Беларуская міліцыя прапануе абсталяваць каля магазінаў месцы для ўжывання піва
Уладзімір Мацвееў БЕЛТА
Беларуская міліцыя прапануе абсталяваць каля магазінаў месцы для ўжывання піва. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы грамадскага парадку і прафілактыкі - начальнік упраўлення правапарадку МУС Беларусі Аляксандр Барсукоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы будзем выходзіць з прапановай, каб каля кожнага магазіна было створана спецыяльнае месца для ўжывання піва", - сказаў прадстаўнік МУС.
Неабходнасць павелічэння колькасці такіх месц звязана са змяненнямі ў адміністрацыйным заканадаўстве, у адпаведнасці з якімі з 23 лютага бягучага года ў грамадскіх месцах нельга будзе піць піва і слабаалкагольныя напіткі (акрамя месц, спецыяльна прызначаных для іх ужывання).
Для інфармавання грамадскасці аб маючых адбыцца змяненнях, напрыклад у Мінску, у трэці чацвер лютага (18 лютага. - Заўвага БЕЛТА) міліцыя правядзе адзіны дзень прафілактыкі. Перад студэнтамі, навучэнцамі старэйшых класаў школ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў выступяць прадстаўнікі праваахоўных органаў. Будуць таксама падрыхтаваны спецыяльныя таблічкі, на якіх будуць пазначаны месцы, у якіх забаронена распіваць піва і слабаалкагольныя напіткі, і меры адказнасці за гэта правапарушэнне.
Для барацьбы з парушальнікамі будуць прыцягвацца і добраахвотныя дружыннікі, якія разам з супрацоўнікамі міліцыі будуць на вуліцах патруляваць тыя месцы, дзе найбольш часта распіваюць піва. Аднак, падкрэсліў Аляксандр Барсукоў, гэта не значыць, што ўсе абавязкова будуць штрафавацца. Усё залежыць ад канкрэтных абставін і паводзін саміх парушальнікаў. "Магчыма, камусьці будзе дастаткова простага папярэджання, а для тых, хто будзе груба парушаць грамадскі парадак, і санкцыі будуць больш строгія", - растлумачыў ён.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/3768/198
Текущая дата: 27.12.2024