Белорусский портал в Казахстане

"Я не паспела паглядзець у вочы немцу, які страляў у мяне"



Анатоль Кляшчук (Звязда) 2011

Вольга і Надзея ПетруковічВольга Петруковіч  і Надзея Петруковіч - адны з апошніх сведак Бабровіцкай трагедыі. У наступным годзе будзе роўна семдзесят гадоў, як была спалена іх вёска Бабровічы і забіта амаль семсот аднавяскоўцаў. 13 верасня 1942 года нямецкія карнікі прыйшлі ў аддаленую лясную вёску на беразе возера, каб пакараць яе жыхароў за сувязь з партызанамі. Спачатку выгналі з хат мужчын і маладых хлопцаў гадоў па 16-18 і пагналі перад сабою, як жывы шчыт, да партызанскай стаянкі. Партызаны паспелі адысці, і тады, у якасці помсты, аўтаматныя чэргі скасілі больш за сотню бяззбройных людзей. Выратаваліся адзінкі. Сёння на Калёснай гары каля Бабровіцкага возера пра гэта нагадвае помнік.

- Удзень немцы вярнуліся ў вёску, сталі зганяць людзей у хаты і хлявы - па некалькі сем`яў. Спачатку расстрэльвалі, потым падпальвалі, - прыгадвае васьмідзесяцігадовая Надзея Фёдараўна Петруковіч, якой было тады няпоўных адзінаццаць гадоў. - Загінулі мае дзед з бабай і мачаха з маімі меншымі братамі і сястрычкамі.

Надзея схавалася ў разоры пад густой фасоляй і бачыла ўвесь жах той вераснёўскай нядзелі. У жывых застаўся толькі яе бацька, якога пазней сустрэла ў лесе. Ён, пасля ўцёкаў, пайшоў у партызаны, але ў 1944-м загінуў.

Вольга была старэйшай. Ёй ішоў пятнаццаты год.

- Нас стралялі ў хляве. Шмат людзей было. Памятаю, як усе ўпалі перад немцамі на калені і прасілі не страляць, бо ні ў чым не вінаватыя, - прыгадвае Вольга Рыгораўна. - Але загрымелі аўтаматныя чэргі...

Яна хутка ачуняла і выскачыла з хлява, які палаў. А вакол напагатове стаялі немцы, і ёй у твар зноў грымнуў стрэл.

- Я нават не паспела зірнуць у вочы гэтаму фрыцу, - кажа цудам ацалелая бабравічанка, - куля прашыла шыю, і я згубіла прытомнасць.

Толькі праз суткі дзяўчынка ачуняла. Жывым аказаўся і яе самы малодшы - сямігадовы брат, якога ў хляве засланіў забіты бацька. А дзве сястры і яшчэ два браты загінулі. З братам Іванам яна падалася ў лес на балота, дзе яны пражылі да самага вызвалення Беларусі. Цікава, што ніхто ёй тады не аказаў нават першай дапамогі. І як удалося выкараскацца, яна і сама не ведае.

У двары Вольгі Петруковіч растуць дзве бярозы - сапраўдны жывы помнік вайны. Яны з`явіліся на месцы спаленай хаты літаральна праз два гады. Новы дом узводзілі пасля вайны, побач з пажарышчам, і дрэўцы не заміналі. За некалькі гадоў з зямлянак у новыя хаты перасяліліся і астатнія ацалелыя жыхары Бабровічаў. Але ні ў кога з іх нічога падобнага ў двары не з`явілася. Толькі ў Вольгі, якая сапраўды неверагодным чынам засталася жывою.

Яна паказала на шыі зарубцаваны шрам ад кулі, апранулася, і мы выйшлі да бяроз зрабіць фотаздымак на памяць.

Анатоль Кляшчук, Івацэвіцкі раён.
Звязда




Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/1155
Текущая дата: 19.04.2024