Белорусский портал в Казахстане

Беларусь: на шляху да новай эканомікі



Ігар Шчучэнка (Звязда) 5 студзеня 2011

Дзяржава накіравана на ўзаемавыгаднае партнёрства з бізнэсам

Высокатэхналагічная дзяржава з высокім узроўнем даходу насельніцтва — такі стратэгічны план, па якім пойдзе далей Беларусь. Гэта будучыня краіны ўсур`ёз абмяркоўвалася падчас працы чацвёртага Усебеларускага сходу. На сходзе было аб`яўлена, у прыватнасці, пра тое, што ў рэспубліцы будзе працягнуты курс на лібералізацыю гаспадарчай дзейнасці, ліквідацыю залішніх неабгрунтаваных адміністрацыйных бар`ераў для развіцця дзелавой актыўнасці. А напрыканцы года кіраўнік краіны падпісаў Дырэктыву №4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь", якая, паводле слоў шэрагу экспертаў, надасць новы імпульс развіццю айчыннай эканомікі.

— Гэта Дырэктыва — дакумент, якога доўга чакалі і які доўга рыхтаваўся, — зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам нашай газеты вядомы эксперт, загадчык кафедры Інстытута бізнэсу і менеджменту тэхналогій БДУ Георгій Грыц. — Яго рыхтавалі на працягу апошніх паўгода і органы дзяржкіравання, і бізнэс-асацыяцыі. На мэце Дырэктывы — актывізаваць дзелавую ініцыятыву, у асноўным, прыватнага сектару. На жаль, пра што казаў і кіраўнік краіны на чацвёртым Усебеларускім сходзе, патэнцыял постсавецкай эканомікі і адміністрацыйнага рэсурсу ўжо не дазваляе захаваць тую дынаміку, якая была і якая патрабуецца сёння для стварэння высокатэхналагічнай інавацыйнай дзяржавы з дастаткова высокім еўрапейскім узроўнем зарплаты. Мы часта ў якасці прыкладу ўзгадваем пра краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.

Але трэба разумець, што свой бізнэс, інавацыйную эканоміку яны будавалі на нізкіх зарплатах, якія не перавышалі 50 долараў. А мы ставім задачу — 1 тысяча долараў ужо да 2015 года. На гэта адназначна неабходна стварэнне эфектыўнай мадэлі дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Гэта значыць, дзяржава павінна стварыць умовы для бізнэсу, а бізнэс павінен падтрымаць дзяржаву ў яе амбіцыйных планах. Вось, у прынцыпе, мэта Дырэктывы. Больш за тое, некаторыя палажэнні дакумента не з`яўляюцца навацыяй. Возьмем, напрыклад, тарыфную сетку аплаты працы. Ёсць шэраг нарматыўных актаў Мінпрацы, згодна з якім тарыфная сетка не з`яўляецца абавязковай для прадпрыемстваў недзяржаўнага сектару эканомікі — яна носіць рэкамендацыйны характар. Тое ж самае можна сказаць пра лібералізацыю, пра прыцягненне стратэгічных інвестыцый. Усё гэта ёсць. Таму Дырэктыву трэба разглядаць як глабальную дэкларацыю дзяржавы на стварэнне ўзаемавыгадных умоў з бізнэсам. Дзяржава заклікае бізнэс да партнёрства.

— Дырэктыва, па-першае, — гэта палітычны дакумент, — кажа эксперт нашай газеты, дэкан эканамічнага факультэта БДУ, прафесар Міхаіл Кавалёў. — Яго неабходна будзе ў бліжэйшы час пакласці на мову нарматываў, патрабаванняў і г.д. Але галоўнае, што палітычна ён істотна карэктуе эканамічны курс нашай краіны і паказвае, што ў гэтай пяцігодцы ў рэспубліцы будзе надавацца самая сур`ёзная ўвага прыватнаму бізнэсу, каб паралельна з дзяржаўным сектарам узнік дзесьці за дзве пяцігодкі такі ж па памерах прыватны сектар. І гэта, зразумела, вельмі добры напрамак.

Па-другое, важна, што ўжо нават у рамачнай Дырэктыве ёсць і некаторыя зусім канкрэтныя рэкамендацыі, накшталт далейшага спрашчэння падаткаабкладання для малога бізнэсу, мікрапрадпрыемстваў, патрабаванні пераходу на міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці, патрабаванні істотнага спрашчэння аплаты працы і фактычнай адмовы ад адзінай тарыфнай сеткі, асабліва ў прыватным бізнэсе.

Па-трэцяе, мне, як прадстаўніку сістэмы адукацыі, прыемна, што былі дадзены дакладныя рэкамендацыі па стварэнні нацыянальнай сістэмы дзелавой адукацыі. Складанай часткай гэтага павінен быць абавязковы ўвод у школе курса эканомікі і прадпрымальніцтва, таму што ў большасці развітых краін свету прадпрымальніцтву вучаць са школьнай парты, вучаць фінансавай і эканамічнай граматнасці літаральна з 5-6 класаў. І даўно наспела неабходнасць вылучыць асобна такі курс і навучаць школьнікаў. У ВНУ мы эканоміцы быццам бы вучым усіх — і фізікаў, і лірыкаў. Але вучым сёння, у асноўным, нейкім тэарэтычным абстракцыям. А ўяўляецца, калі правільна разумець дух Дырэктывы, вучыць мы павінны так, каб кожны выпускнік ВНУ мог адкрыць уласную справу, стварыць інавацыйную фірму і кваліфікавана ёй кіраваць. Гэта запатрабуе змен у выкладанні эканомікі для неэканамістаў.

Па-чацвёртае, былі дадзены вельмі істотныя рэкамендацыі па кантрольна-рэвізійнай дзейнасці, па больш памяркоўных адносінах да нязначных парушэнняў. Зразумела, што падатковае заканадаўства ў любой краіне свету дастаткова складанае, заблытанае. Мы яго будзем спрашчаць, Дырэктыва патрабуе гэтага. За ненаўмысныя парушэнні бухгалтарскага ўліку, парадку платы падаткаў павінны быць не карныя меры, якімі яны былі раней. І пра гэта дакладна сказана ў дакуменце.

Нарэшце, у дакуменце былі вылучаны сапраўды істотныя напрамкі ў змяненні механізмаў цэнаўтварэння і канкурэнцыі. Зразумела, што з ростам цэн можна змагацца рыначнымі метадамі толькі тады, калі ў краіне будзе арганізавана канкурэнцыя ўсюды, пачынаючы з маленькіх рынкаў і заканчваючы вялікімі супермаркетамі. Гэта для нас няпростая і новая справа. І ў Дырэктыве дакладна ўказана, што ёй неабходна надаваць вялікую ўвагу. Таму, мяркую, Дырэктыва паслужыць вельмі добрым сігналам для замежных інвестараў. Яна паказвае нашы напрамкі на наступную пяцігодку, што мы сапраўды ўсур`ёз маем намер стаць новым еўрапейскім Сінгапурам. Таксама яна будзе стымуляваць нацыянальны капітал займацца ўласнай справай. Да таго ж мы ведаем, што ў нашай краіне ўказы ці дырэктывы кіраўніка дзяржавы выконваюцца...

Пад Дырэктыву неабходна мяняць і структуру кіравання эканомікай краіны. Некаторыя міністэрствы, якія аджылі, канцэрны павінны быць ліквідаваны, а замест іх з`явяцца дзяржаўныя холдынгі. Дакумент у значнай ступені паказвае, што дзяржава павінна рэгуляваць рынкі, а рынкі будуць рэгуляваць прадпрыемствы. Ён паказвае, што нельга стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень — аднолькава падыходзіць да прадпрыемстваў, якія належаць дзяржаве (там дзяржава, сапраўды, як уласнік, можа і патрабаваць дадатковай справаздачнасці, дадаткова ўмешвацца ў якойсьці ступені ў гаспадарчыя рашэнні), і прыватных прадпрыемстваў. Апошнія на тое і ёсць прыватныя, каб дзяржава напрамую не ўмешвалася ў іх дзейнасць, а толькі ўскосна, рэгулюючы рынкі і канкурэнцыю.

— На Усебеларускім сходзе Прэзідэнт адзначаў, што нельга задавальняцца тым патэнцыялам, які быў: ён ужо вычарпаны — неабходна будаваць новую эканоміку, ствараць новыя тэхналогіі...

— У мяне няма сумненняў, што новы эканамічны штаб пад кіраўніцтвам вучонага-эканаміста (дарэчы, у нашай краіне ўпершыню прэм`ер-міністрам стаў член-карэспандэнт НАН, ён, я ўпэўнены, у бліжэйшы час стане і акадэмікам) надасць сапраўды новы імпульс нашаму эканамічнаму развіццю. Мы вельмі нядрэнна выціснулі з той эканомікі, якая краіне дасталася пасля перабудовы, максімум магчымага за тры папярэднія пяцігодкі. Тры наступныя пяцігодкі мы ўжо павінны кіраваць эканомікай па-новаму. І не столькі выціскаць з існуючых прадпрыемстваў, колькі ствараць новыя прыватныя прадпрыемствы.

Ігар Шчучэнка
Звязда, 5 студзеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/1109
Текущая дата: 05.05.2024