Белорусский портал в Казахстане

Перадумоў для стварэння адзінай валюты ў ЕАЭС пакуль няма



(БЕЛТА) 25 красавіка 2016

Перадумоў для стварэння адзінай валюты ў Еўразійскім эканамічным саюзе пакуль няма. Такое меркаванне выказаў член Калегіі (міністр) па эканоміцы і фінансавай палітыцы Еўразійскай эканамічнай камісіі Цімур Сулейменаў у ходзе XIII Еўразійскага медыяфоруму, паведамілі ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Цімур Сулейменаў лічыць, што любыя інтэграцыйныя рашэнні неабходны, толькі калі яны рэальна прынясуць выгаду ўсім краінам саюза. "Інтэграцыя не з`яўляецца самамэтай, яна інструмент для забеспячэння росту эканомік краін-удзельніц і дабрабыту іх грамадзян", - падкрэсліў міністр.

Ён нагадаў, што ў дагаворы аб ЕАЭС прадугледжана толькі каардынацыя валютнай палітыкі, якую ажыццяўляе Каардынацыйны савет, куды ўваходзяць цэнтральныя або нацыянальныя банкі.

Выступаючы на сесіі ў рамках XIII Еўразійскага медыяфоруму, Цімур Сулейменаў расказаў аб сферах, у якіх магчыма супрацоўніцтва ЕАЭС і Еўрапейскага саюза. Міністр адзначыў, што з-за нізкіх тэмпаў росту сусветная эканоміка прабуксоўвае ў сваім развіцці. Зніжаюцца патэнцыяльныя аб`ёмы вытворчасці і, як вынік, спажыванне і інвестыцыі. У гэтых умовах вялікае значэнне набывае паглыбленне ўзаемадзеяння паміж існуючымі інтэграцыйнымі аб`яднаннямі.

"Для ЕАЭС, які фарміруецца, цеснае супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам вельмі важна, паколькі ЕС застаецца буйным гандлёвым партнёрам нашых краін. Прычым ёсць сферы, у якіх супрацоўніцтва можа быць карысна абодвум бакам і пры гэтым не закранаць палітыку. Напрыклад, сфера тэхнічнага рэгулявання, санітарных і фітасанітарных мер, абмен вопытам у сферы гарманізацыі фінансавай палітыкі", - сказаў Цімур Сулейменаў.

Ацэньваючы эканамічную сітуацыю ў Еўропе, міністр адзначыў, што некаторыя праблемы, з якімі сутыкаецца ЕС, звязаны не з фундаментальнымі каштоўнасцямі, а з залішняй бюракратызацыяй, стварэннем дадатковых рэгулюючых бар`ераў ужо на наднацыянальным узроўні.

ЕАЭС у многім бярэ прыклад з Еўрасаюза, але стараецца паўтараць поспехі, а не правалы.

Адказваючы на пытанні, Цімур Сулейменаў таксама закрануў тэму міграцыі ў ЕАЭС. Паводле яго слоў, аблягчэнне ўмоў працы мігрантаў - грамадзян саюзных краін - гэта прамы плюс ад інтэграцыі.

"Мы ведаем, наколькі моцна гэта аблягчыла жыццё соцень тысяч грамадзян нашага інтэграцыйнага аб`яднання, якія працуюць у Казахстане і Расіі", - заявіў міністр.
______________________________________

Еўразійская эканамічная камісія - пастаянна дзеючы наднацыянальны рэгулюючы орган Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), які пачаў работу 2 лютага 2012 года. Цяпер у ЕЭК уваходзяць прадстаўнікі пяці краін: Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі. Рашэнні камісіі абавязковыя для выканання на тэрыторыі дзяржаў - удзельніц ЕАЭС.

25 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2548
Текущая дата: 26.12.2024