Белорусский портал в Казахстане

Што стала са студэнтамі дзвюх спыніўшых дзейнасць ВНУ



Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў расказаў, што стала са студэнтамі дзвюх прыватных ВНУ, якія спынілі дзейнасць.

«З 1 верасня ў нас 47 ВНУ. Да гэтага было 49. Дзве прыватныя ВНУ з новага навучальнага года спынілі сваю адукацыйную дзейнасць. Кіраўніцтвам гэтых ВНУ і іх заснавальнікамі было прынята такое рашэнне. Адпаведныя лісты яны накіравалі ў Мінадукацыі», — сказаў Сяргей Пішчоў.

Пры гэтым ён адзначыў, што студэнты дзвюх ВНУ пераведзены ў іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі. «Трэба падкрэсліць, што прыём у іх ажыццяўляўся толькі на платную форму навучання. Па выніках мінулага года яны ў цэлым выконвалі прыём. Сёлета лічбы прыёму ім не зацверджаны і ўсе студэнты, якія навучаліся ў гэтых універсітэтах, пераведзены ў іншыя ВНУ. На вуліцы ніхто не застаўся. Усім студэнтам былі прапанаваны варыянты пераводу цэлымі групамі ў іншы ўніверсітэт, а таксама ёсць выпадкі, калі навучэнцы перавадзіліся ў індывідуальным парадку», — падкрэсліў Сяргей Пішчоў.

Выкладчыкі ВНУ таксама былі пераведзены на новыя месцы працы. «Паводле інфармацыі універсітэтаў, якія спыняюць сваю дзейнасць, з іншых устаноў адукацыі ўжо прыходзілі запыты на выкладчыкаў. Таму тыя з іх, хто патрэбны нашым універсітэтам, застануцца працаваць», — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Звязда, 8 верасня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/40/75145
Текущая дата: 24.11.2024