Белорусский портал в Казахстане

Мінчук выкрадаў з магазінаў дарагія духі, элітны алкаголь і збываў на Камароўцы



На разгляд у суд накіравана крымінальная справа ў дачыненні да 37-гадовага гараджаніна, якога абвінавачваюць у здзяйсненні крадзяжоў, паведамляе пракуратура Цэнтральнага раёна.

У сакавіку 2024 года фігурант зайшоў у прадмаг на вул. Асаналіева і, пакуль ніхто не бачыў, у два этапы выкраў са стэлажа чатыры бутэлькі віскі з супрацькрадзяжнымі біркамі, склаўшы іх у свой заплечнік. Нанесены гандлёвай кропцы ўрон склаў больш за 720 руб. Пасля зламыснік прадаў выкрадзены алкаголь на Камароўскім рынку за 250 руб, а грошы патраціў на аплату крэдыту.

Праз тры тыдні мужчына накіраваўся ў гандлёвы цэнтр на пр. Пераможцаў. Там у парфумернай краме ён скраў з вітрыны два флаконы дарагіх духоў на агульную суму больш за 840 рублёў. Праз тры дні фігурант зноў зазірнуў туды і выкраў яшчэ адзін флакон коштам амаль 480 рублёў. Усе тры ён пасля прадаў на Камароўскім рынку ўдвая танней.

Асобу нячыстага на руку мінчука ўстанавілі дзякуючы запісам камер відэаназірання. Мужчыну затрымалі, у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу.

— Абвінавачаны нідзе афіцыйна не працаўладкаваны, раней ужо меў праблемы з законам, знаходзіцца на ўліку ў ўрача-нарколага. У яго ёсць малалетняя дачка, у дачыненні да якой ён пазбаўлены бацькоўскіх правоў, — пракаментаваў намеснік пракурора Цэнтральнага раёна Андрэй Нікольскі. — Яму прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 і ч. 2 арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь («Крадзеж»). Віну грамадзянін прызнаў цалкам, у зробленым раскаяўся. Згодна з заключэннем эксперта, ён мае патрэбу ў прымусовым лячэнні ад наркаманіі.

У дачыненні да абвінавачанага абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Звязда, 11 траўня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/96/74056
Текущая дата: 26.11.2024