Белорусский портал в Казахстане

Свечка-грамніца



Звычайна свечкі-"грамніцы" людзі рыхтавалі загадзя. Тыя, хто трымаў пчол, выплаўлялі самыя вялікія свечкі, у каго іх не было — куплялі жоўты воск у краме або знаёмых пчаляроў. Беларускі этнограф М.Я. Нікіфароўскі адзначаў, што грамнічныя свечкі былі "такога памеру, які дазваляў бы схаваць яе на грудзях пад верхняй вопраткай або ў рукаве і такім чынам утоіць ад чужых". Ён жа адзначаў, што свечка пры даўжыні, меншай чым пяць вяршкоў (22 см) і таўшчыні, меншай за мезены палец, не лічылася "грамніцай" і не магла надзейна засцерагчы яе ўладальнікаў.

*  Найбольш тыповыя памеры былі наступныя: даўжыня павінна быць прыкладна 10 вяршкоў (44 см), а таўшчыня — тры чвэрці вяршка (каля 3,5 см). Гэтыя памеры былі абумоўлены практыкай гаспадарчай дзейнасці і той колькасцю абрадавых сітуацый, у якіх грамнічная свечка выступала ключавым атрыбутам.

*  Свечкі захоўваліся ў розных месцах: у сенцах, у клеці, у свірне, як простыя прадметы штодзённага ўжытку. У гэтым выпадку дазвалялася ўжываць падрыхтаваную свечку пры гасцявых, напрыклад, патрэбах, пры вячэрніх работах, але такая свечка ўжо не ўжывалася потым на грамнічныя патрэбы, а спальвалася пры будзённым ужыванні або, пераплаўленая, паступала на падрыхтаванне новай свечкі, дарылася беднаму, адносілася ў царкву, у капліцу.

*  Сёння хіба толькі пчаляры здольны зрабіць сапраўдную свечку-грамніцу адпаведных памераў. Часцей за ўсё свечкі купляюць у храмах. Аднак у сувязі з тым, што яны значна меншых памераў, то свечак раяць браць адразу тры і перавязваць "васьмёркай" пасмачкай вычасанага лёну.

*  Пасля асвячэння (заканчэння спецыяльнага абрадавага дзеяння) у храме і правядзення адпаведнага рытуалу ў сваёй хаце той ці іншы святочны атрыбут ператвараўся ў сакральную рэч, якая, з аднаго боку, магла па-рознаму спрыяць чалавеку, сям`і, гаспадарцы, а з другога — станавілася аб`ектам празмерных дамаганняў людзей, звязаных з чорнай магіяй. Напрыклад, перавяслы, якімі звязалі рукі і ногі нябожчыку, спрыялі лячэнню захворванняў суставаў рук і ног. Аднак іх магічнае выкарыстанне ў начны час магло прывесці да розных бед у сям`і памерлага. Якраз таму знаўцы тайных ведаў раілі: сямейны абярэг трэба сцерагчы, каб ён не патрапіў у чужыя рукі.

*  Да ліку сакральных атрыбутаў адносілася і грамнічная свечка. На працягу года яе захоўвалі ў чырвоным куце за абразамі або ў куфэрку, у якім з правага боку была спецыяльная палічка або збітая з дзвюх дошак скрынка, дзе захоўваліся нажніцы, катушкі нітак, напарстак, паперы (дакументы), бабуліны пацеркі і іншыя сямейныя рэліквіі. Існавала павер`е: каб злыя духі не ўкралі гаючую і засцерагальную моц "грамніцы", яе трэба было трымаць далей ад чужых вачэй, каб ніхто не ведаў, дзе яна схавана, і нават не здагадваўся, што яна ёсць у хаце.

Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/1179
Текущая дата: 03.05.2024