Белорусский портал в Казахстане

Ці ўдасца Эфіопіі стаць рэгіянальным лідарам?



Захар Бурак (Звязда) 6 студзеня 2018

Разам з усім праваслаўным светам Раство будуць адзначаць у Эфіопіі — адзінай краіне на Афрыканскім кантыненце, дзе сярод мясцовых пераважае адпаведнае веравызнанне.

У гэтай дзяржаве налічваецца каля 36 мільёнаў вернікаў. Гэта амаль 14 працэнтаў ад усяго праваслаўнага насельніцтва планеты. Як сведчаць даныя даследавання Orthodox Chrіstіanіty іn the 21st Century, праведзенага Pew Research Center (ЗША), цяпер найбуйнейшая праваслаўная хрысціянская абшчына за межамі Усходняй Еўропы знаходзіцца менавіта ў Эфіопіі. Каля 98% тутэйшых вернікаў заяўляюць, што «рэлігія вельмі важная ў іх жыцці». Яны досыць строга выконваюць абрады — прыкладна тры чвэрці вернікаў наведваюць царкву раз на тыдзень або часцей (78%), амаль дзве трэці моляцца штодня (65%).

Відавочна, заўважаюць эксперты Pew Research Center, што Эфіопія стала новым праваслаўным лідарам свету. Станоўчыя змены адбываюцца і ў эканоміцы. Ці ўдасца афрыканскай краіне стаць асноўным рэгіянальным гульцом?
__________________________________________________

Сацыялізм для растафарыян

Эфіопія (раней Абісінія) — насамрэч калыска чалавецтва. Пра гэта сведчаць выкапнёвыя астанкі аўстралапітэкаў, выяўленыя ў даліне ракі Ома. Эфіопія з`яўляецца адзінай краінай Афрыкі, якая ніколі не была каланізаваная — толькі акупаваная італьянцамі на працягу некалькіх гадоў падчас Другой сусветнай вайны.

У пасляваенны час імператар Хайле Селасіе І працягваў самадзяржаўнае праўленне. Цікава, што паслядоўнікі растафарыянства (рэлігійная і сацыяльная плынь, якая зарадзілася на Ямайцы ў 1930-я гады) лічаць гэтага імператара месіяй. Нават назва рэлігіі ўтворана ад тытула і імя, якое ён насіў да каранацыі, — Рас Тафары Маконен.

У канцы 1940-х Хайле Селасіе выдзеліў участак зямлі ў горадзе Шашэмэне для членаў Сусветнай эфіопскай федэрацыі, якія ваявалі супраць італьянцаў падчас Другой італа-эфіопскай вайны. Многія з тых, хто пераехаў туды, былі растафарыяне. Паводле інфармацыі Assosіated Press, цяпер у Эфіопіі жывуць каля тысячы растафарыян.

Да пачатку 1970-х гадоў рэжым стаў зусім адыёзным: імператара крытыкавалі з усіх бакоў палітычнай прасторы. Каталізатарам далейшых падзей стала масавая гібель людзей ад голаду ў 1972—1974 гадах.

У 1974-м меры па аздараўленні эканомікі выліліся ў рэзкае павышэнне цэн і выклікалі масавыя дэманстрацыі пратэсту. Сітуацыю выкарысталі афіцэры, якія схіляліся да марксізму, — групоўка «Дэрг» узнікла летам таго ж года. Пайшоў працэс дэмантажу манархіі, вядомы як «паўзучы пераварот». Да сярэдзіны восені «Дэрг» падпарадкаваў сабе ўсе адміністрацыйныя рэсурсы і абвясціў курс на пабудову сацыялізму.

У 1976—1977 гадах групоўка ўмацоўвала свае пазіцыі шляхам тэрору — як супраць раялістаў і сепаратыстаў, так і супраць левых. Практычна адразу пачалася грамадзянская вайна. Лідарам «Дэрга» стаў Менгісту Хайле Марыям.

У 1975—1991 гадах СССР і некаторыя краіны Усходняй Еўропы аказвалі ўсебаковую дапамогу рэжыму Менгісту.

Палітыка на пабудову сацыялізму прывяла Эфіопію да поўнага спусташэння. Праведзеная калектывізацыя сельскай гаспадаркі спрыяла далейшай дэградацыі рэжыму.

У 1984 годзе ў краіне ад голаду памерла мільён чалавек. Ва ўмовах крызісу ў СССР урад Менгісту быў зрынуты ў маі 1991-га. Галоўную ролю ў паўстанцкім альянсе адыгралі эрытрэйскія групоўкі.

У 1993-м аддзялілася Эрытрэя, і Эфіопія страціла выхад да мора. Да ўлады прыйшла групоўка марксістаў вельмі левага толку, якая пасля змяніла ідэалагічную арыентацыю на больш ліберальную. Краіну з тых часоў да сваёй смерці ў 2012 годзе ўзначальваў прадстаўнік гэтай групоўкі Мелес Зенаўі, спачатку ў якасці прэзідэнта, потым, пасля ўвядзення парламенцкай рэспублікі, як прэм`ер-міністр.

Кава і турызм

У 2000-х у краіне адбыліся змены да лепшага. Эканоміка хутка прырастае, і, нягледзячы на цяперашнія палітычныя ўзрушэнні, МВФ лічыць, што добрыя часы працягнуцца.

У 2000 годзе Эфіопія, другая па колькасці насельніцтва краіна ў Афрыцы, была трэцяй найбяднейшай дзяржавай у свеце. Яе гадавы ВУП у разліку на душу насельніцтва складаў усяго $650. Больш за 50% эфіопаў жыло за мяжой беднасці. Але пасля здарыўся сапраўдны цуд. Паводле ацэнак МВФ, з 2000 па 2016 год Эфіопія з пункту гледжання ВУП на душу насельніцтва была трэцяй самай хуткарослай эканомікай у свеце сярод краін з насельніцтвам у 10 млн і больш чалавек. Да 2011-га ўзровень беднасці ў краіне знізіўся да 31%.

Далейшая перспектыва вельмі аптымістычная. У сваім апошнім глабальным прагнозе МВФ адзначыў, што ВУП Эфіопіі на душу насельніцтва будзе павялічвацца са штогадовым тэмпам у 6,2% да 2022-га. Сярод краін з насельніцтвам у 10 млн і больш чалавек толькі Індыя і М`янма будуць расці хутчэй. ААН прагназуе, што да 2050 года насельніцтва краіны вырасце да 190 млн чалавек. Сёння яно складае прыкладна 100 млн, што робіць яе адной з самых хуткарослых буйных краін па колькасці насельніцтва.

Эканоміка Эфіопіі засяроджаная ў сектарах паслуг і сельскай гаспадаркі. Паводле ацэнак Сусветнага банка, сярэднегадавы прырост у 10,8%, зафіксаваны Эфіопіяй у перыяд паміж 2004 і 2014 гадамі, быў атрыманы ў такіх галінах, як гасцінічны бізнес і транспарт, што было ў асноўным вынікам урбанізацыі краіны.

Вытворчасць, якая складае хай і невялікую частку эканомікі, актыўна развіваецца — павялічваецца больш чым на 10% у год. Тым часам на сельскую гаспадарку за гэты перыяд, паводле даных Міжнароднага навукова-даследчага інстытута харчовай палітыкі, прыпадала 3,6% штогадовага росту.

Сярод важных экспартных пазіцый — кава. Гэтая культура — гонар Эфіопіі. Тут распрацаваны цэлыя рытуалы накшталт кітайскіх чайных цырымоній — ад абсмажвання кававых зярнят да дэгустацыі напою. У краіне вырабляюць толькі арабіку, у прыватнасці гатункі «джымі» і «харарэ».

Эфіопская кава расце на вышынях ад 1100 да 2100 метраў над узроўнем мора. Эфіопія — адзін з асноўных вытворцаў кавы ў свеце і ў Афрыцы (больш за 20% кантынентальнага збору). Згодна з легендай, першаадкрывальнікам унікальных уласцівасцяў кававага дрэва стаў эфіопскі пастух Калдзім прыблізна ў 850 годзе. З Эфіопіі кававы напой распаўсюдзіўся па ўсім Блізкім і Сярэднім Усходзе. Да XІX стагоддзя гэтую культуру ўпадабалі ў Італіі, Інданезіі і Амерыцы.

Сярод найбольш перспектыўных галін эфіопскай эканомікі — турызм. Нездарма вядомае міжнароднае выдавецтва «Lonely Planet» паставіла гэтую краіну на першае месца ў дзясятцы найлепшых сусветных турыстычных напрамкаў мінулага года.

Найбагацейшая гісторыя і старажытная культура, каўчэг Старога Запавету і адзіныя ў Афрыцы замкі імперскіх гарадоў, нацыянальныя паркі і астраўныя манастыры монафізітаў — усё гэта Эфіопія. Тут жыццё настолькі цесна знітаваная з гісторыяй, што падзеі біблейскіх часоў здаюцца зусім блізкім мінулым. Дарэчы, у Старым Запавеце згадваецца, што адна з рэк, што дасягала Раю, працякала менавіта па землях эфіопаў.

Тысячы турыстаў кожны год з`язджаюцца паглядзець, як праваслаўныя жыхары праводзяць святочныя абрады ў высечаных у скале цэрквах (вельмі адметна тут праходзяць Раство і Хрышчэнне).

Акрамя экскурсійнага турызму ў Эфіопіі развіты лячэбны. Тут размешчана мноства мінеральных крыніц, галоўным чынам у цэнтры краіны. Адметна, што ў Эфіопіі быў адкрыты першы ў Афрыцы пяцізоркавы гатэль. Апошнім часам урад краіны ўсё больш актыўна падтрымлівае развіццё турызму.

Праект Х

Павышэнне ўзроўню адукацыі насельніцтва, палепшаная інфраструктура і інвестыцыі з Кітая даюць Эфіопіі шанц заняць сваё месца сярод самых яркіх гісторый развіцця краін у свеце.

Колькасць дзяцей, якія прымаюцца ў пачатковыя школы, вырасла з 20 да 90 працэнтаў. Уладам удалося падвоіць агульную даўжыню дарог і ў чатыры разы павялічыць колькасць вырабленай энергіі. Прычым стаўка робіцца на аднаўляльныя крыніцы. Гэты рэгіён характарызуецца адным з самых высокіх паказчыкаў вулканічнай актыўнасці на Зямлі. У Эфіопіі больш за 60 вулканаў. Некаторыя з іх актыўныя і дагэтуль. Вулкан — эквівалент некалькіх мільёнаў сонечных батарэй або, у сярэднім, прыкладна 500 ветравых турбін. Агульны нявыкарыстаны рэсурс спецыялісты ацэньваюць у 10 ГВт.

Падобная мадэль электрыфікацыі — сапраўдны цуд для Эфіопіі: яна не толькі мінімальна забруджвае навакольнае асяроддзе, але і на самай справе можа забяспечыць электрычнасцю ўсё мясцовае насельніцтва і дапамагчы людзям вырвацца з галечы.

У актыўнай распрацоўцы і гідрарэсурсы. ГЭС Grand Ethіopіan Renaіssance Dam (у Эфіопіі яе коратка называюць «Хідасэ» — на мясцовай амхарскай мове «адраджэнне», а ў міжнароднай публіцыстыцы — «Праект Х») будзе больш магутная, чым Саяна-Шушанская ГЭС у Расіі, што само па сабе характарызуе маштабы аб`екта і амбіцыі будаўнікоў. Агульны каштарысны кошт падбіраецца ўжо да 10 млрд эфіопскіх быр (5 млрд долараў) — амаль 10% ВУП краіны. Для Эфіопіі «Хідасэ» ператварыўся ў нешта накшталт нацыянальнай ідэі.

«Плаціна, якую мы будуем, уваходзіць у лік мегапраектаў не толькі Афрыкі, але і ўсяго свету, становячыся крыніцай нашага нацыянальнага гонару», — заўважыў прэм`ер-міністр краіны Хайлемарыям Дэсалень.

Ад беднай дзяржавы такі маштабны інфраструктурны праект запатрабаваў непамернага напружання сіл. Каля двух мільярдаў долараў уклалі кітайскія банкі, а астатнюю суму эфіопы, зацягнуўшы паясы, нейкім чынам прымудрыліся набраць самі з пэўным удзелам Афрыканскага банка развіцця.

Разведачныя і праекціровачныя работы праводзіліся амерыканцамі ў 2010 годзе ў сітуацыі найстражэйшай сакрэтнасці (адсюль і «Праект Х»), а тэндар на будаўніцтва выйграла італьянская фірма Salіnі Costruttorі. Аднак усе выдаткі абяцаюць акупіцца шматкроць, што зробіць Эфіопію другім на кантыненце вытворцам электраэнергіі пасля ПАР і выведзе яе ў галоўныя рэгіянальныя гульцы, у тым ліку і ў палітычным плане, адкінуўшы назад ранейшага безумоўнага лідара — Егіпет.

За эфіопаў уступіліся ўсе афрыканскія краіны на поўдзень ад яе, бо разлічваюць атрымліваць танную электраэнергію ад «Праекта Х» — Танзанія, Кенія, Руанда, Уганда і Бурундзі. Пасля да гэтай кааліцыі таксама падключыліся Паўднёвы Судан і Джыбуці, якія фармальна не ўваходзяць у басейн Ніла, але таксама спадзяюцца на танны энергарэсурс. Егіпет апынуўся ў ізаляцыі. Ад яго стаў адварочвацца нават Судан, на мяжы з якім эфіопы і ўзводзяць гіганцкую плаціну. Хартум у аднабаковым парадку адмяніў «Стратэгічны пакт» з Каірам, які шмат у чым дубляваў каланіяльныя пагадненні, за што Адыс-Абеба паабяцала ўзвесці на тэрыторыі Судана «контрплаціну» і падзяліцца прыбыткам.

Даследаванне, праведзенае Цэнтрам глабальнага развіцця, аналітычным цэнтрам ЗША, паказала, што Эфіопія, хутчэй за ўсё, стане «новым Кітаем» у Афрыцы. Павышэнне ўзроўню адукацыі насельніцтва, развіццё інфраструктуры і інвестыцыі з Кітая даюць Эфіопіі шанц заняць пачэснае месца сярод самых яркіх гісторый развіцця краін у свеце.

Пры гэтым афрыканская дзяржава сутыкаецца з цэлым шэрагам праблем. Напрыклад, апошнім часам абвастрылася канфрантацыя паміж народнасцю арома і этнічнымі самалійцамі на паўднёвым усходзе краіны. Калі Эфіопія зможа пераадолець палітычную нестабільнасць, эканамічныя магчымасці, лічаць эксперты, будуць велізарныя.

Захар Бурак
burak@zvіazda.by
Звязда, 6 студзеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2887
Текущая дата: 23.02.2018