Белорусский портал в Казахстане

Мінская кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе з 8 па 12 лютага



(Звязда) 7 снежня 2016

У Міністэрстве інфармацыі краіны пад кіраўніцтвам першага намесніка міністра Ігара Луцкага прайшло пасяджэнне аргкамітэта па правядзенні 24-й Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.

Несумненна, прыярытэтнымі кірункамі ў арганізацыі і правядзенні свята кнігі, якое пройдзе 8—12 лютага 2017 года, стануць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, юбілеі класікаў беларускай літаратуры — народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа, Янкі Купалы, Пімена Панчанкі, народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля.

Краінай — ганаровым госцем на выстаўку запрошана Вялікабрытанія. Варта ўспомніць, што ў нас традыцыйна ўмацоўваліся беларуска-англійскія літаратурныя сувязі. У Мінску выйшла нямала кніг пісьменнікаў Вялікабрытаніі на беларускай і рускай мовах. Творы Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Янкі Брыля, нашых айчынных класікаў перакладзены на англійскую мову.

Саюз пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкі дом «Звязда» пры падтрымцы міністэрства інфармацыі рыхтуюць правядзенне ў час выстаўкі-кірмашу традыцыйнага Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час». Папярэднюю згоду прыняць у ім удзел выказалі празаікі, паэты, драматургі, публіцысты больш як з дзесяці краін свету. Пройдзе ў лютым і семінар маладых пісьменнікаў. Арганізатары гэтага творчага праекта — Міністэрства інфармацыі краіны, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Кастусь Лешніца
7 снежня 2016, zviazda.by


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2739
Текущая дата: 26.12.2024