Белорусский портал в Казахстане

Двухбаковыя адносіны Беларусі і Расіі



Першы пакет дакументаў па фарміраванню АЭП будзе прадстаўлены 21 мая.

Першы пакет дакументаў з 14 пагадненняў па фарміраванню Адзінай эканамічнай прасторы Мытнага саюза будзе прадстаўлены 21 мая бягучага года на сустрэчы кіраўнікоў урадаў у Маскве. Аб гэтым паведаміў сёння першы намеснік прэм`ер-міністра Расіі Ігар Шувалаў на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

"На сустрэчы кіраўнікоў урадаў 21 мая мы пастараемся прапанаваць сур`ёзныя канцэптуальныя рашэнні, першы пакет пагадненняў", - сказаў Ігар Шувалаў.

Ён таксама паведаміў, што цяпер вядзецца работа па канцэпцыі важнейшых пагадненняў, якія будуць пакладзены ў аснову АЭП.

Ігар Шувалаў адзначыў, што прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі на сустрэчы 27 лістапада ў Мінску паставілі перад урадамі сур`ёзную, амбіцыйную задачу па фарміраванню Адзінай эканамічнай прасторы. "Гэта работа ў Еўрапейскім саюзе заняла дзесяцігоддзі, а перад намі пастаўлена задача правесці яе за два гады, і правесці паспяхова", - сказаў ён.

Гаворачы аб двухбаковых адносінах Беларусі і Расіі, першы віцэ-прэм`ер запэўніў, што паміж дзяржавамі няма невырашальных праблем. Ён таксама адзначыў зацікаўленасць у павелічэнні беларускага экспарту ў Расію.

"Па даручэнню Прэзідэнта Расіі мне неабходна было наведаць усе краіны СНД, паколькі мы рыхтуем у Маскве 8 мая нефармальны саміт. Мы завяршаем цыкл паездак у Мінску і лічым, што ў гэтым ёсць пэўны сэнс. Для нас Беларусь не проста партнёр па СНД, а партнёр па Саюзнай дзяржаве, якую мы разам будуем", - сказаў Ігар Шувалаў.

Першы віцэ-прэм`ер Расіі падзякаваў Прэзідэнту Беларусі і беларускаму народу за спачуванні ў сувязі з тэрактамі ў маскоўскім метро. "Нам вельмі важна, што гэтыя спачуванні нашага бліжэйшага саюзніка, важнага партнёра і проста блізкіх людзей, - сказаў Ігар Шувалаў. - Кіраўніцтва Расіі вельмі жорстка дзейнічае цяпер. Мы разлічваем, што зробім усё, каб вінаватыя былі прыцягнуты да адказнасці своечасова".

2 красавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/.

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/3764/369
Текущая дата: 28.12.2024