Белорусский портал в Казахстане

Еўрастандартны ход



Усевалад Шымаў (Звязда) 7 лютага 2012

Рэзалюцыя ПАСЕ сведчыць пра тое, што палітыка на беларускім кірунку зайшла ў тупік

Чарговая рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, якая крытыкуе палітычную сістэму Беларусі, не стала чымсьці нечаканым для афіцыйнага Мінска, працягваючы нядобрую традыцыю беларуска-еўрапейскіх адносін, якая склалася ў апошнія гады.

Прыняцце чарговага дакумента такога роду сведчыць пра некалькі рэчаў. Па-першае, пра тое, што еўрапейская палітыка на беларускім кірунку зайшла ў відавочны тупік. Па-другое, пра тое, што беларуская тэма для Еўрапейскага саюза з`яўляецца другараднай і ў цяперашні момант ЕС не мае ні сіл, ні часу, ні жадання шукаць выйсце з тупіка, які склаўся, працягваючы па інерцыі штампаваць дзяжурныя і малазначныя дакументы.

Тупік, які склаўся ў беларуска-еўрапейскіх адносінах, узнік далёка не сёння. У многім ён абмеркаваны надзвычай тэндэнцыйнай і ангажыраванай пазіцыяй ЕС, які адмовіўся ад ролі прынцыповага і бесстаронняга знешняга назіральніка ў адносінах з Беларуссю. Выбар гэты быў зроблены еўрапейскімі ўладамі ўжо даўно, у далёкім 1996 годзе, калі ў разгар ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі Еўропа кансалідавана выступіла на баку апазіцыі. У далейшым ЕС упарта працягваў гэтую лінію, усяляк падтрымліваючы тых, хто называе сябе беларускай апазіцыяй, і гледзячы на сітуацыю ў краіне іх вачыма.

Бясспрэчна, тыя, хто называе сябе беларускімі апазіцыянерамі, складаюць пэўную частку беларускага сацыяльна-палітычнага ландшафту. Аднак наколькі значная гэтая частка? Адказваючы на гэта пытанне, аб`яднаная Еўропа чамусьці прыйшла да высновы, што гэта найбольш значны сегмент беларускага грамадства, калі не ўсё грамадства цалкам, спісваючы перманентныя палітычныя правалы апазіцыі выключна на аўтарытарызм і недэмакратычнасць беларускіх улад. Даволі дзіўная здагадка, калі ўлічыць, што Беларусь знаходзіцца не дзесьці на сусветнай перыферыі, а ў цэнтры Еўропы, пад бокам у таго ж Еўрасаюза, што ўжо само па сабе робіць утрыманне ўлады выключна шляхам аўтарытарнага гвалту і палітычных махінацый недазвольнай раскошай. У чым жа тады прычына такога прадузятага стаўлення Еўропы да беларускіх рэалій?

Безумоўна, беларуская апазіцыя, якая вызнае ідэалагічны "кактэйль" з празаходняга лібералізму і этнічнага нацыяналізму (розныя групоўкі — у розных прапорцыях), з`яўляецца найбольш блізкім па светапоглядзе і зручным партнёрам для Еўрапейскага саюза, што робіць прыярытэтнае супрацоўніцтва еўрапейскіх структур з гэтым сегментам па-свойму заканамерным і зразумелым. Падзеі 1996 года, у выніку якіх беларуская апазіцыя выглядала прайграўшай, "пакрыўджаным" бокам, таксама відавочна спрыялі росту сімпатый і спачування да яе ў еўрапейскіх калідорах. Такая сітуацыя парадаксальным чынам стала выгаднай апазіцыйным функцыянерам, якія, па сутнасці, у абход афіцыйных каналаў беларускага МЗС манапалізавалі вектар беларуска-еўрапейскіх адносін, стаўшы "вачыма і вушамі" Еўрасаюза ў Беларусі.

Аднак рэальная эфектыўнасць і ўплывовасць беларускай апазіцыі аказаліся далёкімі ад чаканых Еўрасаюзам. Пра ўнутраную згуртаванасць розных апазіцыйных груповак і іх здольнасць дамаўляцца красамоўна сведчыць нядаўні камічны эпізод, калі адзін апазіцыйны лідар даў важкага выспятка другому апазіцыйнаму лідару. Акрамя таго, перманентная еўрапейская дапамога, як высветлілася, вельмі разбэшчвае апазіцыйныя структуры, у выніку чаго быць вечным апазіцыянерам, які жыве на еўрапейскія гранты, для многіх стала камфортным і прывабным mоdus vіvеndі.

Усё гэта ў сукупнасці і прывяло да таго тупіку, у якім апынулася еўрапейская палітыка ў выніку манапалізацыі беларуска-еўрапейскіх адносін беларускай апазіцыяй. Аднак нейкіх перамен у палітыцы ЕС наўрад ці варта чакаць, і звязана гэта з унутраным крызісам як эканамічнага, так і палітыка-ідэалагічна характару, які перажывае гэтая арганізацыя.

Экспансіянісцкая палітыка ЕС, звязаная з эйфарыяй пасля "халоднай вайны" і імкненнем многіх постсацыялістычных краін далучыцца да заходніх структур, засталася ў мінулым; апошнім, і ўжо вельмі нязграбным яе акордам можна лічыць "аранжавую рэвалюцыю" ва Украіне. Пераможнае пашырэнне ЕС на ўсход зрабіла гэтую арганізацыю занадта стракатай і разнароднай, да чаго яе бюракратычныя структуры з невыразнымі і часта недастатковымі паўнамоцтвамі аказаліся папросту не гатовы. Апроч таго, эканамічны крызіс, які распачаўся, выявіў, што ў выніку пашырэння ЕС набыў вельмі шмат праблемных актываў, у ліку якіх апынуліся не толькі новыя краіны постсацыялістычнага блока (Румынія, Балгарыя, Венгрыя), але і, здавалася б, правераныя "старыя" члены — Грэцыя, Італія, Іспанія, Партугалія. З прычыны гэтых абставін чакаць ад Еўрасаюза нейкай знешняй актыўнасці з мэтай інтэграцыі ці якіх-небудзь іншых формаў уцягвання новых краін наўрад ці варта. Уласна, пра гэта красамоўна сведчыць і фактычны правал ініцыятывы "Усходняе партнёрства".

На беларускім кірунку ў найбліжэйшыя гады ад Еўропы не варта чакаць нічога, апроч дзяжурных, інерцыйных і малазначных акцый накшталт нядаўна прынятай рэзалюцыі ПАСЕ.

Усевалад Шымаў,
кандыдат палітычных навук,
дацэнт кафедры паліталогіі БДУ.
Звязда, 7 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/1654
Текущая дата: 05.05.2024