Белорусский портал в Казахстане

Больш за 70 тыс. чалавек прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі "Дай лесу новае жыццё!"



Аб гэтым паведаміў прэм`ер-міністр Раман Галоўчанка пасля высадкі разам з дэлегацыяй Савета Міністраў лесу ў Быхаўскім раёне.

Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці стаў найбольш пацярпелым у рэгіёне пасля стыхіі ў ліпені гэтага года. Маштабы пашкоджанняў, адзначыў Раман Галоўчанка, былі вялікія, а таму і работ па аднаўленні ляснога масіву тут нямала. Неабыякавасць беларусаў і іх клопат аб прыродзе яскрава паказала акцыя "Дай лесу новае жыццё!".

"Як толькі наш лес напаткала бяда, Прэзідэнт аб`явіў старт акцыі "Дай лесу новае жыццё!", і ўсе адгукнуліся на такую ініцыятыву. У гэтыя дні завяршаем акцыю, якая доўжылася месяц. Маштабы ўключанасці нашых людзей вельмі ўражваюць. Сёння, калі саджалі лес, размаўлялі з мясцовымі супрацоўнікамі лясгаса: гавораць, што людзі самі тэлефануюць на гарачую лінію ў лясгас і пытаюць, ці можна прыехаць. Прыязджаюць у тым ліку і сем`ямі. Ёсць нават ударнікі, якія па 2 га высаджвалі, - расказаў прэм`ер-міністр. - Больш за 70 тыс. чалавек прынялі ўдзел у акцыі: гэта работнікі лясгасаў, валанцёры, члены рэспубліканскіх грамадскіх аб`яднанняў, актыўна падключыўся дзяржаўны сектар, міністэрствы, ведамствы, прынялі ўдзел усе вышэйшыя службовыя асобы. І вынікі таксама нядрэнныя: каля 5 тыс. га лясных насаджэнняў адноўлена. І высаджана больш за 34 млн саджанцаў. Лічба вялікая. Хоць я памятаю, у жніўні, калі міністр лясной гаспадаркі Прэзідэнту дакладваў, гаварыў, што больш за 27 млн саджанцаў наўрад ці высадзім - такой колькасці не будзе. Але ўжо выйшлі за 34 млн. Лесаводы саджанцамі забяспечылі нас пад поўную патрэбнасць".

Лес для беларусаў мае асаблівую каштоўнасць, лічыць прэм`ер-міністр. "Лес для беларусаў - гэта асаблівая экасістэма. Прымаўку ж памятаеце: лесу шмат - беражы, лесу мала - не сячы, лесу няма - пасадзі? Чаму лес для беларусаў - асаблівае месца? Таму што ён непарыўна звязаны з усёй гісторыяй існавання нашага народа. Гэта і ўкрыццё ад ліхіх людзей, войнаў, канфліктаў; гэта крыніца дрэва для будаўніцтва дамоў, гаспадарчых пабудоў. Лес заўсёды пракорміць у неўраджай, галодныя гады. Я думаю, менавіта з-за гэтага з такім асаблівым хваляваннем мы ставімся да лесу, - падзяліўся Раман Галоўчанка. - Я хачу падзякаваць усім беларусам, якія адгукнуліся на ініцыятыву Прэзідэнта краіны. І мы дастойна завяршаем гэты месячнік. Я думаю, што праз дзесяцігоддзі на тых пляцоўках, што мы працавалі, зазелянее сапраўдны і прыгожы лес. Віншую ўсіх з такой эфектыўнай работай".

Сёння дэлегацыя Савета Міністраў на чале з Раманам Галоўчанкам прыняла ўдзел у рэспубліканскай акцыі "Дай лесу новае жыццё!" на тэрыторыі Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Гэты раён - самы пацярпелы ў рэгіёне ад летняй стыхіі. Работы па высадцы праходзілі на ўчастку 2,2 га: тут высадзілі 12,2 тыс. сеянцаў бярозы і сасны.

9 лістапада 2024, Быхаўскі раён
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/8/75771
Текущая дата: 22.11.2024