Белорусский портал в Казахстане

На Брэстчыне выдаецца раённы краязнаўчы альманах



"Звязда" - 19.02.2016

Больш як тры гады выходзіць Брэсцкі раённы краязнаўчы альманах «Астрамечаўскі рукапіс».

Прыклад уражвае: ужо пабачылі свет дванаццаць нумароў. Душа і сэрца выдання — пісьменнік, краязнаўца Аляксандр Валковіч, які жыве і працуе ў Брэсце, шмат падарожнічае па блізкіх і далёкіх ваколіцах, занатоўвае радзімазнаўчую біяграфію самых розных мясцін. Спрыяюць выхаду альманаха ў свет Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт, раённы дом рамёстваў. Сярод грамадскіх фундатараў праекта — Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.

— Пра змест «Астрамечаўскага рукапісу» гавораць самі назвы раздзелаў, рубрык альманаха, — расказвае Аляксандр Валковіч. — «Астрамечава і астрамечаўцы», «Чароўныя спевы і паданні спадчыны», «Народныя святы і звычаі Берасцейшчыны», «Скарбніца народных талентаў», «Літаратурная сядзіба», «Старонкі гісторыі», «Калаўрот культурнага жыцця»... Сярод нашых аўтараў — дасведчаныя гісторыкі, фалькларысты, этнографы, пісьменнікі, журналісты розных выданняў. Стараемся не мінаць кнігі, якія прысвечаны Берасцейшчыне, расказваем пра іх, змяшчаем рэцэнзіі.

Відавочна, што краязнаўчы альманах служыць добрым прыкладам для мясцовых даследчыкаў у розных куточках краіны. Рэгіяналістыка застаецца неад`емнай часткай адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў.

Мікола Раўнапольскі

"Звязда" 


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2467
Текущая дата: 13.05.2024