Белорусский портал в Казахстане

Чаго і чаму не хапае дзіцячым выданням



Звязда, 24.03.2016

Памятаеце часы, калі набыць кнігу можна было толькі здаўшы 20 кілаграмаў макулатуры? А права прыдбаць поўныя зборы твораў класікаў — выйграць у кніжную латарэю? Не забыліся, як хаваліся ноччу пад коўдру з ліхтарыкам, каб дачытаць любімую казку? Такія або амаль такія аматары кніг ёсць і цяпер, але сустракаюцца яны значна радзей.

Што патрэбна сучасным чытачам, асабліва самай складанай, непрадказальнай і шчырай катэгорыі — дзецям? Як пісаць, каб было цікава і карысна, каб «чапляла» і вымушала думаць? Чаму наогул жаданне чытаць лічыцца адным з неабходных крытэрыяў культурнага выхавання? Адказ на гэтыя і іншыя пытанні спрабавалі знайсці беларускія і расійскія пісьменнікі і бібліятэкары — удзельнікі «круглага стала», што прайшоў у Выдавецкім доме «Звязда».

Генетычная схільнасць або заслуга бацькоў?

Тэма дзіцячай літаратуры апошнім часам уздымаецца даволі часта і становіцца ўсё больш актуальнай. Асабліва праз шырокае распаўсюджванне сур`ёзных канкурэнтаў друкаваных выданняў: камп`ютараў, планшэтаў і тэлевізараў, адарваць ад якіх дзяцей досыць складана.

— Цяпер стаіць задача не зацікавіць дзіця канкрэтным творам, а ўвогуле заахвоціць яго да чытання. Каб быць адукаваным, думаючым чалавекам, з якім проста прыемна пагаварыць, якой бы прафесіі ён ні быў, трэба чытаць, — упэўнены Аляксей ЧАРОТА, галоўны рэдактар часопіса «Нёман». — І ў гэтым плане дзіцячы пісьменнік бярэ на сябе вялікую адказнасць, калі звяртаецца да маленькай публікі, у якой яшчэ не сфарміравалася псіхіка. Аўтары робяць значны ўнёсак у развіццё мастацкага густу дзяцей і нават пэўным чынам уплываюць на іх будучыню, на тое, кім яны захочуць стаць.

Распаўсюджана меркаванне, што дзеці, якія чытаюць, растуць у сем`ях, дзе чытаюць бацькі. Аднак цяпер да гэтай умовы можна дадаць і стаўленне бібліятэкараў да маленькіх наведвальнікаў.

Адносіны да кнігі ў некаторых сем`ях відаць літаральна з некалькіх слоў бацькоў, якія разам з дзецьмі прыходзяць браць выданні на лета: «Бязладдзе! Прымушаюць на вакацыях нейкім пазакласным чытаннем займацца!» А часам малое нават не трапляе ў залу, бо маці кажа яму: «Пасядзі на канапе, а я хуценька кнігі памяняю і прынясу, што табе там яшчэ задалі пачытаць».

— Важна, каб дзіця не баялася зайсці ў бібліятэку. Шмат залежыць ад таго, як яго сустрэне бібліятэкар. Ці ён будзе сядзець, уткнуўшыся ў кнігу і нешта бурчаць пад нос, ці ветліва і з усмешкай пацікавіцца, што падказаць, — выказалася Святлана ЛАТОШ, загадчыца дзіцячай бібліятэкі №12. — Цудоўна, што апошнім часам да нас пачалі прыходзіць сем`ямі, асабліва на выхадных. Бацькі сумесна з дзецьмі гартаюць кнігі, і відаць, што дарослым гэта таксама прыносіць задавальненне.

Разам з тым сацыялагічнае апытанне бацькоў, дзяцей і бібліятэкараў, якое праводзілася спецыялістамі Нацыянальнай бібліятэкі некалькі гадоў таму, паказала, што 60% дзяцей не бачаць сваіх бацькоў з кнігай, а 40% малых адзначылі, што бацькі ім не чытаюць, агучыла лічбы Вольга БАНДАРЧУК, вядучы метадыст навукова-даследчага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі.

Кіраўнік аддзела праектнай дзейнасці і міжнароднага супрацоўніцтва Маскоўскай абласной дзіцячай бібліятэкі Людміла МАКСІМАВА расказала пра іх сумесны з Усерасійскай бацькоўскай асацыяцыяй вопыт па адукаванні бацькоў. Яна пагадзілася, што сучасныя таты і мамы сапраўды чытаюць мала, і пры кожнай дзіцячай бібліятэцы па магчымасці трэба было б заснаваць бацькоўскі клуб. Пакуль малыя выбіраюць кнігі, з дарослымі працуюць бібліёграфы.

— На сайце асацыяцыі мы плануем ствараць вэбінары і выпускаць электронны часопіс, вывешваць навінкі літаратуры, творы, рэкамендаваныя да чытання, і нават спіс некарыснай літаратуры з рэцэнзіямі, каб бацькі маглі арыентавацца, — распавяла Людміла Максімава. — У нас нават вучацца цяпер па спецыяльнасці «цьютар установы культуры» — гэта чалавек, які ведае, што парэкамендаваць пачытаць.

Думаецца, што своеасаблівыя псіхалагічныя прышчэпкі, якія б заахвочвалі да чытання, зараз патрабуюцца і дзецям, і дарослым. Аднак, магчыма, любоў да чытання ўвогуле закладзена генетычна і не залежыць ні ад якіх прымусаў ці заахвочванняў, лічыць пісьменнік Генадзь АЎЛАСЕНКА:

— Мае бацькі чыталі не вельмі шмат, а вось я гарнуўся да кнігі. Можа, нежаданне дзяцей чытаць — гэта не сучасная праблема, а ва ўсе часы былі тыя, хто цікавіўся кнігай, і каго да яе было не зацягнуць.

Па вокладцы кнігу гартаюць, па змесце — чытаюць

Яркія вокладкі з цікавымі малюнкамі, незвычайныя формы і памеры, прозвішчы знакамітых аўтараў. На што толькі не ідуць выдаўцы, каб прыцягнуць увагу дзяцей і бацькоў. Аднак прыгожа ілюстраванае выданне не заўжды змястоўнае і якаснае. Асабліва калі гэта не нацыянальная літаратура, а перакладная, змест якой першапачаткова разлічаны на менталітэт замежнага чытача.

— Якасць зместу шмат якіх выданняў вымушае жадаць лепшага яшчэ і таму, што з`яўляецца шмат адаптаванай літаратуры, калі рэдактар проста пераказвае вольным стылем класічныя казкі. У выніку атрымоўваецца скарочанае і скажонае непаразуменне, — выказаўся пісьменнік Валерый Кастручын. — Тое ж тычыцца і дарослай літаратуры. Уявіце сабе кнігі Дастаеўскага ці Талстога, якія ў замежным перакладзе змяшчаюцца на некалькіх старонках.

— Дзіця перш за ўсё глядзіць у кнізе на малюнкі. У сучасных малых кліпавае ўспрыманне інфармацыі — ім трэба тры радкі звестак даць, бо далей ён проста чытаць не будзе, — упэўнена Вольга ЦІТОВА, загадчыца дзіцячай бібліятэкі №16.

Прагучала таксама меркаванне, што падлеткі ўжо не кідаюцца, як сарокі, на бліскучыя вобразы. «Халодныя» камп`ютарныя карціны адштурхоўваюць ад сябе, і дзецям хочацца малюнкаў, створаных мастакамі ўручную спецыяльна пад творы.

Яшчэ адна праблема дзіцячай літаратуры — узроставыя абмежаванні на вокладках накшталт «0+», «3+», «6+» і г.д., якія, на думку спецыялістаў, ствараюцца штучна і надумана. Гэты маркетынгавы ход, разлічаны на недасведчаных асоб, якія купляюць кнігі, толькі паглядзеўшы на лічбу, не пацікавіўшыся іх зместам.

— Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту напісана шмат: казкі, вершы, аповесці. Але ж хацелася б больш апавяданняў і невялікіх аповедаў. А ў кнігах для падлеткаў трэба ўздымаць пытанні іх узаемаадносін паміж сабой, стасункаў у сям`і, з настаўнікамі. На такія тэмы выходзяць нашы аўтары Валерый Гапееў і Алесь Бадак, але гэтага мала, — зазначыла Вольга Цітова.

Не хапае кніг, якія дапамагалі б навучальнаму працэсу. Бібліятэкарам хацелася б бачыць на паліцах тэматычныя зборнікі на тэму сяброўства і таварыства, кнігі пра прыроду, прыгоды, пра што часта пытаюцца наведвальнікі. Адчуваецца недахоп кніг беларускай дзіцячай класікі: Якуба Коласа, Янкі Купалы, Васіля Віткі, Максіма Багдановіча, казак Уладзіміра Караткевіча, фармат якіх падыходзіў бы пад заплечнікі малых.

— Пабольш хацелася б прыгодніцкіх кніг. Не фэнтэзі, якіх сёння мноства, а пазнавальных і блізкіх успрыманню дзіцяці сітуацый, калі элемент казкі накладваўся б на рэчаіснасць, — дадала Святлана Латош.

— Калі пісьменнік піша, ён не думае, ці актуальна тэма, якая прыйшла ў галаву з натхненнем. Калі ён будзе загадзя думаць, пра што напісаць, каб гэта было запатрабаваным, нічога не атрымаецца. Можа, таму і прабелы ў тэмах дзіцячых, што аўтары пішуць па натхненні, а не па актуальнасці, — зрабіў здагадку Генадзь Аўласенка.

Хочаш пісаць пра прыроду — ідзі ў лес

На думку Алега ТРУШЫНА, члена Саюза пісьменнікаў Расіі, творы пра жывёльны свет і прыроду патрабуюць асаблівай увагі пры напісанні. Яны займаюць бадай што галоўнае месца ў літаратурнай галіне, бо нясуць дабрыню і міласэрнасць. На жаль, ніша выданняў такога кшталту не лічыцца камерцыйнай ні ў Расіі, ні ў Беларусі і з часам можа зусім апусцець.

— Быць пісьменнікам-натуралістам — цяжкая праца. Каб пісаць пра прыроду, яе трэба дакладна апісваць з пункту гледжання біялогіі жывёл. Фактычна гэта фатаграфічная літаратура, — заўважыў расійскі пісьменнік. — Такія кнігі не пішуцца за сталом дома. У любое надвор`е, у любую пару года ты мусіш ісці ў лес, назіраць за наваколлем. Разам з тым, калі пішаш пра прыроду, міжволі закранаеш тэму патрыятызму, якая не займае ў творы першаснае месца, а гучыць быццам спакваля.

Працягваючы тэму прыроды, Валерый Кастручын зазначыў, што пра яе, здаецца, напісана ўжо ўсё, і лепш, чым такія славутыя класікі, як Джэк Лондан ці Віталій Біянкі, сказаць ужо немагчыма. Застаецца хіба што раўняцца на іх, што таксама цяжка:

— Часам, чалавек, які нарадзіўся і вырас у горадзе, раптам пачынае пісаць казкі пра мышанят і кацянят, палічыўшы, што гэта проста. Атрымоўваюцца такія фантазіі, што не трэба быць кандыдатам біялагічных навук, каб схапіцца за галаву, убачыўшы падобныя «шэдэўры». Хоць гэта і казка, але ж звяры ў ёй павінны быць пазнавальнымі.

Атрымліваецца, каб проста пачытаць нешта, недастаткова аднаго жадання — лепш ведаць, што бярэш, каб не марнаваць свой час.

sіdarok@zvіazda.by

zviazda.by


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2513
Текущая дата: 25.04.2024