Аксана Катовіч, Янка Крук (Звязда) 7 кастрычніка 2011
Воўк у народнай культуры мае падвоеную сімволіку: з аднаго боку, ён увасабляе сабой зло і жорсткасць, а з другога — мужнасць, перамогу і клапатлівасць аб сваіх нашчадках. Шматлікія апавяданні аб жанчынах, якія пераўтварыліся ў ваўчыц, і аб мужчынах, якія сталі ваўкамі-ваўкалакамі, надалі гэтай жывёле магчымасць сувязі з "тым", чорным, светам. Аднак у духоўнай спадчыне старажытных скандынаваў ці грэкаў воўк — татэмная жывёла і сімвал непераможнасці, а ваўчыца, якая выкарміла Ромула і Рэма — заснавальнікаў Рыма, стала сімвалам пяшчотнай мацярынскай любові і ахвяравальнасці.
* У славянскіх народаў вобраз ваўка звязаны з пераходнымі, памежнымі, пераломнымі момантамі: смерцю (ён суправаджае душы ў паслясмяротным жыцці); вяселлем ("ваўком" назвалі жаніха, які прыехаў знайсці сабе "цялушку" ці "авечку"); з некаторымі каляндарнымі датамі (Каляды — запрашэнне продкаў у выглядзе ваўка за святочны калядны стол); з пераходнымі зімовым ці вясновым перыядамі. Суцішыць ваўка можа толькі Георгій-Перамоганосец — "воўчы пастар": "Што ў ваўка ў зубах — то Ягорый даў".
* У казках пра Івана-Царэвіча шэры воўк становіцца станоўчым персанажам — можа размаўляць, вельмі мудры, мае крылы, з дапамогай якіх можа пераляцець з аднаго свету ў другі. Так здавён вялося: калі дарогу перабяжыць воўк, гэта прынясе шчасце (у адрозненне ад лісы, вавёркі ці зайца).
* У адпаведнасці з народнымі ўяўленнямі, з ваўком можна заўсёды знайсці агульную мову, калі звярнуцца да яго з добрым словам: "Добры маладзец! Табе свой бок — мне свой".
* Існавала пэўная сімвалічная сувязь паміж ваўком і прыладамі ткацтва. На кроснах ткалі "абярэгі" ад нападу ваўкоў. Паўсюдна апісаны выпадкі нападаў ваўкоў на тых, хто пераносіў прылады ткацтва з адной вёскі ў другую, не выканаўшы пры гэтым пэўных ахоўных дзеянняў.
* Паводле народных павер’яў, ваўка пужаюць полымя і званы. Таму на вупраж коням заўсёды вешалі шмат званочкаў.
* Перад тым, як жывёлу першы раз выганялі ў поле, выконвалі цэлы шэраг магічных дзеянняў, накіраваных у першую чаргу на тое, каб засцерагчы яе ад зубоў ваўка: абносілі жывёлу чацвярговай соллю, грамнічнай соллю, святой хрышчэнскай вадой, спасавым макам, чыталі малітвы і замовы. Моцным абярэгам статка ад ваўка лічылася яйка, знесенае чорнай курыцай.
* У народзе лічылі: калі ваўкі падыходзілі зусім блізка да хат, збіраліся зграямі і вылі — чакай халадоў і няўроду, вайны ці іншых няшчасцяў.
* Знахары часта выкарыстоўвалі часткі цела ваўка: напрыклад, воўчы зуб і капцюры дапамагалі пры лячэнні хворых вачэй. А ведзьмакі, каб наслаць самы страшэнны праклён, выкарыстоўвалі воўчую поўсць.
* З 9 снежня (дзень святога Юрая, які ў народзе носіць назву "халодны") ваўкі пачынаюць падыходзіць да людскіх паселішчаў, і таму небяспечна пакідаць вёску.
* Перыяд з 22 снежня (дзень святой Ганны) і да 19 студзеня (Хрышчэнне) у народзе называлі "воўчымі святамі". У гэты час ваўкі збіраюцца ў зграі і становяцца вельмі небяспечнымі. Толькі пасля хрышчэнскага вадасвяцця знікае іх рашучасць. У гэты час, асабліва на Каляды, ніколі не спраўлялі вяселляў. Казалі, што ў гэты час толькі ваўкі "жэняцца".
Моцны абярэг ад ваўкоў. Закапаць пад брамаю зачынены замок і сказаць так: "Госпадзі Божа, благаславі, Прачыстая, дапамажы. Замыкаю і загаворваю замок. Як я замкнуў замок, каб у звера замкнуўся рот; як не бачыць ніхто гэтага замка, каб ён не бачыў маёй скаціны, чорнай шарсціны".
Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда, 7 кастрычніка 2011
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/1500
Текущая дата: 23.12.2024