У Беларусі рэгламентавана выкарыстанне нацыянальнага сегмента Інтэрнэта
У Беларусі рэгламентавана выкарыстанне нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт. Адпаведны ўказ нумар 60 "Аб мерах па ўдасканаленню выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт" Прэзідэнт Беларусі падпісаў 1 лютага, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Дакумент накіраваны на абарону інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы ў інфармацыйнай сферы, павышэнне якасці і патанненне інтэрнэт-паслуг, забеспячэнне далейшага развіцця нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт.
Упершыню ў заканадаўчым акце змяшчаецца шэраг патрабаванняў, якія прызначаны зрабіць інфармацыю аб дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях больш даступнай. У гэтых мэтах указам прадугледжаны абавязак дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый і гаспадарчых таварыстваў з пераважнай доляй дзяржавы ў іх статутных фондах размяшчаць інфармацыю аб сваёй дзейнасці на афіцыйных сайтах гэтых органаў і арганізацый, забяспечваць іх эфектыўнае функцыянаванне і сістэматычнае абнаўленне.
Інтэрнэт-карыстальнікі змогуць свабодна і бязвыплатна атрымліваць інфармацыю аб рэжыме работы дзяржаўнага органа (іншай арганізацыі), паштовым адрасе, нумарах тэлефонаў яго даведачных службаў, парадку работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, аб адміністрацыйных працэдурах, што ажыццяўляюцца, і інш.
Указ змяшчае шэраг палажэнняў, накіраваных на абарону аўтарскіх правоў ад пірацтва ў Інтэрнэце. Так, размяшчэнне ў Інтэрнэце літаратурных, навуковых, музычных, фатаграфічных, аўдыёвізуальных твораў, твораў выяўленчага мастацтва, іншых аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў, што карыстаюцца прававой абаронай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінна ажыццяўляцца пры ўмове выканання патрабаванняў заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах, у тым ліку са згоды іх праваўладальнікаў. Інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы сродку масавай інфармацыі, што распаўсюджваюцца праз сетку Інтэрнэт, павінны будуць мець гіперспасылку на першакрыніцу інфармацыі або на сродак масавай інфармацыі, які раней размясціў гэтыя інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы.
З павелічэннем колькасці інтэрнэт-паслуг, што аказваюцца пры дапамозе сеткі Інтэрнэт (напрыклад, продаж тавараў або выкананне работ), усё больш актуальнай становіцца праблема абароны правоў спажыўцоў. Паколькі гэты бізнес доўгі час заставаўся па-за юрыдычным полем, не было інструментаў для абароны тых, хто пацярпеў ад неналежнага ажыццяўлення такога віду камерцыйнай дзейнасці.
У сувязі з гэтым указам замацоўваецца абавязак суб’ектаў гаспадарання, што рэалізуюць на тэрыторыі Беларусі тавары (работы, паслугі) з прымяненнем сеткі Інтэрнэт, з 1 ліпеня 2010 года ажыццяўляць гэту дзейнасць з выкарыстаннем інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, размешчаных на тэрыторыі рэспублікі.
Уводзіцца дзяржаўная рэгістрацыя гэтых сетак, сістэм і рэсурсаў, якую будуць праходзіць пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг па заяўнаму прынцыпу ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі або ўпаўнаважанай ім арганізацыі. Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі, пералік і формы дакументаў, неабходных для яе ажыццяўлення, будуць вызначаны ўрадам да 1 мая 2010 года.
У мэтах забеспячэння бяспекі грамадзян і дзяржавы з 1 ліпеня 2010 года пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг павінны будуць ажыццяўляць ідэнтыфікацыю абаненцкіх устройстваў карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг, весці ўлік і захоўваць звесткі аб такіх устройствах і аказаных інтэрнэт-паслугах.
Указ упершыню рэгламентуе механізм абмежавання доступу да інфармацыі па патрабаванню карыстальніка інтэрнэт-паслуг. Напрыклад, па запыту карыстальніка інтэрнэт-паслуг пастаўшчык абавязаны абмежаваць доступ абаненцкага ўстройства, што належыць гэтаму карыстальніку, да інфармацыі, змест якой накіраваны на распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў, прапаганду насілля, жорсткасці і іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам.
Указ уступае ў сілу з 1 ліпеня 2010 года.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/3743/207
Текущая дата: 23.11.2024