Белорусский портал в Казахстане

У пошуку розніцы паміж Гродна і Рымам



(Звязда) 15 чэрвеня 2017 года

Часам нават адно пытанне можа завесці туды, куды не завядзе тузін іншых. Варта толькі, каб было яно неадчэпным.

Памятаецца, Марк Твэн сваім падарожжам у Рым абураўся так з`едліва і таленавіта, што гэта яго абурэнне разам з сотнямі старонак іншых падарожных нататак распаўсюджвалася па падпісцы. «Што я магу ўбачыць у Рыме такога, чаго не бачылі іншыя? — пытаў ён. — Да чаго такога я магу тут дакрануцца, чаго не краналіся да мяне? Што я тут магу зразумець, адчуць, пра што даведацца, чым захапіцца раней, чым гэта здарыцца з некім яшчэ?» І адказваў: «Нічога». Бо лічыў асалодай бачыць у падарожжах нешта такое, чаго ніхто да яго не бачыў. Любая іншая асалода ў параўнанні з гэтай падавалася яму прэснай, любое іншае шчасце — танным.

Едзем, спадарства, у Гродна — амаль што Рым. Што мы можам убачыць у ім такога, чаго не бачылі іншыя? Да чаго такога можам там дакрануцца, чаго не краналі да нас? Што там зразумеем, адчуем, чым захопімся ў эксклюзіўным парадку?

Падрыхтаваўшыся да падарожжа як след, некаторыя адметнасці гэтага горада можна ўбачыць іншымі вачыма. Прачытаўшы, напрыклад, эсэ «Гродна» польскай пісьменніцы Зоф`і Налкоўскай — невялічкае памерам і вельмі важкае зместам.

Першы раз яна ўбачыла Гродна ў 1922-м, яшчэ не папраўленае пасля Першай сусветнай, ды ў лістападзе — у гэты, вобразна кажучы, позні вечар года, калі думкі пераймаюць адценні ў аб`ектаў прыроды, у час, калі, бадай, ніякі горад у нашай мясцовасці ўпершыню лепш не бачыць. Стагоддзі малявалі на гэтым месцы чароўныя вобразы, пісала яна, стагоддзямі яны тут мяняліся, а цяпер пануюць бязладдзе і бруд беднай сучаснай вуліцы. Шкарлупіна штодзённасці завесіла вывескамі дзвярныя рамы палацаў, зафарбавала каштоўныя фрэскі ў касцёлах, замуравала ганак, каб зладзіць тут якую-небудзь крамку.

Пражыўшы тут менш чым пяць гадоў, з «вечара» 1922-га да «раніцы» 1927-га, Зоф`я Налкоўская прыехала сюды яшчэ на некалькі дзён у 1929-м, каб зрабіць прыгожую прамову на адкрыцці помніка Элізе Ажэшцы, а потым... Што б яна пасля ні пісала, было адбіткам часу, праведзенага тут. Яшчэ і ў самым канцы 1954-га, за тыдзень да смерці, яна ўспамінала горад, які даў ёй сюжэты, герояў, характары, лёсы, эпітэты і параўнанні.

Яна яго палюбіла. Ён нагадваў ёй цудоўны палімпсест. Пройдземся па ім, гледзячы на ўсё яе вачыма.

Вось старая знаёмая цётка Каложа — «заўсёды дзіўны, пачарнелы клейнот». Стаіць «высока на самым грэбні берага, пануючы над ваколіцай — моцна ўчапіўшыся ў саменькі край бездані наднёманскага яра».

Самае прыгожае месца ў Гродне — Стары замак. Ад ранейшых яго сцен захаваліся рэшткі чорнай цэглы і цяжкіх валуноў — «асабліва там, дзе ў развіліне Нёмана і Гараднічанкі ўзвышалася некалі знешняя вежа».

Вы ведалі, што Стары замак — не самы стары, што перабудаваны Баторыем, ён захаваў у сабе ад папярэдніка толькі браму, праз якую ў час жыцця ў Гродне Налкоўскай траплялі ў замак на ваенныя балі?

Тэраса замкавага двара, абкружаная некалі сценамі і вежамі, з`яўляецца месцам «невыказнага хараства» — «цудам, які быццам лунае ў паветры, адкрыты ў чароўную далячынь». Зірніце зверху на «глыбокі цёмны Нёман»: вам таксама здаецца, што ён «на павароце робіцца серабрыста-белым»?

Кінуўшы вокам на былыя магнацкія рэзідэнцыі, «якія разбурыў дробны гандаль», на якіх «вісяць шыльды крам», не, не ды падумаеш: ці не сучасніца нам Налкоўская? Прынамсі, з гэтым сваім эсэ спадарыня Зоф`я можа стаць для вандроўніка ў Гродне найлепшым экскурсаводам. Мо варта ўжо надрукаваць яго асобнай брашурай ды прадаваць замест даведнікаў пра горад?..

Але ёсць тут месца, дзе Зоф`я Налкоўская прысутнічае літаральна, — у рукапісных старонках дзённіка і фотаздымках, арыгіналах першадрукаў яе твораў і афіш спектакляў, пастаўленых па яе п`есах, ва ўсім тым, што сабрана з любоўю да яе асобы і творчасці. Яна пасялілася назаўсёды ў музеі, які даследчыца яе слова і лёсу прафесар Святлана Мусіенка стварыла на ўласныя сродкі, сабраўшы ў Беларусі і Польшчы не толькі дакументальныя сведчанні, але і прадметы побыту, шматлікія ўспаміны, з якімі тая эпоха — амаль стагоддзе таму — уяўляецца значна лягчэй, а пісьменніца — бачыцца, як жывая.

Вось яна — яе бронзавы бюст і чорна-белыя фотаздымкі. Самая прыгожая пісьменніца ХХ стагоддзя. Настолькі прыгожая (і пры гэтым разумная!), што ніводзін мужчына не здольны не закахацца.

Жандармскі падпалкоўнік Ян Гажахоўскі таксама не здолеў — ні перад прыгажосцю ўстаяць, ні падпарадкаваць сабе яе розум.

Насуперак дзейнасці мужа, яго пасадзе і перакананням, яна абараняе правы вязняў мясцовай турмы, адной з самых страшных на нашым кавалку Еўропы. Яна занатоўвае ў дзённік іх лёсы, пераносіць іх гісторыі на старонкі твораў і робіць такую выснову: не толькі злачынцы павінны несці пакаранне за свае ўчынкі, але і грамадства ўвогуле — бо стварыла для гэтага перадумовы.

Вось кушэтка — бо пані Зоф`я любіла пісаць, паклаўшы на яе ногі, «як дама перыяду Дырэкторыі». Вось будзільнік, зроблены ў Гродне, — раней тут быў гадзіннікавы завод. Вось філіжанка для кавы — такая самая, як тады. І друкарская машынка, і крэслы, і шафа, поўная кніг. Мо пані Зоф`я сышла ненадоўга, мо выбралася пахадзіць уздоўж Гараднічанкі, «што гарэзліва пятляе па горадзе, абы толькі дабрацца да Нёмана», або, крочачы вузкімі вулкамі, падумаць пра нязвыклае перапляценне «ўсіх сіл» і тое, што «ўласціва толькі такому гораду і таму здаецца непаўторным». Яна дакладна тут, недзе побач.

Паслядоўнікам

Музей Зоф`і Налкоўскай у Гродне — адзіны такі ў свеце. У Польшчы, у Гурках Валоменскіх, дзе пісьменніца нарадзілася, існуе музей сям`і Налкоўскіх — бацькі, Вацлава Налкоўскага, выдатнага навукоўца-географа, палітыка і публіцыста, і дочак — Гані Налкоўскай, вядомага скульптара, работы якой захоўваюцца ў Палацы на вадзе ў Лазенках, і Зоф`і Налкоўскай, пісьменніцы і дэмакраткі.

Асобны яе музей існуе толькі ў нас. Чаму? «Пяць гадоў жыцця Налкоўскай на крэсах знайшлі адлюстраванне ў паўвекавым перыядзе яе творчасці», — чытаю ў працы прафесара Святланы Мусіенкі, па запрашэнні якой і наведваецца згаданы музей. «...Чым далей у мінулае адыходзіў гродзенскі перыяд яе жыцця, тым актыўней яго падзеі выкарыстоўваліся ў яе творах», — чытаю далей. Гэта ўсё, безумоўна, адказы, але ў людзей цікаўных заўсёды ёсць прага да розных удакладненняў.

Творчасць гэтай пісьменніцы, спрэс палітызаваная, мае на дзіва простую форму — амаль што «пункціры», але змест, укладзены ў «пункціры», з`яўляецца ўзорам: вучыцеся — чым прасцей, тым мацней. Але каб так пісаць раманы — ствараючы ў міжрадкоўі псіхалагічныя мадэлі і філасофскія сімвалы, — трэба перажыць тое, што давялося перажыць пані Зоф`і. Нават за тыя няпоўныя пяць гадоў, пражытыя ёю ў Гродне.

Экскурсія, зладжаная ў музеі Зоф`і Налкоўскай прафесарам Святланай Мусіенкай, нагадала захапляльную лекцыю па гісторыі, літаратуры, гісторыі літаратуры і гісторыях жыццяў вялікіх жанчын, лёсы якіх з лёсам Гродна ўзаемадатычныя, — Элізы Ажэшкі, Стэфаніі Семпалоўскай, Зоф`і Налкоўскай...

Музей размешчаны ў будынку ўніверсітэта імя Янкі Купалы, але наведваюць яго не толькі студэнты-паланісты. Аўтарка гэтых радкоў выказвае вялікую ўдзячнасць гаспадыні музея — за справу, якую яна вядзе, за памяць, якую яна захоўвае, за веды, якія яна распаўсюджвае.

Рамантыкам

Што занесла Зоф`ю Налкоўскую, на той час ужо даволі вядомую ў Польшчы 38-гадовую пісьменніцу, сюды, «у глухамань»? Яна выйшла замуж (другі раз, гэтаксама няўдала і ненадоўга, як першы, але не пра тое размова) і прыехала ў Гродна за мужам-вайскоўцам.

Іх кватэра займала другі паверх у доме па сённяшняй Акадэмічнай, 15. І варта адшукаць гэты дом, бо дзверы яго, разныя, драўляныя, — тыя самыя, што былі і тады. Тут, каля дома, дзе жылі жандармскі падпалкоўнік Ян Гажахоўскі з жонкай-пісьменніцай, спыняліся карэты і першыя ў Гродне аўтамабілі. Cамы першы, дарэчы, належаў ім.

Калі ў Гродна прыязджаў Юзаф Пілсудскі (здаецца, 13 кастрычніка 1923 года), ён гасцяваў у Налкоўскай і Гажахоўскага — уваходзіў у гэтыя дзверы. Іх варта ўбачыць, як варта бачыць шматлікія старыя дзверы ў Рыме або Парыжы. Сфатаграфуйцеся каля іх на памяць аб Гродне, якога раней не ведалі.

Падарожнічала Святлана Воцінава
Крыніца, 15 чэрвеня 2017 года

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2835
Текущая дата: 06.05.2024