Белорусский портал в Казахстане

Як у сталічнай школе зберагаюць спадчыну Пімена Панчанкі



“Звязда”, 18.02.2016

— Вы зойдзеце ў наш музей і самі адчуеце: у ім — як у храме, — гаворыць дырэктар 199-й мінскай школы Галіна ФІЛІПЁНАК.

І насамрэч, тут вельмі светла і ўтульна, душэўнасці і цеплыні гэтаму школьнаму музею народнага паэта Пімена Панчанкі дакладна хапае. Можа быць, таму, што яго ствараюць людзі, якім творчасць і лёс Пімена Емяльянавіча сапраўды блізкія.

Здзіўляюцца нават сваякі

Напэўна, так сышліся зоркі: сярэдняя школа №199, у якой размяшчаецца літаратурны музей паэта, знаходзіцца ў Мінску на вуліцы, названай у яго гонар. У 2003 годзе па ініцыятыве настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Яніны Іванаўны Плашчынскай і першага дырэктара школы Сяргея Пятровіча Стрэнкоўскага тут адкрылася экспазіцыя, прысвечаная Панчанку. Значную дапамогу ў яе стварэнні аказала жонка паэта Зоя Кірылаўна, якая перадала ў школу многія рэчы мужа.

Цяпер фонды ўнікальнага музея налічваюць 1003 прадметы. Чаму ўнікальнага? Таму што гэта адзіны не толькі ў Мінску, але і ў Беларусі літаратурны музей, прысвечаны жыццю і творчасці Пімена Емяльянавіча. Тут прадстаўлены рэчы, якія перадалі яго сваякі.

— Вельмі прыемна, што яны даверылі нам сваю спадчыну. Калі сваякі наведваюць музей, здзіўляюцца, што мы расказваем пра іх жыццё і ведаем пра некаторыя падзеі нават больш, чым яны самі, — усміхаецца Галіна Аркадзьеўна.

Ды і для саміх школьнікаў Пімен Панчанка — не проста прозвішча з падручніка па літаратуры, а выбітная асоба, да захавання памяці якой яны маюць самае непасрэднае дачыненне. У музеі вучні старэйшых класаў праводзяць экскурсіі, а таксама прымаюць удзел у навуковай і пошукавай рабоце.

— Яе праводзіць не так лёгка, бо некаторыя рэчы паэта сям`я нам ужо перадала, і цяпер яны з`яўляюцца хіба што з нейкай нагоды. Напрыклад, да 95-годдзя паэта яго блізкія прыйшлі ў музей не з пустымі рукамі: прынеслі друкавальную машынку, якая належала Пімену Панчанку. Хоць друкавала, у асноўным, Зоя Кірылаўна, але ж і рукі паэта да яе таксама дакраналіся, — расказвае дырэктар.

А калі ў рэдакцыі часопіса «Роднае слова» праходзіў рамонт, адтуль у школу перадалі шафу, якая калісьці стаяла ў кватэры Пімена Емяльянавіча.

Нос рыбы-пілы і званочак

Экспазіцыя змяшчае сем тэматычных раздзелаў, кожны з якіх паказвае асобу Панчанкі праз сямейныя і сяброўскія адносіны, падзеі ваеннага часу, вандроўкі — а ён вельмі шмат ездзіў па свеце. У музеі сабрана амаль уся асабістая бібліятэка Панчанкі — любімыя кнігі, творы сяброў-пісьменнікаў з аўтографамі і, безумоўна, выданні самога народнага паэта. Тут можна ўбачыць не толькі экспанаты з цікавым лёсам, але і насамрэч экзатычныя — такія, як, напрыклад, нос рыбы-пілы — яго Пімен Емяльянавіч прывёз з Непала.

Яшчэ адна цікавая рэч — званочак з Валдая, выраблены па тэхналогіі 1225 года. Яго падарылі беларускаму паэту, які быў ганаровым жыхаром горада. Гэты прадмет не проста стаіць на стале ў музеі, а гучыць для школьнікаў на першай і апошняй лінейках у навучальным годзе.

А піянерскі гальштук з Бухары, які захоўваецца ў музеі, натхніў паэта на верш. Гэты гальштук пад вялікім уражаннем ад сустрэчы з Піменам Панчанкам перадала паэту ўзбекская дзяўчынка.

Кубачак, з якога паэт піў гарбату, стол з незацёртым кружочкам ад яго, тканыя гальштукі з арнаментам, ключыкі ад чамаданаў, куфэрак для лекаў, фотаапарат, электрабрытва — усе гэтыя рэчы надаюць музею асаблівую цеплыню, а самога народнага паэта ў вачах наведвальнікаў робяць простым і дамашнім — сваім.

На бацькоўскі сход — у музей!

У музеі фактычна няма сучасных матэрыялаў, і менавіта гэта надае яму ўтульнасці і дапамагае захаваць дух часу, у якім жыў паэт. Нават рэчы на стале размешчаны ў тым жа парадку, у якім раскладаў іх Панчанка.

— У Пімена Емяльянавіча ёсць верш «Жыта». Ён вельмі любіў жытнёвае поле. І ў вершы ёсць такія словы: «калі не пабачу жыта, раблюся хворым». Таму ў музеі заўсёды стаіць вялікі сноп жыта.

Сама Галіна Філіпёнак працуе ў 199-й школе шэсць гадоў, і за гэты час па-сапраўднаму праніклася творчасцю Пімена Панчанкі. Яна расказвае пра музей, яго экспанаты, сваякоў і самога паэта, як пра нешта сакральнае.

— Калі бачыш апантанасць настаўнікаў і вучняў, кіраўніку застацца абыякавым немагчыма, — тлумачыць яна.

Па ініцыятыве Галіны Аркадзьеўны да 95-годдзя Панчанкі, якое адзначалі
ў 2012 годзе, у музеі правялі рамонт: замянілі падлогу, затаніравалі шкло, каб дзённае святло не псавала экспанаты. Стварылі асобны пакой для музейнай дакументацыі і фондаў. На гэта пайшлі сродкі, якія зарабіла школа, дапамагалі і бацькі вучняў. Дарэчы, для іх хаця б раз на год бацькоўскі сход пачынаецца з экскурсіі.

Ужо цяпер у школе рыхтуюцца адзначыць 100-гадовы юбілей паэта, хоць да яго яшчэ больш за год. Да гэтай даты плануюць вынесці экспазіцыю за межы аднаго памяшкання. А яшчэ ідзе праца над тым, каб музей атрымаў званне народнага. За апошнія тры гады яго наведалі больш як 4,2 тысячы чалавек. Паглядзець экспанаты можа любы ахвотны, для гэтага трэба патэлефанаваць у прыёмную і пакінуць заяўку.

seradzyuk@zvіazda.by

zviazda.by 


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2466
Текущая дата: 20.04.2024