Фестываль навукі праходзіць у Мінску ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі.
Галоўнымі пляцоўкамі Фестывалю навукі ў гэтым годзе сталі "Космас", "Медыцына", "Інтэлектуальныя тэхналогіі", "Экалогія", "Смак навукі" і "Лабараторыя". Пляцоўка "Космас" зацікавіць наведвальнікаў серыяй лекцый пра касмічныя аб`екты, іх даследаванне, тэлескопы і спадарожнікі. Таксама тут кожны зможа адкрыць у сабе інжынера і сабраць уласны касмічны спадарожнік. На пляцоўцы "Медыцына" пагавораць пра стаматалогію, анкалогію, хваробы крыві, стварэнне вакцын і лякарстваў.
У рамках пляцоўкі "Інтэлектуальныя тэхналогіі" наведвальнікі даведаюцца пра перадавыя тэхнічныя і рабатызаваныя распрацоўкі ў Беларусі і свеце. Школы робататэхнікі і ўніверсітэты тэхнічнага профілю раскажуць пра свае адукацыйныя праграмы. Таксама на гэтай пляцоўцы можна даведацца пра будучыню альтэрнатыўнай энергетыкі і электратранспарту. Пляцоўка "Экалогія" дасць магчымасць лепш разабрацца ў пытаннях перапрацоўкі адходаў, ачысткі вады і паветра, ультрафіялетавага выпрамянення. Можна больш даведацца пра прыроду Беларусі і такія далёкія тэрыторыі, як Арктыка і Антарктыка.
Праграма пляцоўкі "Лабараторыя" радуе наведвальнікаў захапляючымі эксперыментамі, навуковымі шоу і відовішчнымі вопытамі. Даведацца, які шлях праходзяць прадукты харчавання перад з`яўленнем на паліцах, і прадэгуставаць новыя ядомыя распрацоўкі можна на пляцоўцы "Смак навукі".
У гэтым годзе на Фестывалі навукі таксама арганізавана новая пляцоўка, прысвечаная культуры і традыцыям беларусаў, - "Этнаграфія". Яна раскажа аб нацыянальнай кухні, традыцыйных касцюмах і промыслах, а таксама аб вясельных і пахавальных абрадах нашых продкаў. Гасцей фестывалю чакаюць майстар-класы па вырабе саламяных павукоў, набіванак, маляванак і выцінанак, а таксама па традыцыйным ручным ткацтве.
На пляцоўцы ATOM TEAM, арганізаванай Інфармацыйным цэнтрам па атамнай энергіі Мінска пры падтрымцы інжынірынгавага дывізіёна дзяржкарпарацыі "Расатам", можна даведацца аб прарыўных даследаваннях і распрацоўках у галіне выкарыстання энергіі мірнага атама.
Міністэрства адукацыі Беларусі знаёміць наведвальнікаў з дасягненнямі вузаўскай навукі і новымі спецыяльнасцямі на пляцоўцы "Універсітэт будучыні", дзе сабрана больш за 20 вядучых навучальных устаноў краіны.
У фестывалі прымуць удзел прадстаўнікі Расіі: навукова-пазнавальны цэнтр "Запаведнае пасольства" парку "Зараддзе" з самастойнай пляцоўкай, а таксама больш за 20 удзельнікаў у рамках пляцоўкі Усерасійскага фестывалю "НАВУКА 0+" з 10 тэматычнымі блокамі і навукова-папулярным лекторыем. Пляцоўка Усерасійскага фестывалю "НАВУКА 0+" раскажа аб прыгодах ката Шродзінгера, які трапіў на іншую планету і выкарыстоўвае свае веды, каб выбрацца. На заканчэнне праграмы на пляцоўцы пройдзе вялікае навуковае шоу.
У рамках Фестывалю навукі праходзіць і выстаўка-конкурс "100 інавацый маладых вучоных", на якой будуць прадстаўлены актуальныя распрацоўкі маладых навукоўцаў у шасці напрамках. У ходзе мерапрыемства камісія вызначыць і ўзнагародзіць самыя перспектыўныя праекты.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/42/75111
Текущая дата: 24.11.2024