Белорусский портал в Казахстане

Як я вучыла валенню 80-гадовую паляшучку



Хобі, якое яднае

— А што гэта яна робіць? — раптам узнялася бабуля са свайго месца і звярнулася з пытаннем да жанчыны, што сядзела насупраць мяне.

— Не ведаю, — адказала тая. Я крыху пачакала, бабуля пільна сачыла за кожным маім рухам.

— Валяю, — адказала я. Бабуля не адразу пачула-зразумела, і мне давялося гучна паўтарыць некалькі разоў: — Ва—ля—ю.

Валеннем я занялася адносна нядаўна. І яшчэ не надта ўпэўнена адчуваю сябе ў гэтым рукадзеллі. Але сёе-тое зваліць магу: пацеркі, завушніцы, немудрагелістую брошку або бранзалет. Пытанняў, якія падарункі дарыць сяброўкам, цяпер у мяне не ўзнікаюць: безумоўна, нешта самаробнае! Толькі вось часу на валенне не заўжды хапае, таму здараецца, што я дазваляю сабе валіць у грамадскіх месцах.

Бабулю я сустрэла ў цягніку Віцебск — Брэст. Ехала да Мінска, у маім распараджэнні было добрых пяць гадзін — не магла ж я дапусціць, каб змарнавалася столькі часу! За пяць гадзін можна зваліць шыкоўныя каралі! Шчыра прызнацца, я ўпершыню ехала цягніком брэсцкага кірунку. Але надта ўжо спадзявалася, што сустрэну каго-небудзь з беларускага Палесся. Ніколі не бачыла палешукоў... І тут гэтая бабуля! Смуглатварая, з вострым, як у высакароднай арыстакраткі, падбароддзем і доўгімі прыгожымі працавітымі рукамі ў пярсцёнках. Яна доўга сачыла за тым, як я выцягваю з празрыстых пакецікаў каляровую воўну, а потым ледзь бачнай іголачкай пераўтвараю гэты аморфны мяккі матэрыял у кругленькія роўненькія шарыкі. Нарэшце бабуля асмелілася падысці і неяк так наіўна, амаль па-дзіцячы, спытаць, што я раблю.

Я вельмі люблю размаўляць з незнаёмымі бабулямі. Звычайна яны распавядаюць нешта неверагодна цікавае: як Сталін выслаў бацьку ў Сібір на 10 гадоў, і бацька выжыў толькі дзякуючы таму, што быў краўцом — неабходная прафесія; якая птушка як называецца; як пяклі хлеб на рошчыне, і што такі хлеб значна больш карысны за дражджавы; а дражджавы хлеб прыдумаў Гітлер, каб сапсаваць здароўе рускім... Але самае цікавае нават не расповеды, а гаворка! Звычайна бабулі размаўляюць на трасянцы — дамінуе беларускае вымаўленне і беларускія словы з нязначнай колькасцю рускай лексікі. Але які ж гэта цікавы сінтэз беларускай і рускай моў! Бабуля Улляна з Палесся, якая ехала са мной, вядома, размаўляла не проста на трасянцы, а па-паляшуцку. "Доедымо, бутэ" — гаварыла бабуля, і прайшло недзе хвілін трыццаць, пакуль я прывыкла да гэтай гаворкі, і маё вуха стала свабодна яе ўспрымаць. Частым словам у бабулі Улляны было загадкавае "сянно": "Сянно ён робіць так, каб людзям было горш", — разважае бабуля. І толькі калі яна некалькі разоў паўтарыла гэтае слова ў розных сказах, да мяне дайшло, што гэта значыць "усё адно". Такія вось мікраадкрыцці больш за ўсё прывабліваюць мяне ў размовах з незнаёмымі бабулямі. Так і карцела дастаць з торбы дыктафон ды запісаць для гісторыі гаворку бабулі Улляны. Але пабаялася спалохаць яе, таму запамінала з усяе сілы, як магла. Сваю бабулю я ўжо даўно пішу на дыктафон. Мая бабуля не палохаецца невялічкага чорненькага апарата. Яна не дужа разбіраецца ў тэхніцы, думае, што гэта мабільны тэлефон.

Але вярнуся да валення. Вось дзіўна, што менавіта маё хобі звяло мяне з такім цікавым чалавекам! І ўжо было мне гонару, што 80-гадовай бабулі было чаму ў мяне павучыцца! Зрэшты, я вельмі здзівілася, што яна не ведала пра валенне наогул. І толькі калі я сказала, што валёнкі таксама валяць, толькі не іголачкай (па-сухому), а рукамі і цёплай мыльнай вадой (па-мокраму), бабуля Улляна зразумела, што гэта за рукадзелле такое. Мая бабуля распавядала, што ў нашай вёсцы Чаропкі жыў дзед Карп, ён адзін на ўсю вялікую ваколіцу валіў валёнкі. З розных далёкіх вёсак прыязджалі да дзеда Карпа за валёнкамі. І праўда, раней валеннем займаліся выключна мужчыны, бо гэта цяжкая фізічная праца. Але сёння валенне вельмі папулярны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і менавіта сярод дзяўчат. Маладыя субтыльныя дзяўчаткі ва ўсю валяць і валёнкі, і торбы, і рукавіцы, і шалікі. Між іншым, сумяшчаюць прыемнае з карысным: акрамя прыгожых аксесуараў, ствараюць сабе яшчэ і прыгожую фігуру.

Ганна Шапашнікава, куратар майстэрні "Ваўняная шафа" ў Мінску, распавядае вось што:

— Сярод беларускіх аматараў рукадзелля валенне пачало станавіцца папулярным гады чатыры таму. Але тады яшчэ не было матэрыялаў і майстр-класаў. Сёння гэта ўсё ёсць у свабодным доступе, і мы назіраем сапраўдны бум валення. Гэтаму ёсць некалькі тлумачэнняў. Па-першае, гэта новы від рукадзелля для беларусаў, новы матэрыял, да якога яшчэ не паспелі прывыкнуць і які, да таго ж, даволі танна каштуе. Па сутнасці, як вязальныя ніткі. Воўна вельмі прыемны матэрыял як тактыльна, так і эстэтычна. Вырабы з лямцу вельмі мяккія, здаецца, што яны дыхаюць. Гэта вельмі папулярны матэрыял сярод сучасных мастакоў, таму што за кошт колеру і фактуры ён дазваляе ствараць вельмі цікавыя эксперыменты. Валяючы, чалавек можа вельмі цікава праявіць і сябе, і матэрыял. Але самае галоўнае — з лямцу можна зрабіць усё што заўгодна. Воблака, камень, дождж.

ЦУД НА ДАЛОНІ

Каб не быць галаслоўнай, я вырашыла паказаць, як зрабіць з лямцу невялічкую кветачку, якая потым можа быць як інтэр`ерным аксесуарам, так і дапаўненнем да жаночага строю — у якасці экзатычнай брошкі.

Паспрабуйце, і вы зможаце адчуць старадаўняе майстэрства, якому больш за 6 тысячагоддзяў, адчуць фізічную сілу ў руках і неўтаймоўную фантазію!

Валіць будзем па-мокраму, а таму для гэтага нам неабходна: поліэтылен з пухіркамі (у які часта пакуюць новую тэхніку), тоненькая плёнка (лепш — з-пад пакета для смецця), ільняны ручнік, воўна і шаўковая пража (прадаюцца ў спецыялізаваных крамах для рукадзелля), мыльная сумесь (дзіцячае мыла альбо любое мыла расліннага паходжання з нейтральным пахам надраць на буйную тарку, заліць кіпенем, размяшаць: атрымаецца аднародная мыльная маса, якой хопіць не на адзін выраб), палівачка, у якасці якой можа служыць звычайная пластмасавая бутэлька з прадзіраўленай накрыўкай, гарачая вада.



1 Перш-наперш раскладваем кветачку (гл. фота). Раскладка — вельмі важны этап у валенні. Тут галоўнае не спяшацца, зрабіць усё ахайна. Адрываем невялічкія кавалачкі ад мерыносавай воўны і, скручваючы на канцах, фарміруем пялёсткі. Наверх, такім жа чынам скручваючы канцы, кладзём кавалачкі шаўковай пражы, якая пры валенні дасць цікавую фактуру. Шоўк зверху накрываем вельмі тонкім слоем воўны.

2 Складаем пялёсткі ў кветку так, каб канцы пялёсткаў накладваліся адзін на адзін. Гэта створыць трывалую сярэдзінку.

3 Акуратна пераварочваем кветку і ззаду робім зялёныя лісточкі. Кавалачак воўны складваем напалам, скручваем з аднаго боку і накладваем на заднюю частку пялёстка. Лісточкі робім для ўсіх пяці пялёсткаў, гэтак жа накладваем іх у сярэдзіне адзін на адзін.

4 Бяром крыху мыльнай сумесі, заліваем кіпенем, размешваем. Мыльную ваду наліваем у бутэльку з прадзіраўленай, як друшляк, накрыўкай, і з гэтай бутэлькі паліваем кветачку спераду. Зверху накрываем тоненькай плёнкай і таксама паліваем мыльнай вадой.

5-6 Акуратна разгладжваем кветку спачатку лёгкімі рухамі, каб малюнак не ссунуўся. А потым, калі ён ужо крыху зафіксуецца, больш моцнымі. Пераварочваем кветку і разгладжваем з іншага боку. Не забывайцеся прыбіраць лішкі мыла льняным ручніком. Потым пузырчаты поліэтылен, на якім вы валіце, разам з кветкай трэба скруціць у трубачку, загарнуць у ручнік і крыху пакачаць на стале. Гэта дасць невялікую ўсадку вырабу і лепш змацуе варсінкі лямцу паміж сабой.

7 Лямец — вельмі падатлівы матэрыял, яму можна надаць абсалютна любую форму. Калі вы будзеце адчуваць, што кветка амаль гатовая, трэба пачынаць фарміраваць сярэдзінку — невялічкае паглыбленне, куды потым можна будзе прымацаваць пацерку ці звалены шарык. Для гэтага трэба нацягнуць кветку на вялікі ці ўказальны палец, замацаваць кветку ў такім становішчы і расправіць пялёсткі.

8 Кветка гатовая. Цяпер вы самі можаце вырашыць, як яе выкарыстоўваць далей.

Вольга Чайкоўская
Звязда


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/1331
Текущая дата: 26.04.2024