Белорусский портал в Казахстане

Мы — беларусы, славяне, індаеўрапейцы



Кожны homo sapіens атрымлівае ад бацькоў у спадчыну каля 30 тысяч функцыянальных генаў і ўдвая больш — нефункцыянальных. Апошнія не ўплываюць на нашу здольнасць да прыстасавання, аднак хуткасць саміх мутацыйных працэсаў у іх даволі стабільная. Што дае магчымасць, падлічыўшы колькасць такіх змяненняў, прасачыць у адваротным парадку "ланцужок сваяцтва", пабудаваць генетычнае генеалагічнае дрэва асобных народаў і чалавецтва ў цэлым.

Афрыканскія карані

— Першыя людзі з`явіліся на Зямлі прыблізна 160 млн гадоў таму. У Афрыцы. Гэта было невялікае племя (2-3 тысячы чалавек), — патлумачыў член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар Алег ДАВЫДЗЕНКА. — Чаму мы пра гэта ведаем? Бо ў Афрыцы былі выяўлены самыя старажытныя тыпы мітахандрыяльнай ДНК (яна перадаецца ў спадчыну па жаночай лініі). А значыць, можна меркаваць, што прамаці ва ўсіх нас адна. Y-храмасома, якую наследуюць мужчыны, таксама бярэ пачатак у Афрыцы. Такім чынам, старажытныя Адам і Ева былі афрыканцамі.

Гэта не значыць, падкрэсліў навуковец, што іншых людзей тады на планеце не існавала. Хутчэй за ўсё, яны былі, але ў генах сучаснага чалавека не пакінулі сваіх слядоў (магчыма, усе яны загінулі па прычыне нейкага катаклізму). Даследаванні ДНК неандэртальцаў сведчаць, што мы з імі больш далёкія сваякі, чым з шымпанзэ, хоць гэтыя старажытныя людзі мелі развітую крэмневую тэхналогію. Магчыма, наш від пераняў тэхналогіі ў неандэртальцаў, а саміх іх выціснуў, як менш прыстасаваны да выжывання.

Такім чынам, продкамі ўсіх сённяшніх людзей з`яўляецца адно афрыканскае племя. І нас ад іх аддзяляе ўсяго 6 тысяч пакаленняў. Прыкладна 60 тысяч гадоў таму людзі выйшлі з Афрыкі, утварыліся мангалоідная і еўрапеоідная расы. Людзі даволі хутка засялілі ўсе кантыненты, у тым ліку і Аўстралію. Сушы тады было значна больш, бо ўзровень Сусветнага акіяна быў ніжэйшы. У тыя часы тэрыторыя цяперашняй Японіі злучалася сушай з Карэяй, Амерыка — з Еўразіяй і г.д.

У гісторыі Еўропы вялікую ролю адыграла абледзяненне. Адзін ледавік часова прыпыніў першую хвалю чалавечага рассялення. Пасля яго раставання клімат стаў больш цёплым. Людзі зноў пацягнуліся ў Еўропу. Але 20 тысяч гадоў таму Еўропу накрыў другі ледавік. Папуляцыі людзей, якія паспелі засяліць гэтую тэрыторыю, значна скараціліся (з сотняў тысяч да дзясяткаў чалавек). Выжылі тыя, хто перачакаў халады ў так званых "сховішчах" — на Пірэнеях, у Прычарнамор`і, магчыма, на Балканах.

— У нармальнай вялікай папуляцыі людзі захоўваюць частоты сваіх генаў, а, калі папуляцыя "сціскаецца" да мінімуму, разнастайнасць генафонду змяншаецца. Праяўляецца эфект заснавальніка, — патлумачыў генетык. — Спадчыннікі тых, хто застаўся ў жывых, пачалі атрымліваць розную генетыку, з агульнай масы індаеўрапейцаў у сховішчах сталі фарміравацца асобныя "галіны" — народы. Паралельна ішла моўная дыферэнцыяцыя.

Яшчэ ў ХІХ стагоддзі вучоныя звярнулі ўвагу на вялікую колькасць агульных ці падобных слоў у санскрыце і ў англійскай мове. Так сфарміравалася канцэпцыя моўных сем`яў. Сёння асобна вылучаюць індаеўрапейскую сям`ю моў, куды адносяцца раманскія, кельцкія мовы (валійцаў, іспанцаў, ірландцаў, французаў), германскія, славянскія, балтыйскія, санскрыт, фарсі, армянскія, грузінскія і інш. На гэтых мовах сёння размаўляюць і ў Еўропе, і ў Азіі. Грунтуючыся на гэтым, можна пабудаваць своеасаблівае "генеалагічнае дрэва моў", кшталту таго, што складаюць генетыкі, і прасачыць, як адзіная індаеўрапейская мова раскалолася на "галінкі". Найноўшыя матэматычныя мадэлі дазваляюць выяўляць і час гэтага расколу.Яны ўлічваюць хуткасць пераўтварэнняў слоў у мовах.

— Безумоўна, гэта не такая правільная пастаянная хуткасць, як у генных мутацый. І тым не менш дзякуючы ім можна сказаць, што ўзнікла раней, а што — пазней. Напрыклад, мы цяпер ведаем, што грэчаскія мовы адгалінаваліся ад індаеўрапейскай 8 тысяч гадоў таму, германскія — 6 тысяч, славянскія ад балтыйскіх адасобіліся 4 тысячы гадоў таму, а самі славянскія мовы сталі розніцца паміж сабой менш як тысячу гадоў таму. Хоць, падкрэсліў прафесар Давыдзенка, у адрозненне ад сваёй генетыкі, мову людзі могуць і памяняць (як здарылася з некаторымі кельтамі, якія пад уплывам Рымскай імперыі пачалі гаварыць на раманскіх мовах).

Угра-фіны — не індаеўрапейцы, яны гавораць не на індаеўрапейскай мове. І па генетыцы яны не "ўпісваюцца" ў нас. Гэта іншая моўная сям`я, да якой адносяцца фіны, эстонцы, венгры і некаторыя народы Расіі (марыйцы, мардва, комі-пермякі і г.д.).

Вучоныя з розных бакоў вывучаюць паходжанне народаў і прыходзяць да адной і той жа высновы: рассяленне праходзіла з аднаго месца, ад аднаго "кораня". І мовы, і генетыка "разгаліноўваюцца" па сходных схемах.

Калі ледавік пачаў сыходзіць, а тундравая зона — адступаць на поўнач, людзі працягнулі засяленне Еўропы. Тыя індаеўрапейцы, якія выратаваліся ад халадоў за Каспіем, неслі ў сваіх генах храмасому R1a. Нашчадкі тых, што перачакаў ледавік у Пірэнейскім сховішчы (іберыйцы), — храмасому R1b. Угра-фіны — N3.

На Алтаі знайшлі астанкі старажытных пасяленцаў, якія жылі там 4-5 тысяч гадоў таму. Вынікі аналізу іх ДНК сведчаць, што гэтыя людзі былі светлавалосымі і блакітнавокімі (хоць цяпер гэтую тэрыторыю насяляюць больш смуглыя народы) і мелі агульную для ўсіх індаеўрапейцаў храмасому R1a. Значна пазней у іх нашчадкаў доля R1a зменшылася, затое павялічылася доля мангалоіднай Y-храмасомы, як вынік асіміляцыі. Светлавокія і светлавалосыя людзі некалі засялялі тэрыторыю паўднёвай часткі Сібіры, поўначы Індыі, Пакістана, Афганістана, сярэднеазіяцкіх рэспублік былога Саюза. Але і ў цяперашніх жыхароў гэтых тэрыторый ёсць пэўны працэнт агульнаіндаеўрапейскай храмасомы R1a.

Дарэчы, ледавік падзяліў не толькі людзей, але і жывёл. Яны развіваліся ізалявана і "назапасілі" сваю адметную генетыку. Мядзведзі, якія да абледзянення былі адным відам, але перачакалі халады ў розных сховішчах (адны на тэрыторыі цяперашняй Іспаніі, а іншыя — на Каўказе), сустрэліся на Скандынаўскім паўвостраве пасля ледавіка ўжо як розныя падвіды.

Мы — "тутэйшыя"


На нашу тэрыторыю людзі прыйшлі 8 тысяч гадоў таму. Знойдзены і больш раннія, даледавіковыя стаянкі, але там не захавалася чалавечых астанкаў, толькі прадметы побыту.

Апошнія, хто прыйшоў да нас, былі земляробы. Хутчэй за ўсё, яны прыйшлі з тэрыторыі цяперашняй Турцыі, бо там у той час якраз актыўна развівалася земляробства.

— "Земляробчая" храмасома І1b і сёння шырока распаўсюджаная на Бліжнім Усходзе, — дадаў Алег Георгіевіч. — Ёсць яна і ў пэўнай часткі карэнных беларусаў. Земляробства ў нас пачало развівацца практычна ў той жа час, як і на Бліжнім Усходзе. У геалагічных слаях, датаваных 5 тысячагоддзем да новай эры, на паўднёвым захадзе Беларусі знойдзены пылок пшаніцы і жыта. Гэта не мясцовыя расліны, яны былі прынесены людзьмі. А на паўночным усходзе Беларусі земляробства атрымала развіццё толькі 4 тысячы гадоў таму.

Земляробы з Бліжняга Усходу былі апошнімі перасяленцамі, якія склалі ўвесь пул Y-храмасом карэнных беларусаў. Мяркуючы па назапашанай генетычнай зменлівасці, гэта адбылося каля 7 тысяч гадоў таму.

Дзякуючы земляробству, якое пачынае развівацца на паўднёва-заходняй частцы сённяшняй Беларусі, рэзка павялічваецца колькасць людзей на гэтай тэрыторыі. Шчыльнасць насельніцтва расце. Людзі адсюль больш не сыходзяць, а значыць, захоўваюць сваю генетыку. Таму тлумачэнне ўтварэння беларусаў як этнаса нашэсцем славян на балтаў, якое адбылося 1,5 тысячы гадоў таму, не мае пад сабой падстаў, заяўляе генетык. Мы — прамыя нашчадкі тых, хто жыў тут 7-8 тысяч гадоў таму. Народная тэорыя пра тое, што мы "тутэйшыя", аказалася самай правільнай.

— Пасля славян балты — самыя блізкія нам і па мове, і па генетыцы. А да славян і балтаў бліжэйшая генетычная і моўная радня — германцы. Фіны таксама жывуць побач, мы рэгулярна з імі кантактуем, але генетыка ў нас розная і мовы адносяцца да розных сем`яў. Германцы нам значна бліжэй. Генныя патокі паміж суседнімі народамі, бясспрэчна, уплываюць на генафонд нацыі, але робяць гэта вельмі марудна. Патрэбны тысячагоддзі. Асноўны наш пул застаецца тым жа, што і быў некалькі тысяч гадоў таму.

Можна сказаць, што тыя частоты, якія мы сёння назіраем па мітахандрыяльнай ДНК у карэнных беларусаў, з невялікімі адхіленнямі захоўваюцца ў нас спакон вякоў. Увогуле, калі папуляцыя вялікая, якія б заваёўнікі ні прыходзілі, з ёй нічога не зробіш, частоты генаў будуць захоўвацца, перадавацца з пакалення ў пакаленне (народ працягне аднаўляць сам сябе). Можа змяняцца эліта. У яе іншая генетыка, але яна не мае ніякага дачынення да генетыкі народа.

Зазірнуць у гісторыю

Аднаўленне насельніцтва ў земляробчай культуры да індустрыялізацыі адбываецца на вёсцы. Ды і сёння 50 працэнтаў народу нараджаецца на вёсцы. Менавіта таму генетыкі ўзялі вясковае насельніцтва за аснову даследаванняў генафонду карэнных беларусаў і стварэння нацыянальнага ДНК-банка.

— Гэта першы крок, сёння мы маем уяўленне аб генах карэнных беларусаў. Для гэтага важна было правільна ўзяць выбарку, раўнамерна размеркаваць яе па ўсёй тэрыторыі. Мы падзялілі ўсю Беларусь на 6 рэгіёнаў, зыходзячы са звестак, сабраных этнографамі. Свядома не ўключылі туды мясцовасці, дзе кампактна пражываюць іншыя народнасці (татары, яўрэі, літоўцы), а таксама так званыя "палескія ізаляты" (некалькі адасобленых вёсак, дзе свой адметны побыт, дыялект, культура, — там дзе жыхары нават фізіялагічна не падобныя на іншых палешукоў). Мы мяркуем, што гэта нашчадкі першых земляробаў, якія прыйшлі сюды 7 тысяч гадоў таму, толькі мы іх пакуль што не даследавалі.

Мы строга адбіралі пробы. У кожным з шасці раёнаў узялі тры "кропкі" ў сельскай мясцовасці, адабралі па 50 ўзораў. Бралі пробы толькі ў тых маладых людзей, у каго бабуля па матчынай і дзядуля па бацькоўскай лініі былі родам з гэтай мясцовасці. Так мы прадставілі карэнных беларусаў. Паколькі мітахандрыяльная ДНК (па жаночай лініі) і Y-храмасома (па мужчынскай) захоўваюцца ў шэрагу пакаленняў, то мы здолелі зазірнуць у генетыку нашых бабуль і дзядуляў, якія жылі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя.

Згодна з апошнім перапісам насельніцтва, 80 працэнтаў нашых жыхароў лічаць сябе беларусамі. Значыць, правільным было даследаваць у першую чаргу менавіта іх. Наступны этап — даследаванне прадстаўнікоў іншых народнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі краіны, беларускіх літоўцаў, яўрэяў, татар, тых ж палескіх "ізалятаў". Тады мы зможам патлумачыць, адкуль у геном карэнных беларусаў патрапілі некалькі працэнтаў нетыповых для індааеўрапейцаў храмасом. Яны ёсць ва ўсіх еўрапейцаў — у розным працэнтным утрыманні. Адкуль яны прыйшлі да нас? Магчыма, ад тых яўрэяў, якім з часоў Вітаўта было дазволена тут сяліцца. Магчыма, ад татар.

Калі ўсе народы выйшлі з Афрыкі, то, значыць, усе мы — аднолькава старажытныя, проста наша далейшая гісторыя складвалася па-рознаму. Сёння з усёй адказнасцю можна сцвярджаць, што беларусы — самастойны этнас, мы — славяне, індаеўрапейцы.

Наяўнасць свайго ДНК-банка пацвярджае высокі ўзровень айчынных генных тэхналогій і выключае магчымасць навуковых спекуляцый наконт паходжання беларусаў.
Індывідуальная медыцына

Даследаванні ДНК беларусаў, акрамя акадэмічнага інтарэсу, маюць і чыста практычнае прымяненне. У крыміналістыцы, у медыцыне. Так, з дапамогай генетычных метадаў можна будзе танней і з большай дакладнасцю ідэнтыфікаваць асобу.

— Калі раней людзі лічылі важным, пад якой зоркай нарадзіцца, то цяпер важна разумець, з якімі генамі. Напрыклад, генамі схільнасці да пэўных хвароб, — працягвае Алег Давыдзенка. — Ёсць ферменты, якія знішчаюць таксіны ў арганізме, ксенабіётыкі. Да іх адносяцца і бытавая хімія. Уявіце рабочых на небяспечнай вытворчасці. У аднаго дзякуючы генам шкодныя рэчывы, патрапіўшы ў арганізм, адразу расшчапляюцца і выводзяцца, а ў кагосьці — не. І такі чалавек хутчэй стане інвалідам. Можа, трэба праводзіць прафарыентацыю і прафадбор? Мы над гэтым цяпер працуем разам з інстытутам гігіены.

Мы цяпер можам сказаць, што гены спадчыннай глухаты ў нас часцей сустракаюцца на Заходнім Палессі. Калі такое немаўля выявіць своечасова, то яму імплантуюць маленькі чып і дзіця не будзе інвалідам. Увогуле, у Беларусі ген спадчыннай глухаты сустракаецца часцей, чым у іншых краінах Еўропы. Як і схільнасці да гемахраматозу.

Сёння мы вывучаем 35 генаў (тых, што адказваюць за схільнасць да гіпертэнзіі, за спадчынную глухату, за ранняе атлусценне, за схільнасць да алкагольнай залежнасці і некаторых псіхічных хвароб, гены кантролю дэтаксікацыі ксенабіётыкаў, парушэння абмену жалеза, астэапарозу, гены схільнасці да аўтаімунных хвароб і інш). Гэты спіс пастаянна папаўняецца. Усё гэта дапаможа развіваць індывідуальную медыцыну. Скажам, усім цяжарным жанчынам сёння прызначаюць прэпараты жалеза, але людзям з геннымі мутацыямі па гемахраматозе яны шкодныя. Такім жанчынам трэба прызначаць іншыя прэпараты. Наш метад выяўлення гена схільнасці цяпер укаранёны ў Мінску ў цэнтры "Маці і дзіця".

Як бачыце, прастора для далейшых даследаванняў — вельмі шырокая.

Інга Міндалёва
Звязда


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/1052
Текущая дата: 19.05.2024