У правінцыі Юньнань на паўднёвым захадзе Кітая было знойдзена больш за 400 скамянелых адбіткаў слядоў дыназаўраў, якія жылі тут у часы ранняга крэйдавага перыяду, перадае «Сіньхуа».
Знаходкі былі зроблены даследчыкамі на гары каля адной з вёсак пасёлка Кунлуншань горада Луфэн Чусюн-Ійскай аўтаномнай акругі гэтай правінцыі. Пласты горных парод, дзе захаваліся сляды дыназаўраў, датуюцца прыкладна 120 млн гадоў, падзяліўся кіраўнік мясцовага цэнтра аховы і даследавання выкапняў дыназаўраў Ван Таа.
Паводле яго слоў, адбіткі можна падзяліць на тры групы. Першая належыць да дыпладокаў або іншых прадстаўнікоў заўрападаў, другая — да тыраназаўра і іншых відаў тэраподаў. Трэцяя група адбіткаў з прыкметнымі паглыбленнямі на пярэднім канцы была пакінута стэгазаўрамі або анкілазаўрамі. Мяркуючы па ўсім, гэты раён у далёкім мінулым быў размешчаны каля возера пасярод багатай расліннасці, растлумачыў даследчык.
Горад Луфэн славіцца як «радзіма дыназаўраў». З 1938 года на яго тэрыторыі было знойдзена 120 скамянелых дыназаўраў. Тым не менш такая вялікая колькасць адбіткаў слядоў дыназаўраў, якія жылі ў крэйдавы перыяд, знойдзены тут упершыню.
Звязда, 9 чэрвеня 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/78/74376
Текущая дата: 25.11.2024