Белорусский портал в Казахстане

Статус культурнай сталіцы ўрачыста перададзены ад Маладзечна Бабруйску



(Звязда) 17 снежня 2016

Год культуры паступова падыходзіць да свайго завяршэння. Многае было зроблена за гэты час. Адсвяткаваны юбілей фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, праведзены рэспубліканскія акцыі “Я люблю Беларусь” і “Мы спяваем гімн разам”. Былі адкрыты шматлікія адноўленыя музейныя экспазіцыі, у тым ліку да 125-годдзя Максіма Багдановіча.


Гэтымі днямі ў Палацы культуры горада Маладзечна адкрылася фотавыстава Юрыя Іванова “Творцы”. У галерэі работ майстра можна было ўбачыць патрэты шматлікіх таленавітых творцаў, у тым ліку Уладзіміра Мулявіна. Дарэчы, менавіта сёлета адзначалася яго 70 годдзе.

У Маладзечне з нагоды падвядзення вынікаў Года культуры і перадачы эстафеты культурнай сталіцы наступнаму шчасліваму ўладальніку – гораду Бабруйску -- адбыўся ўрачысты канцэрт. У глядзельнай зале (і на сцэне) прысутнічалі знакавыя кампазітары нашага часу – Ігар Лучанок, Эдуард Зарыцкі, Алег Елісеенкаў. Удзячную маладзечанскую публіку ўражвалі сталічныя артысты – Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Дарыя, “Песняры”, “Беларусы”, хор імя Цітовіча, дзяржаўны ансамбль танца і многія іншыя. Натуральна, вялікім упрыгожваннек канцэрту стала выступленне заслужанага аматарскага аркестру пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі.


- Толькі нядаўна мы святкавалі тое, што Маладзечну прысвоена званне культурнай сталіцы – менавіта ў Год культуры ў нашай краіне, – адзначыў Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. – І вось ужо мы падводзім вынікі. На мой погляд, Маладзечна надзвычай удала ўвайшло ў сузор’е гарадоў, якія былі абвешчаны сталіцамі культуры. Яно не толькі пацвердзіла свой статус, але і больш поўна раскрыла творчы патэнцыял. І паказала не толькі краіне, але і свету, нашы таленты, магчымасці, нашу беларускую культуру. 

Ніна Шчарбачэвіч
17 снежня 2016, zviazda.by


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2729
Текущая дата: 12.05.2024