Белорусский портал в Казахстане

Успамінаючы Мюнхен-1972



Звязда, 06.04.2016

Амаль 2 метры яго рост, вышыня дасягненняў таксама завоблачная, у спорце зрабіў многае, калі не ўсё. Перад намі — алімпійскі чэмпіён, чэмпіён свету, неаднакратны чэмпіён Еўропы, шматразовы чэмпіён СССР і заслужаны трэнер. Вясною ён размяняў восьмы дзясятак, але адразу не скажаш. Перад намі атлетычнага складу жыццялюб з гучным басам. Яго клікалі ў царкоўны хор, але ён абраў сваю рэлігію, імя якой — спорт.

Іван Ядэшка ўспомніць 3 секунды, што падзялілі жыццё на «да» і «пасля», прыгадае Ліван, пясчаныя буры і крылатых афрыканскіх тараканаў-конікаў. Але самае галоўнае, чалавек-легенда расскажа, дзе жыве шчасце і на якім полі яго шукаць.

Мюнхен-1972. Алімпійскі фінал. Супраць СССР трымае ўдар ЗША. Да канца матча 3 секунды. Амерыканцы вырываюцца наперад з лікам 50:49. Вось яна, лёсавырашальная атака, вострая, як і адносіны паміж вялікімі краінамі. Трэнер выпускае абаронцу Івана Ядэшку. За 3 секунды ён павінен зрабіць пас «апошняй надзеі» — кволай, але пакуль жывой.

...Перад нашым Іванам стаіць гіганцкі Том Барлесан — 2 метры 26 сантыметраў — гэта не жарты. Заморскі волат зацямняе шлях да заветнага кошыка. Ён актыўна махае доўгімі рукамі, якія ў паветры рассякаюць пляцоўку нябачнай сцяной. Суддзя паказвае амерыканцу: маўляў, правілы забараняюць такія жэсты за пярэдняй лініяй. Том Барлесан не разумее арбітра, думае, трэба адысці ўглыб пляцоўкі, робіць дзясятак крокаў, адкрываючы беларусу дарогу да кошыка...

Наступны момант назаўжды застанецца ў гісторыі сусветнага баскетбола як славуты высокі пас. Іван Ядэшка адпраўляе магічную перадачу цераз усю пляцоўку. Фантастыка! Аляксандр Бялоў ловіць аранжавы мяч і кідае з-пад самага кошыка. Перамога!

Да гэтага часу абрастаюць шчыльным слоем пылу сярэбраныя медалі амерыканскай зборнай у Алімпійскім музеі. Заакіянскія баскетбалісты строга наказалі нашчадкам ніколі не забіраць тыя ганебныя ўзнагароды.

У далёкім 1972-м амерыканцы дэманстратыўна не выйшлі на цырымонію. Цэлую ноч арганізатары турніру абмяркоўвалі спрэчную сітуацыю, бо ЗША падалі пратэст. «Толькі а пятай гадзіне раніцы патрапілі ў гасцініцу, — прыгадвае Іван Ядэшка. — У халадзільніку нас чакалі піва і баварскія сасіскі, але піць нельга: раптам прымусяць перагуляць ракавыя 3 секунды! Паснедалі, прыйшоў трэнер, сказаў: «Перагульваем... — Мы ўздыхнулі, — ...праз чатыры гады ў Манрэалі!» — марудна дагаварыў ён, і нам не трэба было іншага шчасця! Адзначалі чорнай ікрой з рускай гарэлкай. Як і мае быць (усміхаецца)».

На тых Алімпійскіх гульнях у Мюнхене ўвесь Савецкі Саюз трыўмфаваў тройчы. Спачатку Валерый Барзоў перамог у спрынце, абагнаўшы першым у гісторыі цемнаскурага бегуна. Затым Вольга Корбут зрабіла сальта на бервяне, адразу стаўшы зоркай сусветнай велічыні. І, нарэшце, тыя 3 баскетбольныя секунды Івана Ядэшкі.

Што атрымалі савецкія алімпійцы? «Жыгулі» без даўжэзнай чаргі. На наступных заморскіх турнірах спартсмены зараблялі па 3 долары за працоўны дзень. А амерыканскім калегам ужо тады за перамогу плацілі тысяч па 20 зялёных. Словы Івана Ядэшкі пра тое, што «раней цанілі наяўнасць характару, а сёння — наяўныя грошы ў кішэні», бадай, сталі афарызмам. Зараз ганарары псуюць спартсменаў, асабліва юных. Славуты баскетбаліст зусім не шкадуе аб мінулым, а ганарыцца прыналежнасцю да старой гвардыі. Ды і пра што мог шкадаваць беларускі юнак, які вырваўся з невялічкага горада над Нёманам у зборную вялікага Савецкага Саюза? Іван успамінае: «Калісьці я гуляў за Гродна, да мяне падышоў Алжан Жармухамедаў (алімпійскі чэмпіён, партнёр па зборнай. — Рэд.) і сказаў: «Можна, я таксама буду гуляць за Гродна? Я з такога ж аула, што і ты!» Цяпер спартсмен называе родны горад найлепшым на зямлі і ў свой дзень нараджэння едзе на малую радзіму, хоць ужо даўным-даўно асеў у Маскве. Але ж тут жыве брат, тут пахаваны бацькі.

«Кажуць, ваш улюбёны пісьменнік — Джэк Лондан. А яго апавяданні славяцца нечаканым фіналам. У вашым жыцці часта здараюцца нечаканасці? І чым вас можна здзівіць?» — пытаю ў Івана Ядэшкі.

«Я вельмі люблю ўсё натуральнае, нявыдуманае. Апавяданні Лондана — гэта якраз праўда жыцця, кожны сюжэт — рэальны, адчуты ўласнай скурай. Ведаеце, мяне кожную секунду здзіўляюць самыя простыя рэчы. Калі я пакіну здзіўляцца, то можаце напісаць, што Ядэшка альбо пачаў паміраць, альбо ўжо мёртвы (смяецца)».

Сярод сяброў, а значыць, сярод тых, хто бавіць час на падмаскоўнай дачы спартсмена, — Леў Лешчанка. Іван Іванавіч не аднойчы сустракаў свой дзень нараджэння ў кампаніі спевака. Трэба сказаць, у той савецкі час ЦСКА быў домам, і баскетбалісты, хакеісты, футбалісты, фігурысты сябравалі. Вечары спартыўная эліта ладзіла з акцёрамі тэатра на Таганцы, «Сучасніка», з салістамі «Вялікага». Іван Ядэшка лічыць савецкі час прыгожым: «Мы дыхалі іншым паветрам — паветрам сяброўства, шчырасці, радасных размоў, дабрыні. Людзі былі сумленныя і прыстойныя».

Самы экзатычны момант у кар`еры — гэта Ліван.

«Тады многія ляцелі па трэнерскі хлеб у тропікі. Напрыклад, Яўген Каваленка пашукаў шчасця-долі на Мадагаскары. Я патрапіў у Ліван. Далі пакойчык з адным акном на ваенна-марской базе. Круглы год 40 градусаў спёка, стабільна — пясчаныя буры, а яшчэ — крылатыя афрыканскія тараканы-конікі зробяць налёт і знянацку заб`юцца ў валасы. Ці экзотыка гэта? Так, напэўна, — пагаджаецца спартсмен. — Ведаеце, я быў сведкам таго, як баскетбол можа прымірыць любыя рэлігіі. Ліванцы дзеляцца на хрысціян і мусульман, паміж імі частыя канфлікты. Але на гульню ўсе ішлі хварэць супольна, нават жанчыны ў чадры. Баскетбол прыносіў мір у Ліван». Трэба сказаць, каманда Івана Ядэшкі стала чэмпіёнам паўднёвай краіны і замацавалася на гэтай пазіцыі ўсе гады яго трэнерства, а ў апошнім сезоне з беларусам яна ўпершыню ў гісторыі стала чэмпіёнам Азіі.

Колькі ні гуляй, усё роўна давядзецца павесіць красоўкі на цвік. Не абмінуў час і Івана Ядэшку, самага тэхнічнага гульца зборнай, што калісьці першым сярод вялікіх баскетбалістаў пакалення 1970-х пачаў працаваць з чатырма мячамі. Праўда, ён па-ранейшаму атлетычны жыццялюб. Нездарма яго называлі і называюць цыркавым жанглёрам. У любой сітуацыі знойдзе, чым жангляваць, каб быць шчаслівым. Сёння баскетбаліст ладзіць лекцыі, семінары, майстар-класы. «Уменне знайсці падыход да дзяцей — гэта маё. Я адчуваю, што патрэбны ім, магу перадаць свой вопыт, бо маю ўласную філасофію. Каб радавацца жыццю, трэба радавацца жыццю!»

«Мне падабаецца быць вольным, не патрэбны ані Мальдывы, ані Дамінікана з Тайландам. Жыву на дачы, люблю Беларусь, куды еду рыбачыць, магу паехаць з вудай і ў Фінляндыю, Швецыю. Цікава гэта. Дыялог з прыродай дорыць шчасце, а гарадской мітуснёй і экзатычнымі краінамі я ўжо наеўся (усміхаецца)».

Маргарыта САДОЎСКАЯ

zviazda.by 


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2534
Текущая дата: 25.12.2024