Марына Носава (БелаПАН) 4 чэрвеня 2015
Пляцоўка прамысловых і спажывецкіх тавараў Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ) здольная стаць дадатковым інструментам па нарошчванні экспарту беларускай прадукцыі і пашырэнні рынкаў збыту. Такую думку выказаў намеснік прэм`ер-міністра Уладзімір Сямашка 2 чэрвеня падчас нарады з кіраўніцтвам падпарадкаваных Мінпраму прадпрыемстваў (БМЗ, БелАЗ, МАЗ, "Амкадор", ММЗ, "Гарызонт", "Інтэграл", БАТЭ і інш.), паведамілі ў прэс-службе БУТБ.
Паводле слоў Сямашкі, за адносна невялікі прамежак часу біржай створана ўся неабходная інфраструктура, распрацавана праграмнае забеспячэнне, навучаны спецыялісты і закладзена аснова для развіцця біржавога таварнага рынку ў краіне.
Як зазначыў у сваім выступленні старшыня праўлення БУТБ Аркадзь Салікаў, "сёння Беларуская ўніверсальная таварная біржа — адна з найбуйнейшых спотавых бірж Усходняй Еўропы". "Шырокая філіяльная сетка і прадстаўніцтвы ў замежных краінах дазволілі ўмацаваць пазіцыі біржы на сусветным рынку і пашырыць геаграфію паставак прадукцыі беларускай вытворчасці. Бадай, самая галоўная заслуга біржы ў тым, што, нягледзячы на адлегласці, моўныя ці гандлёвыя бар`еры, яна штодзённа дапамагае прадаўцам і пакупнікам знайсці адзін аднаго — без бюракратыі і карупцыйных схем. Біржавы механізм, будучы эфектыўным інструментам развіцця экспарту, дазваляе аптымізаваць затраты на гандлёва-закупачную дзейнасць і дае шырокія магчымасці па выхадзе на новыя рынкі збыту", — мяркуе Салікаў.
Разам з тым, як зазначыў міністр гандлю Беларусі Валянцін Чаканаў, дагэтуль "не ўсе прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці ў поўнай меры ацанілі перавагі біржавога гандлю і недастаткова шырока выкарыстоўваюць біржавы механізм пры рэалізацыі сваёй прадукцыі на экспарт". У прыватнасці, МАЗ, БелАЗ, МТЗ асобна закупляюць значныя аб`ёмы металу для вырабу сваёй прадукцыі. "Дык чаму ж не падумаць пра аб`яднанне намаганняў і не ўзяць усё тое ж самае танней у Чалябінску, г. зн. напрамую ў вытворцаў, якія зацікаўлены браць удзел у біржавых таргах?" — падкрэсліў Чаканаў.
На думку першага намесніка міністра прамысловасці Генадзя Свідэрскага, "у гэтым сапраўды ёсць эканамічны сэнс, але калі казаць пра рэалізацыю аўтамабільнай і трактарнай тэхнікі з выкарыстаннем біржавога механізму, то сёння для нас важна ў межах ЕАЭС праз нашу біржу выйсці на расійскія электронныя пляцоўкі". "Гэта значна спросціць рэалізацыю беларускай тэхнікі ў Расійскую Федэрацыю і павысіць эфектыўнасць здзелак з гэтым відам прадукцыі. Упэўнены, што патэнцыял біржы ў гэтай сферы — гэта той інструмент, які пры пэўных умовах здольны даць вельмі сур`ёзныя вынікі", — мяркуе Свідэрскі.
Падводзячы вынікі нарады, Сямашка парэкамендаваў беларускім прамысловым прадпрыемствам разгледзець магчымасць больш актыўнага размяшчэння заявак на продаж у гандлёвай сістэме БУТБ. "Гэта дазволіць скараціць выдаткі на маркетынг і рэкламу, спрасціць выхад на замежныя рынкі і выгадна рэалізаваць айчынныя тавары дзякуючы канкурэнцыі паміж пакупнікамі. Пры гэтым біржа будзе выступаць гарантам выканання абавязацельстваў па здзелках, заключаных падчас біржавых таргоў", — рэзюмаваў віцэ-прэм`ер.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 4 чэрвеня 2015
Мінск, 4 чэрвеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2305
Текущая дата: 22.12.2024