Белорусский портал в Казахстане

Беларусь чакае ў сакавіку рэкордных аб`ёмаў вытворчасці і рэалізацыі калійных угнаенняў



(БЕЛТА) 6 сакавіка 2014

Беларусь не пойдзе на стварэнне ў Маскве сумесных кампаній па продажы калійных угнаенняў. Аб гэтым заявіў 6 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанні эфектыўнага функцыянавання калійнай галіны, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

"Апошнім часам у сродках масавай інфармацыі з`явілася інфармацыя аб тым, што беларусы з расіянамі ледзь ці не аднавілі сумеснае прадпрыемства па продажах і ледзь ці не ствараюць новую кампанію з рэгістрацыяй у Маскве. Хачу адназначна сказаць, што гэта поўная хлусня! Аб гэтым я чую першы раз са сродкаў масавай інфармацыі і хачу дадаць толькі адно, што ніякіх сумесных кампаній у Маскве мы ствараць не будзем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што беларускі бок адкрыты для перагавораў, перш за ўсё з расійскімі калегамі. "Мы гатовы аж да аднаўлення нашага супрацоўніцтва, як гэта было ў лепшыя гады, але такая кампанія будзе створана, калі будзе, то толькі ў Мінску, - сказаў ён. - Ніякіх замежных кампаній мы ствараць не будзем. Мы навучаны горкім вопытам работы".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мэтай гэтай нарады з`яўляецца дэталёвы аналіз стану спраў у калійнай галіне і выпрацоўка канкрэтных мер па павышэнні эфектыўнасці яе работы. "Нельга забываць, што адной з важнейшых крыніц паступлення валюты і фарміравання дзяржбюджэту з`яўляецца наша калійная прамысловасць", - сказаў ён.

У той жа час Прэзідэнт дадаў, што хацеў бы шырэй паглядзець на праблемы беларускай калійнай сферы ў тым плане, што будуецца новае прадпрыемства ў Беларусі і плануецца развіваць яшчэ адно радовішча (Прыпяцкае).

"Нам удалося, напэўна, змяніць сітуацыю і аднавіць продажы, праўда, па паступленні валюты ў краіну мы недацягваем, але па вытворчасці і рэалізацыі, тым больш у сакавіку, факты сведчаць, што нам удалося нечакана паспяхова вырашыць гэта пытанне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мінулы год быў вельмі складаным "з-за непрыстойнай пазіцыі ўладальнікаў і кіраўніцтва "Уралкалія", што прывяло да вялікіх страт не толькі беларускай кампаніі, самога "Уралкалія", але і абваліўся рынак калійных угнаенняў ва ўсім свеце. "Да такога павароту мы былі не зусім гатовы. Таму нам спатрэбіўся час, праведзена цяжкая работа па выхаду са становішча, якое склалася", - сказаў Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што ў чацвёртым квартале 2013 года аб`ём экспарту калійных угнаенняў у фізічнай вазе вырас на 13 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года. Паводле яго слоў, яшчэ большы прырост дасягнуты ў студзені-лютым бягучага года - на 25 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года. "Сакавік бачыцца рэкордным у вытворчасці і рэалізацыі калійных угнаенняў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Прэзідэнт выказаў занепакоенасць тым фактам, што на фоне павелічэння фізічных аб`ёмаў экспарту прыток валюты ў краіну не адноўлены. Звяртаючыся да прысутных на нарадзе, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў далажыць, што прымаецца для нарошчвання валютнай выручкі, ці выпрацавана аптымальная стратэгія продажаў з улікам сучасных тэндэнцый сусветнага калійнага рынку, якая цэнавая палітыка беларускага боку і што робіцца для замацавання на ключавых рынках, у прыватнасці ў Бразіліі, Індыі, Кітаі.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся таксама мерамі па павышэнні эфектыўнасці работы тавараправоднай сеткі. "Камітэт дзяржкантролю адзначае павелічэнне колькасці пасрэднікаў - гэта недапушчальна! Калі на нейкім складаным этапе гэта было нармальна, то сёння ад гэтага трэба адыходзіць. Трэба выходзіць на прамыя кантакты, ніякіх неапраўданых пасрэднікаў быць не павінна. А калі пасрэднікі і будуць, то гэта павінен быць самы мінімум", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён лічыць, што трэба больш энергічна выкарыстоўваць прамыя гандлёвыя сувязі вытворцаў і спажыўцоў угнаенняў, знаходзіць больш выгадныя шляхі вырашэння існуючых праблем.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, як вырашаюцца пытанні кадравага забеспячэння калійнай галіны. "Хачу звярнуць увагу тых, хто мяне інфармуе і дакладвае аб тым, што, маўляў, у нас людзі неразумныя і ў нас няма спецыялістаў па продажах калійных угнаенняў. Спыніце гэту пісаніну і ныццё! У нас дастаткова людзей, якія ўмеюць не толькі прадаць тавар, але і якасна яго вырабіць, а гэта значна складаней. І калі нашы шахцёры і спецыялісты ў Салігорску вырабілі добры тавар, а хтосьці не ўмее дагаварыцца і прадаць тавар - грош таму цана. Я проста чытаю такія опусы і адкладаю ўбок і ім не веру", - сказаў Прэзідэнт.

"Гэта нейкая інертнасць: вось у нас няма спецыялістаў. Ёсць у нас спецыялісты ў дастатковай колькасці! Яны знаходзяцца ў пасольствах Беларусі за мяжой", - дадаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што міністру замежных спраў Уладзіміру Макею і яго намесніку Валянціну Рыбакову было персанальна даручана заняцца пытаннем рэалізацыі калійных угнаенняў. Прэзідэнт запатрабаваў далажыць, як выканана яго даручэнне.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што чакае ад удзельнікаў нарады аб`ектыўнага аналізу работы калійнай галіны, канкрэтных прапаноў па павышэнні яе эфектыўнасці і пераадоленні негатыўных тэндэнцый.

6 сакавіка 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2032
Текущая дата: 09.05.2024