Белорусский портал в Казахстане

Навічок у ЕАЭС



Сяргей Кiзіма (Звязда) 12 траўня 2015

На фоне святкавання 70-гадовай гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і эпахальнага візіту Сінь Цзіньпіна ў Казахстан, Расію і Беларусь амаль не заўважным засталося дасягнутае пагадненне аб уступленні Кыргызстана ў Еўразійскі эканамічны саюз. Тым не менш, гэты важны крок быў зроблены, і ў ЕАЭС цяпер будзе пяць дзяржаў, а не чатыры.

Пагадненне ўступіць у сілу пасля ратыфікацыі ўсімі пяццю парламентамі краін-удзельніц. Можна смела чакаць, што расійскі парламент ратыфікуе пагадненне адным з першых, паколькі ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, што менавіта Расія прыкладала вялікія намаганні, каб далучыць Кыргызстан да ЕАЭС. Так, кіраўнік калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысценка разлічвае, што дакументы аб далучэнні Кыргызстана да ЕАЭС будуць ратыфікаваны расійскім парламентам ужо ў вясновую сесію.

Расійскі інтарэс у далучэнні Кыргызстана заключаецца перш за ўсё ў геапалітычнай значнасці краіны. І падаграецца ён непрыкрытай цікавасцю да Кыргызстана з боку ЗША. У амерыканцаў нават атрымалася на працягу некалькіх гадоў мець сваю ваенную базу на яго тэрыторыі, канец чаму быў пакладзены ў выніку намаганняў Масквы.

Адразу пасля ратыфікацыі пагаднення будзе скасавана ўнутраная мытная мяжа Казахстана і Кыргызстана. Кантроль за імпартам у ЕАЭС пяройдзе на кыргызскую мяжу з Кітаем, Таджыкістанам і Узбекістанам. Каб ён ажыццяўляўся належным чынам, Расійская Федэрацыя ўжо выдаткавала 115 мільёнаў долараў на ўладкаванне мяжы, а з Казахстанам абмяркоўваецца дапамога на сто мільёнаў долараў ЗША.

Вядома, для беларусаў, перш за ўсё, цікава, чым Кыргызстан падобны і чым адрозніваецца ад нашай краіны.

Падобнай рысай Кыргызстана з’яўляецца адсутнасць выхаду да Сусветнага акіяна. Вядома, гэты факт сур’ёзна абцяжарвае працу абедзвюх эканомік у XXІ стагоддзі, у якім Сусветны акіян прадастаўляе найлепшыя магчымасці для экспарту і імпарту тавараў, перш за ўсё краінам, што маюць да яго прамы выхад. Падобным з’яўляецца памер тэрыторыі. У Кыргызстана яна меншая за беларускую ўсяго на некалькі працэнтаў.

На гэтым падобныя моманты заканчваюцца. Разгледзім адрозненні.

Што тычыцца геаграфіі, то Беларусь вылучаецца раўнінным ландшафтам, у той час як Кыргызстан знакаміты сваімі горамі.

Насельніцтва Кыргызстана амаль у два разы меншае за беларускае — прыкладна пяць мільёнаў дзевяцьсот тысяч чалавек. Пры гэтым ацэнка дастаткова прыблізная, паколькі з прычыны высокага ўзроўню беспрацоўя вельмі шмат жыхароў Кыргызстана працуе за мяжой, у асноўным у Расіі. У выніку адным з галоўных крыніц паступлення валюты ў краіну з’яўляюцца пераводы ад мігрантаў, якія складаюць амаль два мільярды долараў у год.

Важным адрозненнем з’яўляецца экспартная арыентаванасць беларускай эканомікі, што лёгка адзначыць, параўнаўшы лічбы экспарту Беларусі і Кыргызстана за 2014 год. У мінулым годзе Кыргызстан экспартаваў тавары на 1 млрд 640,7 млн долараў, а Беларусь на 36 млрд 218,3 млн долараў. Таксама Беларусь утрымлівае адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі ў досыць невялікіх памерах. Што тычыцца Кыргызстана, то ў яго яно дасягае велізарных памераў, пераўзыходзячы памер усяго экспарту. Так, па выніках 2014 года адмоўнае сальда склала 4 мільярды 79 млн долараў. Калі разгледзець сам гандаль Беларусі з Кыргызстанам, то па выніках 2014 года яго аб’ём склаў крыху больш за 95 мільёнаў долараў, пры гэтым беларускі экспарт —88,8 мільёна долараў ЗША.

Важным адрозненнем з’яўляецца таксама праблематычнасць у стабілізацыі сацыяльна-палітычнага жыцця ў Кыргызстане. Толькі ў XXІ стагоддзі ў ім ужо адбыліся дзве паспяховыя рэвалюцыі (у 2005 і ў 2010 годзе), і прэзідэнты, якія страцілі ўладу, з’ехалі на сталае месца жыхарства ў Маскву і Мінск.

Што тычыцца асцярог з нагоды ўступлення Кыргызстана ў ЕАЭС у саміх жыхароў краіны, то ў асноўным яны звязаны са страхамі, што ў выніку інтэграцыі ўзровень цэн рэзка павысіцца і дасягне расійскіх і казахстанскіх. Гэтую боязь можна зразумець, улічваючы, што ўзровень жыцця ў краіне вельмі нізкі. ВУП на аднаго жыхара па парытэце пакупніцкай здольнасці складае ўсяго толькі 2372 долары ЗША, што прыкладна ў шэсць разоў менш, чым прыпадае на аднаго беларуса. Таксама ёсць вялікія асцярогі, што агульная мытная мяжа ўдарыць па знакамітых кірмашах на тэрыторыі Кыргызстана, якія кармілі да ста тысяч гандляроў. Яны сталі перавалачным пунктам для танных кітайскіх тавараў у краіны СНД, але могуць рэзка скараціць сваю дзейнасць праз павышэнне мытных пошлін да ўзроўню, які існуе ў ЕАЭС.

Калі ж казаць пра надзеі, то яны звязваюцца перш за ўсё з тым, што жыхарам Кыргызстана будзе значна лягчэй знайсці легальную працу за межамі краіны. Чакаецца, што ўзрасце паток інвестыцый у кыргызстанскую эканоміку, перш за ўсё з Расіі. Ёсць надзеі і на тое, што сяброўства ў ЕАЭС дапаможа аднавіць амаль разбураную навуковую сферу.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук
Звязда, 12 траўня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2301
Текущая дата: 25.04.2024