работнікаў аховы здароўя і аказання сацыяльных паслуг у сакавіку 2012 года склала 2 млн. 704,3 тыс. рублёў, у тым ліку ў галіне аховы здароўя — 2 млн. 766 тыс. рублёў. Сярэдняя заработная плата ўрачоў склала 4 млн. 612,3 тыс. рублёў, сярэдняга медыцынскага персаналу — 2 млн. 692,2 тыс. рублёў.

Па рэгіёнах максімальная сярэдняя зарплата ў сакавіку адзначалася ў Мінску — 4 млн. 103,9 тыс. рублёў, мінімальная — у Брэсцкай вобласці — 2 млн. 734,3 тыс. рублёў. У Віцебскай вобласці гэты паказчык склаў 2 млн. 842,9 тыс. рублёў, Гомельскай — 3 млн. 51 тыс., Гродзенскай — 2 млн. 819,1 тыс., Мінскай — 3 млн. 139,8 тыс., Магілёўскай — 2 млн. 866,6 тыс. рублёў.

Па відах дзейнасці мінімальная сярэдняя зарплата ў сакавіку зафіксавана ў работнікаў сельскай гаспадаркі — 2 млн. 205 тыс. рублёў, максімальная — у работнікаў фінансавай дзейнасці — 5 млн. 522 тыс. рублёў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 25 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/3043/13803
Текущая дата: 07.10.2024