Белорусский портал в Казахстане

Чорная котка і белы кот



Ілона Іванова (Звязда) 11 лютага 2012

Сімвалічныя цацкі і прыгожыя рэчы вырабляе маладая магілёўская рамесніца Марыя Куляшова

Нібыта персанажы вядомага мастацкага фільма Эміра Кустурыцы, чорная котка і белы кот (альбо наадварот, калі хочаце) — прыгожая пара. Але зроблены каты з воўны, што дазваляе ім, для большай трываласці рамантычных адносін, счапіцца хвастамі і трымаць чырвонае сэрца.

— Дзень усіх закаханых у мяне асацыюецца з катамі, іх мяккасцю і пяшчотай, — тлумачыць майстрыха. — Гэтая цацка павінна ў дзень свята, 14 лютага, сказаць некаму нешта вельмі добрае. Я дасылаю з ёй энергетыку кахання.

Вось такія "зваленыя" пачуцці. З воўны зроблены не Марыя Куляшоватолькі каты, але і актуальныя ў 2012 годзе дыназаўрыкі і мішкі. Аўтар прадае гэтыя арыгінальныя сувеніры па 40-50 тысяч рублёў.

Марыя Куляшова паводле адукацыі настаўніца гісторыі. Інтарэс да рукадзелля ў прыгажуні з Магілёва з`явіўся некалькі гадоў таму і меў непасрэднае дачыненне (не паверыце!) да сабакі. Бабтэйл па мянушцы Афелія — любімы гадаванец Машы, і яна актыўна кантактавала з аматарамі такіх сабак у сацыяльных сетках.

— А потым убачыла на старонцы сяброўкі фота пацерак з воўны, як аказалася — сабачай, — расказвае дзяўчына. — Я таксама вырашыла, што не трэба дарма дабру прападаць, і такім чынам пазнаёмілася з фелтынгам, мастацкім валеннем воўны. Тэхніцы вучылася ў інтэрнэце. З воўнай працаваць прыемна і цікава. А шэрыя пацеркі і сумку-клатч "ад Афеліі" я нашу і цяпер.

Ёсць звесткі, што людзі зразумелі, як прымяняць здольнасць воўны лямчыцца, яшчэ некалькі тысяч гадоў таму. З тых часоў, зразумела, з`явіліся спецыяльныя машыны для гэтай справы. Але Маша, як і іншыя рамеснікі, валіць воўну рукамі, з дапамогай губкі і іголак.

У Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу рамесніца Куляшова паказвае майстар-клас. Здаецца, што тыкаць іголкамі ў пасму ярка-чырвонай воўны няцяжка, але ў рэальным часе спатрэбіцца некалькі гадзін, каб атрымаліся прыгожыя завушніцы — чырвоныя шарыкі з барвовымі палосачкамі альбо бубачкамі.

Разам з пацеркамі ў тон атрымліваецца цудоўны зімовы камплект: калі прымяраеш, то воўна здаецца нават цёплай, што прыемна ў цяперашнія марозныя дні. Кошт камплекта — 70 тысяч. Асобна пацеркі з воўны каштуюць ад 50 да 150 тысяч, у залежнасці ад даўжыні.

— Попыт на такія вырабы ёсць, — каментуе Маша. — Мне падаецца, што ўвогуле набірае абароты "hаnd mаіd", ручная праца. Яе папулярнасць тлумачыцца тым, што ў індустрыяльным грамадстве, дзе пануе фабрычная вытворчасць з серыйнасцю і штампоўкай, кожная рэч, зробленая рукамі, нясе ў сабе нейкую духоўнасць, ідэю майстра, асаблівасць.

Асартымент вырабаў у майстрыхі вялікі: аказваецца, нават індыйскія бранзалеты могуць быць аздобленыя воўнай. Вокладка фотаальбома шыкоўна глядзіцца з ваўнянымі кветкамі. Вялікі попыт у жанчын на гаржэткі і брошкі, асабліва пасля таго як амерыканская актрыса Сара Джэсіка Паркер у вядомым жаночым серыяле ўвесь час хадзіла з кветкавымі брошкамі. Абадкі для валасоў з кветкамі — яшчэ больш актуальная модная ідэя.

Але найбольш цікавымі падаліся зваленыя шалікі самых розных колераў і формаў. Сярэдні кошт шалікаў — 120 тысяч рублёў. Ёсць нават зробленыя ў новай тэхніцы нана-фелтынгу, калі з воўнай аб`ядноўваюцца ў адно цэлае зусім іншыя тканіны — напрыклад, шыфон ці карункі.

— У кожную працу ўкладаюцца добрыя эмоцыі майстра, і гэта яшчэ адна перавага нашых работ, — гаворыць Маша. — Я магу глядзець кіно ці слухаць музыку пакуль працую. Добра працуецца пад "Бітлз" і "Ролінг Стоўнз".

Цікава, што адзін з шалікаў яна зрабіла, калі слухала аўдыёкнігу Говарда Лаўкрафта. Машы падабаюцца містычныя фантазіі гэтага пісьменніка. Здаецца, што жахлівае боства Ктулху, прыдуманае Лаўкрафтам, пакінула адбітак на шаліку. "Не, у творах Лаўкрафта ўсё туманнае і шэрае, а шалік атрымаўся, наадварот, сонечным. Гэта рэч для яркага чалавека", — усміхаецца майстрыха.

Маша не шкадуе, што памяняла стабільную настаўніцкую працу на творчае непастаянства рамесніцтва. Яна кажа, што зарабіць можна, калі не ленавацца і знаходзіць новыя ідэі. Ды і хочацца, каб праца прыносіла не толькі грашовыя знакі, але і асабістае задавальненне. На шчасце, такіх рамеснікаў, як Марыя Куляшова, крызіс не зваліў з ног: проста прадукцыя стала даражэйшая з-за імпартных матэрыялаў, але заказы людзі робяць.

Стаць рамеснікам сёння нескладана. Дастаткова, як гэта зрабіла больш за год таму Марыя Куляшова, заявіць пра сябе ў падатковай інспекцыі і раз на год заплаціць нязначную суму ў бюджэт. З гэтага часу можна прадаваць свае вырабы на кірмашах і выставах, у інтэрнэце. Напярэдадні дня святога Валянціна магілёўскія майстры збіраюцца выйсці на пешаходную вуліцу Ленінскую ў абласным цэнтры, каб гандляваць сувенірамі. Гэта калі маразы не перашкодзяць. Таму ў аматарскага аб`яднання рамеснікаў "Магілёўскія майстры" ёсць надзея, што ў будучыні ў іх з`явіцца асобная крама ці выставачная зала, дзе можна будзе, без аглядкі на надвор`е і святы, прадстаўляць публіцы свае работы.

— Гэта патрэбна і нам, і людзям, — гаворыць старшыня аб`яднання Святлана Цімашэнка. — З кожнай выставай рамеснікаў павялічваецца попыт. Людзям падабаецца. Усё навокал масавае, кітайскае, пластмасавае, а майстар дае вам нешта індывідуальнае, эксклюзіўнае. Гэта вам не шырспажыў, а рэдкая рэч, і тыя, хто цэніць гэта, цікавяцца беларускім рамесніцтвам.

Ілона Іванова
Звязда, 11 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/1657
Текущая дата: 05.05.2024