Белорусский портал в Казахстане

Барыс Батура: "Без развіцця бізнэсу не будзе ні сярэдняга класа, ні 500 долараў зарплаты"



Павел Бераснеў (Звязда) 20 сакавіка 2012

Больш за год дзейнічае Дырэктыва № 4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь", але эфект ад гэтага дакумента ацэньваецца па-рознаму: прадпрымальнікі скардзяцца, што рэалізацыя яе палажэнняў ідзе занадта павольна, а чыноўнікі, як правіла, не пагаджаюцца: маўляў, усё ідзе згодна з планам. У прынцыпе, зразумець можна і тых, і тых, бо першыя хутчэй хочуць працаваць у добрым бізнэс-асяроддзі, а другія — не хочуць губляць прэміі за зрыў тэрмінаў. Але радуе адно: паціху чыноўнікі прывыкаюць да думкі, што бізнэс — аснова развіцця эканомікі краіны.

— Мы паставілі задачу, каб да канца пяцігоддзя 50% даходнай часткі бюджэту вобласці фарміравалася за кошт дзейнасці прадпрымальніцтва. І ў прынцыпе, стабільнасць у грамадстве — гэта стварэнне ўстойлівага сярэдняга класа, а развіццё прадпрымальніцтва якраз і накіравана на стварэнне гэтага сярэдняга класа, — выказаў меркаванне Барыс Батура, старшыня Мінскага аблвыканкама, на пасяджэнні, дзе абмяркоўваўся працэс выканання палажэнняў Дырэктывы № 4.

Прыватны бізнэс усё актыўней уносіць сваю лепту ў фарміраванне валавога рэгіянальнага прадукту Мінскай вобласці. У прыватнасці, па словах Аляксандра Турчына, старшыні камітэта эканомікі Мінаблвыканкама, калі ў 2008 годзе ўдзельная вага малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў ВРП складала 18%, то ў 2010 годзе на 4,4 працэнтнага пункта больш — 22,4%. Што тычыцца паступленняў у кансалідаваны бюджэт, то ад малога і сярэдняга бізнэсу яны за 2011 год склалі 1,8 трлн рублёў — 24,5% у агульных паступленнях і 38,6% у бюджэце вобласці. Толькі ад суб`ектаў малога прадпрымальніцтва паступленні павялічыліся ў 1,5 раза ў параўнанні з 2010 годам і склалі 1,43 трлн рублёў.

Усяго ў Мінскай вобласці па стане на пачатак 2012 года прадпрымальніцкую дзейнасць ажыццяўлялі 45,5 тысячы суб`ектаў гаспадарання. Найбольшая колькасць іх сканцэнтравана ў Мінскім (21,4%), Барысаўскім (12,4%) і Маладзечанскім (11,1%) раёнах. Напрыклад, у Старадарожскім раёне ажыццяўляюць дзейнасць 302 бізнэсмены (0,7%), Крупскім — 382 (0,8%), Капыльскім — 487 (1%), Любанскім — 435 (1%). Тое самае атрымаецца, калі паглядзець на колькасць суб`ектаў прадпрымальніцтва на 1 тысячу жыхароў — калі ў Мінскім раёне іх 65, то ў Старадарожскім, Крупскім, Капыльскім і Любанскім — ад 13 да 15. Аляксандр Турчын лічыць, што гэты паказчык сведчыць пра тое, што ў названых раёнах не надаецца належнай увагі недзяржаўнаму сектару эканомікі.

— Я лічу, што мы павінны падтрымліваць прадпрымальніцкую ініцыятыву, бо яна дазваляе не толькі павялічваць даходы бюджэту, але (што немалаважна) і ствараць новыя працоўныя месцы. Да таго ж замацаваць працоўныя рэсурсы ў сельскай мясцовасці і малых гарадах можа наяўнасць свайго бізнэсу і ўласнасці. Таму мы павінны спрыяць стварэнню пазітыўнага іміджу прадпрымальніцтва ў грамадстве, — перакананы Аляксандр Турчын.

Цікава, дарэчы, што на Міншчыне ўдзельная вага юрыдычных асоб бязведамаснай падначаленасці ў агульным аб`ёме вытворчасці прамысловай прадукцыі паціху ўзрастае: у 2010 годзе яна складала 17,8%, у 2011 — 19,5%. Аляксандр Турчын адзначыў, што гэта самы высокі вынік сярод усіх абласцей краіны, — і нават пры тым, што ў Мінскай вобласці знаходзяцца такія прамысловыя гіганты, як "Беларуськалій" і "БелАЗ". Аднак варта дадаць, што у некаторых раёнах (Клецкім, Слуцкім, горадзе Жодзіна) удзельная вага прыватных прадпрыемстваў зусім малая — менш за 5%, а ў Бярэзінскім, Вілейскім, Мядзельскім і Стаўбцоўскім раёнах вытворчых прыватных арганізацый і зусім няма...

Чыноўнікі ўжо не баяцца прадаваць маёмасць за 1 базавую?

Для бізнэсменаў-пачаткоўцаў адным з сур`ёзных бар`ераў з`яўляецца адсутнасць плошчаў для офісаў і вытворчасцяў. Каб дапамагчы бізнэсу, у Мінскай вобласці за 2011 год прадпрымальнікам было перададзена 275 аб`ектаў нерухомасці, якія дагэтуль неэфектыўна выкарыстоўваліся: з іх 95 было прададзена на аўкцыёне з усталяваннем пачатковай цаны продажу ў памеры адной базавай велічыні, 121 аб`ект перададзены ў бязвыплатнае карыстанне пад канкрэтныя інвестыцыйныя праекты.

Разам з тым, Аляксандр Турчын адзначыў, што на тэрыторыі вобласці яшчэ засталася значная колькасць аб`ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, — толькі ў камунальнай уласнасці іх яшчэ больш за 350. Дарэчы, вельмі радуе, што мясцовыя ўлады перасталі баяцца прадаваць аб`екты нерухомасці за адну базавую велічыню:

— За мінулы год мы прадалі 20 аб`ектаў, — расказвае Уладзімір Даманеўскі, старшыня Слуцкага райвыканкама. — З іх 13 аб`ектаў — за 1 базавую велічыню па 108-м Указе Прэзідэнта. Мы актыўна гэтым карыстаемся. Для параўнання хачу сказаць, што за 2010 год мы такіх аб`ектаў прадалі толькі 5. Сапраўды, тут адчуваецца і падтрымка аблвыканкама.

Мы не баімся, што потым нехта прыйдзе і праверыць, на якіх умовах і як мы ўзаемадзейнічаем з камерцыйнымі структурамі...

Разам з тым, ёсць і пэўныя праблемы з рэалізацыяй не патрэбнай дзяржаве маёмасці нават за 1 базавую велічыню. Напрыклад, як расказаў Уладзімір Даманеўскі, былыя вайсковыя казармы райвыканкам гатовы аддаць бізнэсменам бясплатна, але рыхтаваць адпаведныя дакументы на гэтыя аб`екты трэба за кошт сродкаў бюджэту, што складае далёка не адну базавую велічыню

— Ці вось яшчэ такі выпадак: у малочнатаварным комплексе "Белічы" ёсць будынак кацельнай, які не выкарыстоўваецца. Даволі-такі нядрэнны будынак. Чалавек папрасіў: маўляў, дайце мне гэтую кацельную, я там арганізую рамонт машын. Але як мы там, дзе вырабляецца малако, дазволім рамантаваць машыны? Як паступіць? Прапануем іншыя аб`екты — не, не хоча браць...

Яшчэ адно праблемнае пытанне — выкуп прадпрымальнікамі арандаваных вытворчых памяшканняў:

— Сёння ўласнікі не заўсёды зацікаўлены ў продажы аб`ектаў нерухомасці, бо рэгулярна атрымліваюць невытворчыя даходы ў выглядзе арэнднай платы. У сваю чаргу, арандатары не зацікаўлены ў падтрыманні вытворчых памяшканняў у тэхнічна спраўным стане,
бо яны не з`яўляюцца іх уласнікамі і ў любы момант дамова арэнды можа быць скасавана, — кажа Аляксандр Турчын.

Безумоўна, гэтую праблему нейкім чынам трэба вырашаць, тым больш што ў Дырэктыве № 4 запісана: суб`ектам прадпрымальніцкай дзейнасці трэба прадаставіць права выкупу дзяржмаёмасці, калі яны яе арандуюць на працягу трох гадоў і больш.

Чыноўнікі бізнэсу дапамагаюць ці чыняць перашкоды?

Аляксандр Турчын выказаў меркаванне, што на месцах прадпрымальнікі не маюць нейкіх адміністрацыйных перашкод, а наадварот, мясцовыя ўлады аказваюць ім усялякае садзейнічанне. Тое самае кажа і старшыня Слуцкага райвыканкама:

— У нас няма ніводнай скаргі, таму я не згодны, што мы не дапамагаем прадпрымальнікам станавіцца на ногі. Мы перыядычна сустракаемся з прадпрымальнікамі, але, на жаль, у іх такі менталітэт, што яны просяць даць месца, каб півам гандляваць у кіёску, фруктамі на вуліцы і г. д. А гэта сёння не ўпісваецца ў канцэпцыю...

А вось Барыс Батура не лічыць, што чыноўнікі не ствараюць адміністрацыйных бар`ераў:

— Я б не гаварыў так, што на месцах няма прадузятага стаўлення да прадпрымальніцтва. Ёсць і колькі хочаш — толькі я магу прывесці з дзясятак прыкладаў... Трэба прадпрымальніка ну, можа, не на руках насіць — не будзем утрыраваць. Але, прынамсі, павінна быць блізка да гэтага. Зарэгістраваў — і ўвесь час яго трэба падштурхоўваць. Для чаго створаны цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва, якія павінны гэтым займацца... Мы не выйдзем ніколі на 500 долараў зарплаты, калі не будзем сур`ёзна займацца гэтай праблемай, — заявіў старшыня Мінаблвыканкама, гаворачы пра развіццё бізнэсу. — Мы павінны быць кроўна зацікаўлены, каб у нас прадпрымальніцтва атрымала сур`ёзнае развіццё. І ў нас няма аб`ектыўных прычын, якія маглі б гэтаму перашкодзіць.

Як расказаў Аляксандр Турчын, аблвыканкам выступіў з прапановай (яна была падтрымана Мінэканомікі) па аб`яднанні двух нарматыўных дакументаў у адзін — Дэкрэта Прэзідэнта № 1 "Аб стымуляванні вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг)" і Дэкрэта Прэзідэнта № 9 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці ў сельскай мясцовасці".

— Гэты праект новага дэкрэта накіраваны на радыкальнае паляпшэнне ўмоў развіцця рэгіёнаў і стымулявання дзелавой актыўнасці перш за ўсё нацыянальных інвестараў. Ільготныя рэжымы плануецца распаўсюдзіць на індывідуальных прадпрымальнікаў, шмат новаўвядзенняў будзе з маёмаснымі і зямельнымі адносінамі. Гэтым праектам прадугледжваецца магчымасць набыцця бізнэсменамі маёмасці ў растэрміноўку, плануецца пашырыць пералік абсталявання, якое ўвозіцца на льготных умовах.

Папярэднія Дэкрэты №№ 1 і 9 паўплывалі на развіццё бізнэсу нязначна: ільготамі скарысталіся толькі 2,2% суб`ектаў гаспадарання.

А праект новага дэкрэта, як мы лічым, павінен стаць рухомай сілай у развіцці рэгіёнаў, у развіцці вытворчага прадпрымальніцтва на тэрыторыі сельскай мясцовасці і малых гарадоў з колькасцю насельніцтва да 50 тысяч чалавек, — адзначыў Аляксандр Турчын і дадаў, што буйны прамысловы сектар — гэта базіс, аднак паступова структура эканомікі мяняецца і вядучая роля пераходзіць да недзяржаўнага сектара.

Павел Бераснеў
Звязда, 20 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/1680
Текущая дата: 07.05.2024