Белорусский портал в Казахстане

Францыск Скарына яднае народы і літаратуры



“Звязда”, 1 верасня 2017 года

Заўтра ў Полацку ў межах праграмы Дня беларускага пісьменства пройдзе круглы стол замежных і беларускіх літаратараў «Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы».


Арганізатары традыцыйнай сустрэчы пісьменнікаў з розных краін — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура». Пачатак гэтаму творчаму міжнароднаму праекту быў пакладзены яшчэ ў 2007 годзе. Сёлета ўдзел у круглым стале прымаюць літаратары з Беларусі, Азербайджана, Казахстана, Кітая, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Украіны, Францыі.

— Невыпадковай з`яўляецца сёлетняя назва круглага стала — «Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы», — расказвае пра падзею намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» — галоўны рэдактар часопіса «Нёман», вядомы перакладчык Аляксей Чарота. — Мы прапанавалі гасцям пагутарыць на наступныя тэмы — «Францыск Скарына і вытокі беларускага кнігадрукавання», «500-годдзе беларускага кнігадрукавання як знакавая падзея ў культурным жыцці розных народаў», «Развіццё беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай гісторыі кнігі». Спадзяюся, што адбудзецца шчырая, зацікаўленая размова пра стасункі беларускіх і замежных перакладчыкаў мастацкай літаратуры. Ведаю, што шмат хто з удзельнікаў круглага стала вязуць у Беларусь новыя публікацыі нашых класікаў на розных мовах. А пачаткам, своеасаблівым зачынам размовы стане прэзентацыя роліка «Францыск Скарына на мовах народаў свету».

Што прыемна, работа круглага стала пройдзе ў Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку. Будзе ў гасцей Беларусі магчымасць пазнаёміцца і з іншымі адметнасцямі нашай краіны, старажытнай Полацкай зямлі, багатай на гісторыю і традыцыі асветніцтва.

Сяргей Шычко

Крыніца 


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2814
Текущая дата: 17.04.2024