Белорусский портал в Казахстане

Падушка



Аксана Катовіч, Янка Крук (Звязда) 23 сакавіка 2011

Невядома, ці ведалі нашыя продкі пра егіпецкія піраміды, але практычна ў кожнай хаце была свая "егіпецкая піраміда", а часам і не адна — піраміда з падушак. Кожную раніцу гаспадыня засцілала ложак і складвала падушкі па памеры: ад самай вялікай да самай малой. Колькасць падушак магла быць рознай: ад трох да дванаццаці і больш. Прычым самая маленькая падушка іншы раз дасягала якраз памера вуха (пад-вушка).

* У дачыненні да падушкі — звычайнай хатняй рэчы — у славян былі распрацаваны так званыя залатыя правілы. Але самым галоўным было наступнае: на падушцы катэгарычна забаранялася сядзець (!), інакш "адсядзіш" свой розум (згубіш шчасце, паразуменне з іншымі людзьмі, страціш сваю долю і інш). Але як толькі падушка трапляла ў поле дзеяння сямейных абрадаў, да яе ставіліся, прытрымліваючыся іншых патрабаванняў.

* З-пад галавы паміраючага чалавека выцягвалі звычайную падушку і падкладалі спецыяльна падрыхтаваную, у якую напіхвалі салому (часцей гарохавую). Лічылася, што курынае пер`е "не дае памерці". Маглі пакласці ў яе лісце ці дубчыкі з веніка, а таксама валасы і пазногці, якія збіраліся на працягу ўсяго жыцця паміраючага чалавека.

* Таксама спецыяльную падушку клалі ў труну. Часцей за ўсё яе напаўнялі драўлянай стружкай.

* Пасля таго, як падзялілі каравай, нявесту маглі пасадзіць на пуховую падушку. Потым на гэтую ж падушку садзіліся тыя дзяўчаты, якія па розных прычынах доўгі час не маглі выйсці замуж.

* Пры дапамозе падушкі варажылі. Каб убачыць у сне свайго суджанага, дзяўчаты клалі пад падушку розныя рэчы (напрыклад, грэбень).

* Калі чалавек не мог доўга заснуць, раілі перавярнуць падушку. Калі губляў сон, то перад тым, як легчы спаць, чытаў замовы, напрыклад такія: "Ранішняя зара Марыянна, вячэрняя зара Марыя, паўдзённая, паўночная і начная Наталля, здыміце з мяне, рабы Божай (імя), бяссонніцу, аднясіце яе на кусты, на сухія лясы. Амін".

Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/1209
Текущая дата: 07.05.2024