Белорусский портал в Казахстане

Хто падумае пра рэстаўрацыю?



(Звязда) 18 красавіка 2017 года

18 красавіка традыцыйна адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Вядома, вялікая ўвага надаецца іх ахове і аднаўленню. Таму напярэдадні спецыялісты абмеркавалі некаторыя праблемы, якія ёсць у айчыннай рэстаўрацыі.

Загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Барыс Лазука адзначыў:

— Мы штогод прывозім шмат унікальных прадметаў з экспедыцый. І, натуральна, паўстае пытанне іх захавання і рэстаўрацыі. Часам гэтыя рэчы трапляюць у вельмі дрэнным, мякка кажучы, тэхнічным стане. У нашым музеі працуе невялікая рэстаўрацыйная майстэрня, работа якой галоўным чынам канцэнтруецца на аднаўленні іканапісу, жывапісу. А ўвогуле ў краіне існуе даволі вялікая праблема рэстаўрацыйнай работы. Справа ў тым, што ў вядучым музеі сталіцы ёсць адпаведныя кадры, паступаюць неабходныя сродкі — там могуць выконваць гэту работу. Але як быць раённым музеям?..

Некалькі гадоў таму Нацыянальны мастацкі музей узнімаў пытанне аб тым, каб арганізаваць адпаведны рэстаўрацыйны цэнтр. Я лічу, што пэўны музей, мастацкі ці гістарычны, мог бы ўзяць на сябе работу па выкананні рэстаўрацыі. Я, напрыклад, сутыкаюся з тым, што працуюць два рэстаўратары, якія займаюцца іканапісам. Але што рабіць з тканінай, керамікай, шклом, дрэвам?.. Усе гэтыя пытанні трэба тэрмінова вырашаць... Тым больш што адпаведныя кадры рыхтуюць у Акадэміі мастацтваў і ў Універсітэце культуры.

«Звязда» ўжо неаднаразова пісала пра праблемы рэстаўрацыі і тыя захады, якія робяцца для выпраўлення сітуацыі. Так, летась на выязной сесіі Міністэрства культуры прадстаўнікі мясцовых уладаў агучвалі неабходнасць з`яўлення на месцах кваліфікаваных спецыялістаў. Дырэктар «Белрэстаўрацыі» Уладзімір Змушка прапаноўваў стварыць гісторыка-культурную экспертызу (рэстаўрацыйны савет).

У яго маглі б уваходзіць высокакваліфікаваныя мастакі-рэстаўратары, архітэктары, іншыя спецыялісты, арганізацыі нашай краіны. Змушка гатовы быў выступіць каардынатарам гэтага працэсу.

На пытанне карэспандэнта «Звязды», ці змянілася штосьці ў падыходах да рэстаўрацыі за год, адказала спецыяліст аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір:

— Спецыялісты Міністэрства культуры — гэта дзяржаўныя службоўцы. Мы гатовы пэўным чынам акумуляваць тыя матэрыялы, якія будуць паступаць ад спецыялістаў, напрыклад, з Акадэміі навук. Бо на сённяшні дзень нейкіх канкрэтных прапаноў адносна стварэння рэстаўрацыйнага савета, неяк аформленых, мы не атрымлівалі.

Як бачым, ёсць прастора для захадаў у паляпшэнні якасці аднаўлення помнікаў. Справа толькі за людзьмі, гатовымі ўзяць на сябе адказнасць і зрабіць канкрэтныя крокі.

Ніна Шчарбачэвіч
nina@zviazda.by
Крыніца,18 красавіка 2017 года

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2827
Текущая дата: 03.05.2024