Белорусский портал в Казахстане

Вілы



Аксана Катовіч, Янка Крук (Звязда) 2011

Вілы — прылада сялянскай працы, прызначаная для таго, каб збіраць і пераносіць сена, салому, гной і інш. У народнай культуры разам з іншымі вострымі жалезнымі рэчамі яны ўваходзілі ў лік надзейных абярэгаў.

* Часам вілы выкарыстоўвалі для абароны ад навальніцы, граду, маланкі. Для гэтага іх выносілі на двор і клалі крыж-накрыж перад парогам хаты.

* Каб спыніць ураганны вецер, які мог нарабіць шмат шкоды для гаспадаркі: паламаць дрэвы, сарваць стрэхі з хат і інш., выконвалі магічныя дзеянні — у той бок, адкуль чакалі навалы, кідалі вострыя рэчы (нож, сякеру), у тым ліку і вілы.

* У народнай медыцыне знахары для лячэння цяжкіх захворванняў выкарыстоўвалі такі спосаб: над галавой хворага (чалавека ці жывёлы) разломвалі драўляныя вілы, сімвалічна аддзяляючы хворую частку ад здаровай.

* У традыцыі ўсходніх славян вядомая забарона выкарыстоўваць у падчас калядных святочных вечароў, памінальных дзён вілкі і нажы, каб не нарабіць шкоды памерлым продкам, якія нябачна знаходзяцца за святочным сталом. З той жа нагоды ў святочныя дні забаранялася браць у рукі вілы, каб на працягу года не было мору сярод жывёлы.

* На Палессі лічылі, што ў каровы не будзе прыплоду, калі даваць ёй сена ці салому віламі.

* Вілы выкарыстоўвалі і ў абрадавай магіі. У выпадку агоніі грэшнікаў, знахараў і ведзьмакоў вілы забівалі ў столь — тым самым рабілі ў даху сімвалічны выхад, каб душа пакутніка магла лёгка адляцець.

Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/1314
Текущая дата: 06.05.2024