Распаўсюджванне нацысцкай сімволікі ў Беларусі будзе карацца штрафам да 200 базавых велічынь
Распаўсюджванне нацысцкай сімволікі ў Беларусі будзе карацца штрафам да 200 базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня складае Br35 тыс.) або адміністрацыйным арыштам.
Гэта прадугледжана законам "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці", які быў нядаўна прыняты ў Беларусі, аднак пакуль не ўступіў у сілу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, прапаганда і (або) публічнае дэманстраванне, выраб і (або) распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі фізічнымі асобамі будуць карацца штрафам да 10 базавых велічынь або адміністрацыйным арыштам. Індывідуальным прадпрымальнікам за такое правапарушэнне давядзецца раскашэліцца на суму да 50 базавых велічынь, а юрыдычным асобам - да 200 базавых велічынь. Пры гэтым пад нацысцкай сімволікай або атрыбутыкай маюцца на ўвазе сцяг, гімн, эмблема, вымпел, гальштук, нагрудны і апазнавальны знак Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі або іх копіі.
Разам з тым адміністрацыйным правапарушэннем не будзе лічыцца выраб, публічнае дэманстраванне і (або) распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі фізічнай асобай, індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай асобай пры ажыццяўленні дзейнасці ў галіне тэатральнага, музычнага, цыркавога і выяўленчага мастацтва, бібліятэчнай справы, кінематаграфіі, музейнай справы, гастрольна-канцэртнай дзейнасці, выдавецкай справы, адукацыйнай дзейнасці, сродкаў масавай інфармацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Акрамя таго, законам устанаўліваецца адміністрацыйная адказнасць за "выраб і (або) распаўсюджванне, а таксама захоўванне з мэтай распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства". За гэта правапарушэнне для фізічных асоб устанаўліваецца адказнасць у выглядзе штрафу ад 10 да 50 базавых або адміністрацыйнага арышту. Штраф для ІП складзе ад 50 да 100 базавых велічынь і для юрыдычных асоб - ад 100 да 500 базавых велічынь.
Як растлумачылі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі, закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці" быў уключаны ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь 6 студзеня 2010 года пад рэгістрацыйным нумарам 2/1651. Плануецца, што ён будзе апублікаваны ў выданні Нацыянальнага рэестра 22 студзеня і ўступіць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання.
Паводле даных НЦПІ, закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці" пакуль не быў апублікаваны ні ў адной з газет, якія маюць права на афіцыйнае апублікаванне.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/3769/181
Текущая дата: 27.12.2024