Белорусский портал в Казахстане

Беларускі артыст застаўся па-за межамі фіналу песеннага шоу



Звязда, 14.05.2016

У ноч з суботы 14 мая на нядзелю ў сталіцы Швецыі вызначыцца пераможца 61-га конкурсу песні Еўрабачанне, за ходам якога сочыць сёлета больш як 200-мільённая тэлеаўдыторыя, у тым ліку ў ЗША і Кітаі. На жаль, сярод 26 удзельнікаў фінальнага гала-канцэрта мы не ўбачым прадстаўніка Беларусі ІVAN`a (Аляксандра Іванова) з песняй Help You Fly. Па выніках другога паўфіналу, барацьбу за хрустальны мікрафон працягнуць прадстаўнікі Аўстраліі, Балгарыі, Бельгіі, Грузіі, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Польшчы, Сербіі і Украіны.

Крыўдна, нічога не скажаш — здавалася, для атрымання жаданай пуцёўкі ў фінал было зроблена ўсё як след: папярэдні скандальны піяр, адрэпеціраваная да апошняй ноткі песня, відовішчны і, безумоўна, нятанны нумар з выкарыстаннем складаных тэхналогій... Аднак не склалася. Еўрабачанне, як любяць падкрэсліваць яго эксперты, — конкурс далёка не заўжды прагназаваны і прадказальны, і ў ім штогод хтосьці, часта нечакана, узлятае, а хтосьці пралятае міма. Дый букмекеры, да меркавання якіх усё ж такі варта прыслухоўвацца, не бачылі гомельскага рокера Аляксандра Іванова сярод фіналістаў, адводзячы яму месца прыкладна паміж 20-м і 30-м (з усіх 42 удзельнікаў). З іншага боку, нумар Беларусі добра запомніўся публіцы і шырока абмяркоўваўся ў інтэрнэце, а таксама быў асобна адзначаны пастаноўшчыкамі Еўрабачання — леташні пераможца і цяперашні вядучы шоу Монс Зелмерлёў спарадзіраваў ІVAN`а, прамільгнуўшы на сцэне аголеным і з цацкай-ваўком...

Наогул, з моманту падзелу песеннага шоу на паўфіналы і фінал (чытай — з 2004 года) прадстаўнікі Беларусі праходзілі музычную гонку да канца толькі чатыры разы, а найлепшым дасягненнем нашых артыстаў дагэтуль застаецца 6-е месца Дзмітрыя Калдуна ў 2007-м. Пра што гэта сведчыць? Усяго толькі пра тое, што нам ёсць куды імкнуцца. А пакуль што — канкрэтна сёння ўвечары — беларусы змогуць сачыць за конкурсам у якасці гледачоў, ацаніць шоу з удзелам запрошанай заморскай зоркі — амерыканскага поп-спевака Джасціна Цімберлейка, і, натуральна, паўплываць на выбар пераможцы. Дарэчы, паводле жараб`ёўкі, адкрые фінальнае шоу прадстаўніца Бельгіі, а пад апошнім 26-м нумарам выступіць даўганогая прыгажуня з Арменіі Івета Мукучан.

На момант, калі рыхтавалася гэта публікацыя, у спісе найбольш верагодных фаварытаў Еўрабачання па-ранейшаму знаходзіліся Расія, Украіна і Аўстралія (у сённяшнім канцэрце выступяць пад нумарамі 18, 21 і 13 адпаведна). Каму з іх уначы будзе падпяваць уся Еўропа? Даведаемся ўжо зусім хутка — як кажуць калегі-тэлевізійнікі, не пераключайцеся.


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2557
Текущая дата: 26.12.2024