Белорусский портал в Казахстане

Каб не трапіць пад каня



Супрацоўнікі Магілёўскай ДАІ вобласці наведалі ўладальнікаў хуткасных матацыклаў і нагадалі байкерам аб правілах бяспекі на дарогах.

Выявілася, што толькі ў Магілёве жыве 60 прыхільнікаў хуткасных матацыклаў, і інспектары наведалі іх. З парога — лекцыя аб бяспечных паводзінах на дарозе і ўручэнне памятак. Байкеры нават не адмовіліся пісьмова пацвердзіць сваю гатоўнасць прытрымлівацца хуткаснага рэжыму і правілаў дарожнага руху ўвогуле. Супрацоўнікі ДАІ параілі матацыклістам быць уважлівымі і пажадалі ўдачы на дарогах.

Дарэчы, нядаўна на дарозе Слаўгарад—Краснаполле непадалёк ад вёскі Сідараўка адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, якое, як у Ільфа і Пятрова ў "Дванаццаці крэслах", падпадае пад загаловак "Трапіў пад каня". Толькі там чалавек Астап Бендэр сутыкнуўся з фурманкай, а ў наш час у фурманку ўехаў матацыкл "Самурай". Матацыкліст пайшоў на абгон, але з кіраваннем не справіўся. Кіроўца атрымаў траўму, возчык не пацярпеў, а жывёла, як водзіцца, абышлася лёгкім перапудам.

Ілона Іванова
Звязда
28 сакавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/3372/5473
Текущая дата: 17.05.2024