Белорусский портал в Казахстане

Беларусь уводзіць электронныя візы для грамадзян 67 краін



Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 16 снежня 2024 года нумар 953, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакумент уносіць змяненні ў візавыя правілы Беларусі. У прыватнасці, яны дапоўнены главой "Электронная віза". Такія візы будуць выдавацца ў аўтаматызаванай сістэме "Консул". Тэхналагічны парадак і ўмовы аказання гэтай электроннай паслугі, атрымання і прадастаўлення неабходнай інфармацыі ў электроннай форме вызначаюцца МЗС і Нацыянальным цэнтрам электронных паслуг.

Электронныя візы выдаюцца ўладальнікам звычайных пашпартоў 67 дзяржаў, у тым ліку ЗША, Канады, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі, Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы і іншых краін. Каб атрымаць такую візу, іншаземцам трэба будзе падаць візавую заяўку ў асабістым кабінеце адзінага партала электронных паслуг ААІС. Разглядаць заяўку будуць на працягу сямі каляндарных дзён. У тэрміновым парадку электронныя візы не выдаюцца.

Электронныя візы з`яўляюцца аднаразовымі і індывідуальнымі і выдаюцца на тэрмін не большы за 30 сутак. У залежнасці ад мэты паездкі прадугледжаны наступныя катэгорыі віз: дзелавая паездка, удзел у спартыўных, культурных, навуковых, адукацыйных мерапрыемствах і стажыроўках, прыватныя справы, турызм.

Пры ўездзе ў Беларусь і ў час знаходжання ў краіне іншаземец па патрабаванні кампетэнтных органаў абавязаны прад`яўляць экзэмпляр электроннай візы ў электронным выглядзе або на папяровым носьбіце.

Новаўвядзенне ўступае ў сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання пастановы.

19 снежня 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/6/76322
Текущая дата: 26.12.2024