Белорусский портал в Казахстане

Беларускія батутысты трыумфальна выступілі на Алімпіядзе ў Парыжы



Аляксандр Лукашэнка павіншаваў спартсменаў і трэнерскі штаб.

Беларускія батутысты трыумфальна выступілі на Алімпіядзе ў Парыжы, заваяваўшы золата і срэбра Гульняў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў спартсменаў і трэнерскі штаб.

Спачатку Віялета Бардзілоўская паднялася на алімпійскі п`едэстал гонару, стаўшы срэбранай прызёркай Гульняў. А затым залаты медаль заваяваў Іван Літвіновіч, аформіўшы для сябе статус двухразовага алімпійскага чэмпіёна.

"Дарагі Іван! Ты - наша гордасць! Дзякую за алімпійскае золата. Мільёны беларусаў сёння захапляюцца тваёй воляй да перамогі, мэтанакіраванасцю і сілай характару, - падкрэсліў беларускі лідар. - Перамагчы на Алімпіядзе - вялікае дасягненне, а абараніць тытул алімпійскага чэмпіёна - спартыўны подзвіг, якім ты паставіў сябе ў адзін рад з самымі выдатнымі атлетамі свету".

"Ад усёй душы віншую трэнераў і спецыялістаў, якія ўклалі ў гэту перамогу свае талент і майстэрства. Беларуская школа скачкоў на батуце чарговы раз прадэманстравала найвышэйшы клас і пацвердзіла заслужанае лідарства на сусветнай арэне", - гаворыцца ў віншаванні.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў спартсмену здароўя, шчасця і новых поспехаў на карысць роднай Беларусі.

У віншаванні Віялеце Бардзілоўскай Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што медаль - сапраўдны трыумф для яе і ўсёй беларускай алімпійскай каманды: "Нягледзячы ні на якія абставіны, у саперніцтве з самымі моцнымі атлетамі планеты ты змагла прадэманстраваць адточанае майстэрства, непахісны характар і сілу духу".

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з такой значнай для краіны перамогай таксама ўвесь трэнерскі штаб на чале з Вольгай Уласавай: "Мы ганарымся беларускай школай батутыстаў", - гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы ад усяго сэрца пажадаў спартсменцы моцнага здароўя, дабрабыту і новых дасягненняў.

2 жніўня 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/32/74836
Текущая дата: 06.10.2024