Белорусский портал в Казахстане

Мінпрацы: Br3,4 млрд будзе накіравана ў гэтым годзе ў сістэму дзяржаўных дапамог



Br3,4 млрд будзе накіравана ў бягучым годзе ў сістэму дзяржаўных дапамог. Аб гэтым расказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.

"Расходы дзяржбюджэту на меры сацыяльнай абароны сем`яў з дзецьмі штогод складаюць больш за 3 працэнты ВУП. Толькі ў бягучым годзе ў сістэму дзяржаўных дапамог будзе накіравана Br3,4 млрд, з іх Br1,8 млрд - на дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў", - адзначыў намеснік міністра.

Ён таксама дадаў, што сёння выплатамі ахоплены 380 тыс. дзяцей. З іх 207 тыс. - дзеці да 3 гадоў, на якіх бацькі атрымліваюць дапамогу па доглядзе дзіцяці. Валерый Кавалькоў таксама адзначыў, што памеры дапамог значныя.

"З 1 траўня бягучага года ў сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму насельніцтва змяніліся і дапамогі. Пры нараджэнні першага дзіцяці сям`я атрымлівае Br4,2 тыс. Калі ў сям`і нараджаецца другое і наступнае дзіця, то аднаразовая дапамога складае ўжо амаль Br6 тыс.", - сказаў ён.

Намеснік міністра адзначыў, што дапамога па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў перавышае ўзровень мінімальнай заработнай платы. "Калі ў сям`і выхоўваецца першае дзіця - гэта Br725. Калі другое і наступныя - Br828. Пры гэтым выплачваюцца дапамогі і на дзяцей старэйшых за 3 гады, калі ў сям`і выхоўваецца дзіця да 3 гадоў", - сказаў Валерый Кавалькоў.

Ён таксама дадаў, што аказваецца сем`ям і дадатковая падтрымка ў выпадку наяўнасці патрэбы. Гэта можа быць аднаразовая або штомесячная сацыяльная дапамога малазабяспечаным. Бацькам, якія выхоўваюць двайнят або трайнят, прадастаўляецца бясплатнае харчаванне для дзяцей да 2 гадоў.

10 траўня 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/6/74026
Текущая дата: 26.06.2024