Ігар Карней (Радыё Свабода) 11 ліпеня 2015
У 2015-м усясьветная грамадзкасьць ушаноўвае памятныя даты, зьвязаныя з заснавальнікам супрэматызму ў авангардным мастацтве Казімірам Малевічам: 100 гадоў ад першага экспанаваньня самага знакамітага ягонага твору «Чорны квадрат» і 80 гадоў з дня сьмерці мастака і філёзафа.
За спадчыну Малевіча спрачаецца цэлы шэраг дзяржаў, дасьледчыкі сьмела прылічаюць яго да расейцаў, украінцаў, палякаў. І толькі Беларусь, дзе Казімір зьявіўся на сьвет і абесьсьмяроціў сябе першымі «супрэмусамі» ды «архітэктонамі», дэманструе сваю памяркоўнасьць.
«Чорны квадрат» і «чорныя дзіркі»: энэргія аднаго паходжаньня
Ці не ўпершыню на тэме беларускасьці майстра ў грунтоўным дасьледаваньні «Казімір Малевіч. Узыходжаньне на крыж лёсу» засяродзіўся Ігар Малевіч. Прафэсар, доктар фізыка-матэматычных навук, дыплямат — прадаўжальнік славутага роду. Ягоная фамільная галіна ідзе ад Паўла, старэйшага брата Казіміра.
Ігар Аляксандравіч быў адным зь першых савецкіх навукоўцаў, перад кім адчыніліся дзьверы NASA — амэрыканцаў уразіла распрацаваная ім сыстэма лазэрнай лякацыі Месяца і спадарожнікаў. Супрацоўнічаў з Эўрапейскім касьмічным агенцтвам, выкладаў у вядучых унівэрсытэтах Заходняй Эўропы, працаваў у беларускіх дыпмісіях у Кітаі і Паўднёвай Карэі. Багаты навуковы досьвед дазволіў па-новаму асэнсаваць і творчасьць знакамітага продка — «Чорны квадрат», у ягоным разуменьні, параўнальны з загадкай «чорных дзірак»:
«Сёлета вельмі цікавы ў гісторыі мастацтва год. Найперш таму, што ЮНЭСКО афіцыйна абвясьціла 2015-ы годам „Чорнага квадрата“ Казіміра Малевіча. Да таго ж мастак памёр у 1935 годзе, і гэта таксама дата, якую трэба было б памятаць і неяк згадваць. Цікавасьць ва ўсім сьвеце да супрэматызму, да творчасьці Казіміра Малевіча, да ягонай філязофіі — ня нейкая прахадная рэч, ва ўсім гэтым надзвычай глыбінны сэнс. Супольнасьць мастакоў, творцаў, навукоўцаў вельмі блізка падышла да тэмы, якая называецца Art and science influences, то бок тэмы ўзаемаўзбагачэньня навукі і мастацтва. Няма ні філязофскага базісу, ні матэматычнага апарату, якія б маглі пра ўсё гэта расказаць. Ёсьць толькі мастацтва, якое мае назву супрэматызм. Нездарма на адным з найвялікшых міжнародных форумаў, які прайшоў сёлета ў Амстэрдаме, асноўны даклад быў — „Suprematism is the matrix of future science in art“, „Супрэматызм — аснова будучых адкрыцьцяў у навуцы і ў мастацтве“. Ва ўсім сьвеце многія мастацкі, многія навукоўцы, найперш тыя, якія займаюцца вывучэньнем Universum — Сусьвету — кажуць, што вобразы супрэматызму — гэта дарога да разуменьня таго, што нас акружае, магчымасьць зразумець, як уладкаваны сьвет. Фармальныя формы, фармальныя вобразы, фармальныя сымбалі — гэта і ёсьць тая база супрэматызму, якая цяпер цікавіць шмат каго і ў мастацтве, і ў навуцы».
Супрэматызм зямлі беларускай: made in Smarhon
Пакуль дасьледчыкі суседніх краінаў спрачаюцца за права лічыць Казіміра Малевіча сынам толькі сваёй зямлі, несумненным застаецца месца нараджэньня ягонага галоўнага дзецішча — супрэматызму. Гэта акопы Першай усясьветнай вайны ад Смаргоні да Шаркаўшчыны, празь якія давялося прайсьці салдату Смаленскага інтэнданцкага палку Казіміру Малевічу. Карціны, пранумараваныя ў адпаведнасьці з днём службы, сталі сапраўднымі антываеннымі маніфэстамі-«супрэмусамі»:
«Абсалютна не выпадкова ЮНЭСКО абвясьціла 100-годзьдзе экспанаваньня „Чорнага квадрата“ Годам супрэматызму — ва ўсім сьвеце афіцыйна зарэгістравана больш як 300 навуковых школаў пасьлядоўнікаў Казіміра Малевіча. І вельмі было б добра, было б цікава, каб наша грамадзтва, каб наша дзяржава таксама неяк падключылася да асэнсаваньня асноваў таго, што ж такое супрэматызм, які нарадзіўся ў Беларусі, нарадзіўся ў гады страшэннай Першай усясьветнай вайны. Бо вядома нават, дзе і калі напісаныя тыя працы — падчас супрацьстаяньня варагуючых арміяў па лініі абароны Смаргонь — Нарач — Паставы — Браслаў. Казімір Малевіч служыў там у інтэнданцкім палку, бачыў усё на ўласныя вочы, і гэта пэўная рэфлексія на тыя жахі, якія суправаджалі вайну. Гэта таксама вельмі цікавая рэч, і было б нядрэнна, каб у нас гэтаму нарэшце аддалі крыху больш увагі. Таму што супрэматызм Казіміра Малевіча — гуманітарны сымбаль усяго сьвету. Трэба, каб і мы, беларусы, разумелі, што гэта і наш сымбаль таксама, што вытокі і самога мастака, і супрэматызму ляжаць тут, на беларускай зямлі».
Біяграфіі Казіміра Малевіча шмат у чым супярэчаць адна адной. Першыя зь іх былі напісаныя яшчэ за царскім часам, потым зьявіліся адкарэктаваныя адпаведнікі для савецкай гістарыяграфіі; ужо без удзелу галоўнага героя дадаліся амэрыканскія, эўрапейскія, расейскія аналягі. Самую праўдзівую гісторыю свайго жыцьця Малевіч пачаў пісаць у 1927 годзе ў Бэрліне, але давесьці яе да ладу не пасьпеў ці не захацеў. Цяперашнія біяграфіі Казіміра Малевіча збольшага грунтуюцца на расейскім варыянце жыцьцяпісу. Сярод іншага, там падаецца, што Малевіч — «рускі мастак», які нарадзіўся ў Кіеве ў бацькоў з польскімі каранямі і прынёс усясьветную славу рускаму мастацтву.
Аўтар кнігі пра славутага сваяка Ігар Малевіч з падобнай адраснай прывязкай ня згодны. Паводле суразмоўцы, яшчэ ў бацькі Казіміра былі прычыны фальсыфікаваць эпізоды свайго жыцьця. Сьцяпан-Севярын Малевіч, удзельнік вызвольнага паўстаньня Кастуся Каліноўскага, блізкі сябра ягонага брата Юзіка Каліноўскага, разам з паплечнікамі-паўстанцамі быў вымушаны ратавацца ад карных атрадаў сумна вядомага Мураўёва-вешальніка. Менавіта гэтая акалічнасьць прагнала яго з жонкай і дзецьмі з роднай Капыльшчыны пад украінскі Канатоп, дзе паступова атабарылася цэлая калёнія такіх як, ён, уцекачоў-літвінаў. Тут дзеля царкоўнага дакумэнту разам перахрысьціліся з уніятаў у праваслаўе. Ад таго моманту ў біяграфіі Малевічаў узьнік украінскі сьлед.
«Казімір Малевіч паводле свайго характару быў найвышэйшым містыкам. Перш за ўсё ён містыфікаваў сваё мастацтва, сваю творчасьць. Філязофія мастака — гэта філязофія містыкі супрэматызму. Ён містыфікаваў і сваё жыцьцё, для гэтага былі падставы. У царскія часы трэба было хаваць сям’ю ад сувязі бацькі з Каліноўскімі. За савецкім часам — карціна аналягічная, шмат было сваякоў, якія служылі афіцэрамі і лекарамі ў арміі Белага руху. Адпаведна, ён і пісаў па-рознаму, пачынаючы ад даты нараджэньня і потым ужо вольна гуляючы датамі жыцьця. Зрэшты, спрэчкі вырашаюцца проста. Некаторыя даведнікі пішуць, што Малевіч нарадзіўся ва Ўкраіне, у вёсцы Пархомаўка пад Канатопам. Але калі чалавек народжаны ў моўным асяродзьдзі і не гаворыць на роднай мове, ня піша па-ўкраінску, то гэта парадокс. Ды ён і сам ня раз казаў, што для яго гэта складаная і недаступная мова. У той жа час многія лісты Малевіч пісаў на лацініцы славянскімі словамі. Мы ўжо забыліся, што ў Заходняй Беларусі пэўны час такім было афіцыйнае пісьменства — беларуская мова „польскімі“ літарамі. І гэтаму ён быў рэальна навучаны. То бок гэта была літвінская мова ягонай сям’і. Відавочна, што ў сям’і ёй карысталіся. Сёньня шмат якія краіны прэтэндуюць як на сваяцтва з Казімірам Малевічам, так і на вытокі ягонага паходжаньня. Легенды, магчыма, таксама маюць права на жыцьцё. Але трэба быць глыбока ў тэме, каб абмяркоўваць такія пытаньні».
«Дзіўны маляр», які стаў «вялікім начальнікам»
Яшчэ малому Ігару Малевічу пра «дзіўнага маляра» расказвала ягоная бабуля Ўльяна — знахарка і прадказальніца, жонка дзеда Паўла, роднага брата Казіміра. Ульяна і Казімір былі аднагодкамі, іх дзяцінства прайшло поруч. Паводле бабулі, ужо пасьля ад’езду «ў людзі» на вёску доўга ішлі лісты-напаміны сваякам, напісаныя «капыльскай мовай», на «кравецкім жаргоне»: «Гэта я, Капыльскі Казімір, сын Сьцяпана Хітрага, Сьцяпана-Севярына». Лісты складваліся за люстэркам у хаце брата Паўла, дзеда Ігара Малевіча. Суразмоўца кажа, што асабіста для яго тыя зьвесткі маюць такую ж гістарычную каштоўнасьць, як і любое іншае пацьверджаньне тутэйшага паходжаньня майстра:
«Гэтаксама як і многія мастакі, мастацтвазнаўцы, калегі-навукоўцы, я глыбока перакананы: Казімір Малевіч мае наша, беларускае паходжаньне. Ягоная сям’я родам са зьбяднелых шляхцічаў слуцка-нясьвіска-капыльскага рэгіёну, свае невялікія надзелы ў іх былі ў раёне Капыля. Менавіта адтуль ягоныя вытокі, ад іх ён натхняўся ў сваёй творчасьці. Тым больш існуе значная колькасьць і ўскосных фактаў, і паказаньняў сьведак, якія памяталі самога Казіміра Малевіча. Гэта ж найважнейшы фактар, бо ў юрыспрудэнцыі сьведка — другі паводле значнасьці пасьля дакумэнту. Ёсьць людзі, якія пакінулі пісьмовыя сьведчаньні, што памятаюць і сям’ю, і Казіміра, і ягонага старэйшага брата Паўла. Ну, і ў маёй сям’і таксама была такая сьведка — бабуля Ўльяна, якая мне ад самага раньняга дзяцінства расказвала, што быў такі „маляр“ у сям’і, ня вельмі зразумелы чалавек зь сялянскага пункту гледжаньня. Яшчэ ў маладыя гады зьехаў і дзесьці потым стаў „вялікім начальнікам“. Адным словам, карані пры жаданьні знайсьці можна. Прынамсі, на маё перакананьне, ігнараваць гэтую вэрсію ніяк нельга. Беларусь, наадварот, павінна знаходзіць пункты сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці, паспрабаваць іх нейкім чынам фармаваць, даносіць да грамадзкасьці, самае галоўнае — вучыць гэтаму моладзь. Беларуская вэрсія — такая ж жыцьцяздольная, як і ўсе астатнія».
Пад бел-чырвона-белым штандарам: геамэтрыя новага часу
Пра тутэйшасьць Казіміра Малевіча сьведчаць і спэцыфічныя адметнасьці роднага краю, адлюстраваныя ў мастацкіх творах рознага часу. У ліку такіх доказаў — выявы бел-чырвона-белага сьцяга, бо чужынцу наўрад ці была б нейкая справа да сымбаляў іншай краіны. У кнізе «Казімір Малевіч. Узыходжаньне на крыж лёсу» Ігар Аляксандравіч спасылаецца на ўспаміны віцебскіх вучняў майстра: «Віцебск абклейвалі копіямі карцін і фатаздымкаў выставаў, на якіх заўсёды „Чорны квадрат“ і бел-чырвона-белы штандар у цэнтры экспазыцыі».
«Так, гэта чырвоная паласа на белым фоне. Па сутнасьці — чысьцейшая „Пагоня“. Твор шматразова выстаўляўся, але са зразумелых прычынаў нідзе не абмяркоўваўся, найперш — у расейскім маствацтвазнаўстве. Але гэта ў чыстым выглядзе бел-чырвона-белы сьцяг, атрыбут ягонай зямлі. То бок у гэтым і выяўляецца мэнтальнасьць чалавека, які ведаў свой сьцяг, свой літвінскі сымбаль. Казімір Малевіч жыў зь ім, ён разумеў яго, і ня выключана, што ў нейкім выглядзе гэты сьцяг нават падштурхнуў яго вось у тыя элемэнтарныя формы. Таму што, па вялікім рахунку, гэта досыць рэдкае колеравае спалучэньне. Але факт, што гэта ўсё зьвязана, тут наўпроставая залежнасьць; спадзяюся, што ў будучым гэта будзе добра вывучана, дасьледавана і паказана. Асабіста мне вельмі б хацелася, каб і асоба мастака, і ягонае мастацтва супрэматызму больш арганічна ўвайшло ў наша жыцьцё і, самае галоўнае, у розумы нашых людзей. Разуменьнем таго, што гэта геніяльнае дасягненьне чалавецтва, што чалавек дайшоў да пэўнай мяжы ўсьведамленьня таго, што адбываецца, як уладкаваны сьвет. Ніхто не падказвае яму нейкіх правілаў, каб зразумець, што там за нашым разуменьнем, што было да Вялікага выбуху; чаму вялізная колькасьць галяктык зьнікае ў нейкай чорнай матэрыі, у прасторы, якая называецца „чорная дзірка“. Што гэта такое, як гэта асэнсаваць? І вось гэтая эмацыйнасьць, гэтая філязофія прадбачаньня мастака шмат у чым прачыняе заслону таямніцы».
На пачатку 2000-х прафэсар Ігар Малевіч быў запрошаны на інтэрвію ў нью-ёрцкую студыю папулярнага тэлеканалу, які расказвае пра ўсясьветнае мастацтва. Як водзіцца, пасьля рэвэрансаў у бок навуковых заслугаў фізыка зь Беларусі спыніліся на постаці ягонага знакамітага продка. А ўрэшце наважыліся на экспэрымэнт: паставілі побач, а потым сумясьцілі фатаздымкі Казіміра і Ігара. І вядучыя былі ў захапленьні — амаль поўная тоеснасьць, 114 агульных рысаў твару. Пры тым, што ўнікальным лічыцца падабенства ўтрая меншае. Гэткім жа чынам наклалі здымкі Казіміра і Аляксандра, бацькі Ігара Аляксандравіча — выявы мужчынаў аднаго ўзросту супадалі бездакорна.
Як піша ў сваёй кнізе Ігар Малевіч, празь некалькі гадзінаў у рэдакцыю прыехала Мэры Дуган, супрацоўніца музэю Гугенхайма, каб паглядзець на «ўваскрэслага» Казіміра Малевіча. Прымчалася, ейнымі словамі, перш за ўсё каб «памацаць», а потым — пагаварыць. Шмат каму з гледачоў здавалася, што ўсё гэта — жарты тэлевізійшчыкаў.
Ігар Карней, Радыё Свабода
Менск, 11 ліпеня 2015
Менск, 11 ліпеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2343
Текущая дата: 23.12.2024