Белорусский портал в Казахстане

ХІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур прайшоў у Гродне



Гэта яшчэ раз даказаў ХІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, што прайшоў на выхадных у Гродне. У свяце прынялі ўдзел прадстаўнікі каля 40 нацыянальнасцяў, якія пражываюць у нашай краіне. яны паказалі свае танцы, песні, кухню, касцюмы на 22 падворках, а таксама канцэртных пляцоўках і імправізаваных сцэнах. На два дні Гродна ператварылася ў сапраўдны вірлівы фестывальны цэнтр краіны. Толькі за першы дзень гасцямі фэсту стала каля 120 тысяч чалавек з розных куткоў Беларусі, суседніх краін і далёкага замежжа!

Застанецца музей...

Адгрымелі канцэрты на фестывальных сцэнах; яркае шэсце ўдзельнікаў, якое прадстаўляла не толькі касцюмы, але і песні, танцы, нацыянальныя тэатральныя формы, застаецца толькі яскравым успамінам і згадкай, што можа быць узноўленай па фотаздымках. З фестывалямі нацыянальных культур развітвацца заўсёды сумна, бо кожны з іх, хоць традыцыйны і багаты на завядзёнкі, з`яўляецца непаўторным і глыбока індывідуальным паводле атмасферы. Сёлетні фестываль яго ўдзельнікам і гасцям запомніцца добразычлівымі ўсмешкамі, гасціннасцю гарадзенцаў, надзвычай багатай праграмай (паспець усё пабачыць і пачуць было амаль немагчыма!), разнастайнасцю рамесніцкіх вырабаў, прадстаўленых на выстаўцы-продажы «Горад майстроў запрашае на кірмаш».

Але ХІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур пакінуў па сабе ў старажытнай Гародні і матэрыяльныя сведчанні памяці. Адно з іх — музей фестывалю, што распачаў працу ў СШ №8. Яго стваральнікі лічаць, што гісторыя фестывалю павінна быць вядомая не толькі яго арганізатарам і пастаянным удзельнікам, але і ўсім жыхарам горада, яго гасцям.

Падчас адкрыцця музея фэсту намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя КУЛЕША заўважыла:

— Адкрыццё музея Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур — падзея доўгачаканая і вельмі важная. Фестываль мае дваццацігадовую гісторыю, таму стварэнне яго музея было проста неабходнасцю. Пакуль экспазіцыя размясцілася ў СШ №8 горада Гродна, яна распавядае пра гісторыю фэсту, але я перакананая, што з кожным наступным фестывалем фонды музея будуць папаўняцца і, магчыма, з цягам часу музей адзначыць наваселле ў гістарычным цэнтры горада, атрымае сталую прапіску ў асобным старажытным будынку. Спадзяюся, яго фонды стануць карыснымі парадамі для тых, хто будзе ладзіць фэст пасля нас.



Адметна, што новы музей — другі ў нашай краіне, які прысвечаны асобнаму фестывалю. Летась была адкрыта экспазіцыя пра пастаўскі фэст «Звіняць цымбалы і гармонік», але відавочна, што музей фэсту нацыянальных культур мае намнога большы патэнцыял для пашырэння. Ужо сёння экспазіцыя налічвае каля дзясятка стэндаў, яны расказваюць пра гісторыю фестывалю і нацыянальнасці, якія пражываюць на Беларусі. Ёсць тут калекцыя сувеніраў з папярэдніх фэстаў, а таксама фігуры-сімвалы, якія штогод атрымліваюць дыяспары-ўдзельнікі свята.

Нават у дзень адкрыцця фонды гэтага ўнікальнага музея папоўніліся новымі прадметамі. Так, Зоя Кулеша перадала сімвал сёлетняга фестывалю — шклянога бусла, які ўзлятае. А намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, адзін з арганізатараў самага першага фестывалю нацыянальных культур, які прайшоў у Гродне ў 1996 годзе, Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ перадаў фільм пра першы фэст. Тадэвуш Іванавіч сказаў:

— Я вельмі рады, што спраўджваецца мая мара аб стварэнні музея фестывалю нацыянальных культур. У 1994 годзе, калі фэст толькі задумваўся, яго арганізатары былі ўпэўнены ў тым, што свята стане адным з самых яркіх, прыгожых і адметных у нашай краіне. Так і адбылося. Больш за тое, ён атрымаўся яшчэ і самым дынамічным, бо творчыя рэсурсы свята вельмі значныя, і за дваццацігоддзе існавання фестывалю яны не раскрытыя.

Так, калі звярнуцца да гісторыі, то ў першым фестывалі прымалі ўдзел прадстаўнікі толькі 11 нацыянальных аб`яднанняў, тады не ўсе з іх мелі свае творчыя калектывы. Вынікі дваццацігоддзя існавання фестывалю сапраўды ўражваюць: аб сабе заявіла многа новых нацыянальнасцяў, былі створаны творчыя калектывы, якія надзвычай высока ўзнялі свой узровень выканання, многія наблізіліся да прафесійных.

Думаецца, адной з традыцый фестывалю нацыянальных культур можа стаць і папаўненне яго музея творчымі прадметамі, цікавымі рэчамі ад удзельнікаў. Жывы, дынамічны музей мае ўсе магчымасці для развіцця і пашырэння, ён можа стаць адным з самых цікавых музеяў у горадзе, прывабліваць гасцей з іншых краін. Толькі ўявіце: адно наведванне музея фестывалю можа даць уяўленне пра нацыянальнасці, якія пражываюць на тэрыторыі нашай краіны, і іх культуру, традыцыі.



...і старажытная ладдзя

Пачаткам яшчэ аднаго важнага праекта, на гэты раз турыстычнага, стала адкрыццё падчас фестывалю нацыянальных культур скульптуры-сімвала на беразе Нёмана, непадалёк ад Старога і Новага замкаў. Фігура ладдзі-насада з`явілася на беразе магутнай ракі не выпадкова. На такіх ладдзях у ХІІ стагоддзі нашы продкі рухаліся па хвалях Нёмана, а ў ХXІ стагоддзі яна можа стаць турыстычным брэндам Гродна. Мяркуецца, што адкрыццё скульптуры паслужыць стартам для важных праектаў і рашэнняў, сімвалам дружбы народаў і краін. Урачыстую цырымонію прадстаўлення ладдзі публіцы правёў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў ГОЙ. Ён падкрэсліў:

— Нам прырода падарыла ўнікальную раку Нёман. Ужо дзевяць стагоддзяў таму яна была асноўным гандлёвым шляхам для нашых продкаў. На жаль, сёння раку ў такіх мэтах мы амаль не выкарыстоўваем, не развіваем яе экскурсійны і турыстычны патэнцыял. А яна можа быць карыснай для горада, рэгіёна і суседніх дзяржаў. Літаральна на мінулым тыдні мы праплылі па Нёмане ад Гродна да літоўскага Друскенінкая, усё атрымалася. Спадзяёмся, што гэты сімвалічны жэст стане пачаткам добраўпарадкавання ракі, набыцця новых суднаў для ажыццяўлення трансгранічнага супрацоўніцтва.

Скульптура ладдзі стала доказам пераемнасці пакаленняў, захавання памяці пра традыцыі краю праз гады і стагоддзі. У цырымоніі адкрыцця фігуры таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні Рэспубліканскага турысцка-спартыўнага саюза Сяргей Каляда і аўтар скульптуры Уладзімір Панцялееў.

Адметна, што старажытная шахматная фігурка, якая натхніла на стварэнне скульптуры, адносіцца да часоў гарадзенскага князя Усеваладкі і княгіні Агаф`і. Менавіта такія ладдзі ў той час забяспечвалі кантроль над рухам гандлёвых судоў па Нёмане. Гэта ўнікальная лодка з двума вострымі насамі магла хадзіць па рацэ і вельмі хутка манеўраваць, рухацца ў абодва бакі, грабцы пры гэтым былі схаваныя пад палубай.

Кіраўніцтва горада плануе, што з часам непадалёк ад скульптуры ладдзі з`явіцца прыстань, а сама фігура стане яшчэ адным пунктам прыцягнення турыстаў. Мечыслаў Гой таксама адзначыў, што сёння Гродну не хапае малых скульптурных формаў, таму час ад часу на вуліцах гэтага старажытнага горада будуць з`яўляцца новыя фігуры. Наступную ўстановяць ужо ў верасні, да Дня горада.



Яшчэ і ўзімку?

Правядзенне Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у летнім фармаце — цалкам лагічнае і зразумелае рашэнне, якое за дваццацігоддзе існавання свята сябе апраўдала. Але калі прапанаваць прадстаўнікам розных нацыянальнасцяў якія жывуць у Беларусі, сабрацца ў Гродне ўзімку? А само свята праводзіць як Алімпійскія гульні, летам і зімою? Менавіта такую ідэю выказаў падчас цырымоніі закрыцця фэсту міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ. Ён зазначыў:

— На жаль, набліжаецца завяршэнне свята. Мы рыхтаваліся да яго цягам паўгода, і ўсё атрымалася. Чарговы раз фестываль пацвердзіў, што Беларусь — гэта ручнік, дзе могуць вышываць культурныя ўзоры прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Таму не дзіўна, што фэст карыстаецца такой папулярнасцю. Ён уносіць значны ўклад у развіццё культуры краіны. Варта было б пашырыць праграму фестывалю і праводзіць свята не толькі летам, але і ўзімку.

І сапраўды, зімовы фармат святкавання паказаў бы наведвальнікам фэсту іншыя аспекты культуры нацыянальнасцяў-удзельнікаў. Гэта не толькі «летні» варыянт баўлення часу ў выглядзе спеваў і танцаў на вольным паветры, але і больш камерныя хатнія зімовыя забавы, напрыклад калядныя гульні ці сямейныя абрады, а таксама іншыя касцюмы і стравы нацыянальнай кухні. Тады і нацыянальныя падворкі маглі б здабыць новы фармат — ператварыцца ў паўнавартасныя хаты ці залы.

Як бы там ні было, шкляныя буслы — сімвалы сёлетняга фэсту (вырабленыя на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы, што на Лідчыне) ужо знайшлі свае гнёзды ў розных кутках Беларусі, пасяліліся ў прадстаўнікоў нацыянальных дыяспар, якія ў згодзе жывуць на нашай зямлі. Мы ж будзем чакаць новай сустрэчы ў старажытным Гродне, і не важна, пройдзе яна ўлетку ці ўзімку, можна быць упэўненымі, што на свяце нацыянальных культур заўсёды будзе валадарыць мір, дружба і згода паміж прадстаўнікамі розных народаў.



Думаецца, фестываль нацыянальных культур — вялікая радасць і вялікі гонар перадусім для гарадзенцаў. Хлебасольна прыняць, ветліва прывітаць столькі гасцей — праца не з лёгкіх. Але, упэўнена, усё прайшло выдатна. Міліцыянеры былі ветлівымі, жыхары горада ўсмешлівымі, а арганізатары — дасведчанымі і актыўнымі. Пра вынікі правядзення свята расказаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў ГОЙ:

— Мы разам упрыгожылі горад, каб сустрэць гасцей фестывалю — нашых старых сяброў і новыя дэлегацыі. Дзякую ўсім жыхарам Гродна, якія адгукнуліся на просьбы аб добраўпарадкаванні балконаў, пасадцы кветак. Усе ўдзельнікі фэсту вельмі добра адпачылі, атрымалі задавальненне і ад фестывальнай праграмы, і проста ад сустрэчы з нашым горадам. Я рады, што мы на вельмі высокім узроўні падрыхтавалі свята і прынялі гасцей. Для мяне ж фэст стаў пэўнага кшталту экзаменам, бо яго арганізацыяй я займаюся ўпершыню. І ўсмешлівыя твары людзей на вуліцах горада — найлепшая адзнака, паказчык таго, што свята прайшло добра. Вельмі добрыя водгукі я атрымаў і ад рамеснікаў, яны нават скардзіліся, што часам не хапала вырабаў для продажу. Значыць, у наведвальнікаў фэсту ёсць вялікая цікавасць і да народных рамёстваў.

Марына ВЕСЯЛУХА
vesіaluha@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2606
Текущая дата: 05.12.2024