Белорусский портал в Казахстане

Песню бярыце з сабой: Явар і каліна



Паэзія Янкі Купалы прываблівае тонкім лірызмам, маляўнічым выяўленнем пачуццяў, праўдзівай шчырасцю. Яна ўвесь час прыцягвае ўвагу прафесійных і самадзейных кампазітараў. Паводле вершаў песняра створана больш за 200 вакальных твораў.

Песня "Явар і каліна" вылучаецца мяккай напеўнасцю, вобразнай перадачай ідэі бясконцасці жыцця, асветленага каханнем. У аснову песні пакладзены аднайменны верш (1-я, 2-я і 5-я, апошняя, строфы), напісаны ў 1910 годзе. Праз паўстагоддзя, як толькі Юрый Семяняка ўвасобіў яго ў музыку, новая песня "Явар і каліна" загучала па ўсёй краіне, стала вельмі папулярнай. Яна ўвайшла ў рэпертуар многіх спевакоў і харавых калектываў. Усхвалявана яна гучыць на вечарынах, замілавана ўспрымаецца на бяседах.

Падрыхтаваў Міхась Шавыркін
Звязда

Верш Янкі Купалы
Музыка Юрыя Семянякі


Песняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
У сумнай даліне над ярам.

Лісцікі зеляняй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песцяцца сонцам паўднёвым.

Чуецца музыка дзіўная
У повесцях сонных імшараў...
Шэпчуцца явар з калінаю,
Скінуўшы зімнія чары.


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/1762
Текущая дата: 03.05.2024