Белорусский портал в Казахстане

Беларусы ў Аргенціне



Выйшла з друку кніга “Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930-1960-я гг.)”

Выйшла з друку кніга “Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930-1960-я гг.)”  

Убачыла свет 17-я кніга серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Ёй стаў зборнік Сяргея Шабельцава “Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930-1960-я гг.). У кнізе размешчаны дакументы і ўспаміны пра беларускую дыяспару ў Аргенціне, а таксама пра рээмігрантаў, якія пераехалі з гэтай краіны ў СССР.
 
У кнізе размешчаны дакументы і ўспаміны пра беларускую дыяспару ў Аргенціне, а таксама пра рээмігрантаў, якія пераехалі з гэтай краіны ў СССР. Прадстаўленыя матэрыялы адлюстроўваюць светапогляд беларускіх імігрантаў, іх грамадскую і палітычную дзейнасць у Аргенціне, працэс іх рээміграцыі ў СССР і шляхі адаптацыі на Радзіме.
 
Па словах рэдактара кнігі, кандыдата гістарычных навук Наталлі Гардзіенкі, зборнік “Беларусы ў Аргенціне:грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930-1960-я гг.)” з’яўляецца першай спробай сістэматызацыі матэрыялаў, прысвечаных прысутнасці нашых суайчыннікаў у гэтай краіне.
 
“Аргенцінская беларуская дыяспара адрозніваецца ад дыяспараў у іншых краінах найперш сваёй ідэйнай скіраванасцю, пракамуністычным характарам, -  гаворыць Наталля Гардзіенка. -  І гэта своеасаблівы феномен у беларускім жыцці на Захадзе, безумоўна варты увагі і вывучэння. Да сёння былі апублікаваныя толькі асобныя успаміны, або дакументы да гісторыі беларускай Аргенціны.
 
Цяпер жа аўтар-складальнік сабраў шмат цікавых і разнастайных матэрыялаў, якія адлюстроўваюць і спецыфіку беларускага жыцьця ў гэтай кріане, і працэс рээміграцыі суайчыннікаў у Беларусь, і іх лёсы на савецкай радзіме. У прадмове да кнігі зроблены агляд гісторыі стварэння беларускай дыяспары ў Аргенціне, у якім выразна прасочваюцца яе адметнасці, у параўнанні з дыяспарамі ў іншых краінах. “Беларусы ў Аргенціне” – гэта у першую чаргу зборнік дакументаў, аднак ён з’яўляецца важным крокам для стварэння грунтоўнага аналітычнага даследавання па гісторыі беларускай прысутнасці ў гэтай краіне”.
 
Кніга падзелена на некалькі тэматычных раздзелаў. Першы раздзел  - “Беларускія імігранты ў Аргенціне (1930 – сяр. 1950-х гг)” прысвечаны працэсу станаўлення беларускіх арганізацый ў Аргенціне, працы імігрантаў па падтрымцы Савецкага Саюза. У другім раздзеле “Беларускія рээмігранты (1955 – 1960-я гг.) разглядаецца працэс рээміграцыі беларусаў Аргенціны ў СССР, а таксама ўплыў водгукаў рээмігрантаў пра СССР на жыццё беларускай дыяспары ў Аргенціне.  У апошнім раздзеле чытач знойдзе ўспаміны рээмігрантаў з Аргенціны, у тым ліку і ўспаміны беларуска-іспанскага перакладчыка, літаратара і праваабаронцы Карласа Шэрмана.

***
Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930-1960-я гг.) : зборнік дакументаў і ўспамінаў / Сяргей Шабельцаў. – Мінск : Медысонт, 2009. – 368 с. – (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 17).

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/3744/188
Текущая дата: 23.11.2024