Белорусский портал в Казахстане

З якімі складанасцямі сутыкаюцца касманаўты?



Надзея Нікалаева (Звязда) 15 верасня 2018

Да апошняга тыдня шанцы большасці беларусаў сустрэцца асабіста з касманаўтам, а тым больш з астранаўтам ці тайканаўтам, раўняліся нулю. Канешне, нашы землякі Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі радзіму не забываюць. Але ж ці могуць іх візіты ахапіць усіх, каго цікавіць касмічная тэма?

Звычайна, калі мы хочам падкрэсліць невыканальнасць задачы, кажам: «Не прасцей, чым трапіць у космас...» Тым не менш, пачынаючы з палёту Гагарына, на калязямной арбіце пабывала ўжо каля 600 чалавек. І амаль 90 з іх прыехалі ў Беларусь для ўдзелу ў ХХХІ Міжнародным кангрэсе ўдзельнікаў касмічных палётаў

Праўда і міфы пра «Салют-7»

Па традыцыі адзін дзень падчас правядзення кангрэса адводзіцца для сустрэч касманаўтаў і астранаўтаў з грамадскасцю — навукоўцамі, даследчыкамі, канструктарамі, спецыялістамі прадпрыемстваў, якія задзейнічаны ў касмічных распрацоўках, ну і абавязкова са школьнікамі і студэнтамі, якія ўсё радзей мараць пра космас. Мы наведалі дзве такія сустрэчы.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце на шасці факультэтах і ў Інстытуце прыкладных фізічных праблем высадзіўся бадай што самы шматлікі і прадстаўнічы касмічны дэсант з дванаццаці касманаўтаў і астранаўтаў з Расіі, Швецыі, Германіі і ЗША.

Выступленні гасцей былі напрамую звязаны са спецыфікай адукацыйнай і навуковай дзейнасці тых падраздзяленняў, куды яны завіталі. Напрыклад, геаграфічны факультэт наведалі Марыё РАНКА, амерыканскі астранаўт, спецыяліст у галіне мэтэаралогіі і фізічнай акеанаграфіі, і касманаўт Віктар Савіных, двойчы Герой Савецкага Саюза, вучоны, які шмат гадоў быў рэктарам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта геадэзіі і картаграфіі, а цяпер займае ў гэтай ВНУ ганаровую пасаду прэзідэнта.

Пра подзвіг Віктара Савіных моладзь ведае дзякуючы фільму «Салют-7», які выйшаў на экраны летась. У цэнтры сюжэта — выратаванне савецкай касмічнай станцыі, якая страціла сувязь з Зямлёй, перастала рэагаваць на ўсе каманды з Цэнтра кіравання палётамі. Раней ці пазней яна пачала б зніжацца і ў рэшце рэшт упала б на Зямлю. Да таго ж і губляць дарагую касмічную тэхніку ніхто не хацеў... Таму перад экіпажам у складзе Уладзіміра Джанібекава і Віктара Савіных была пастаўлена задача: прыстыкавацца ўручную да некіраванага «Салюта-7» і вярнуць касмічную станцыю да жыцця. Іх палёт стаў адной з самых складаных місій у гісторыі сусветнай касманаўтыкі.

Станцыя круцілася ў космасе ва ўсіх плоскасцях на вялікай хуткасці. Стыкоўку ў такіх умовах яшчэ ніхто і ніколі не выконваў. Было невядома, што здарылася на станцыі: выбух, разгерметызацыя з-за пападання метэарыта або, можа быць, пажар? На Зямлі адпрацоўвалі дзеянні экіпажа на ўсе выпадкі...

Натуральна, што студэнты пацікавіліся меркаваннем Віктара Савіных пра кінафільм. Ці не з`яўляецца расійская стужка адказам амерыканскаму «Амаргедону»? І як ён ставіўся да таго, што да «мёртвай» станцыі паляцеў карабель пад нумарам 13?

— Абсалютна спакойна, — запэўніў герой-касманаўт. — Гэта амерыканцы баяцца лічбы 13. Нават калі яны трэніраваліся ў нашым Зорным гарадку, то ніхто з іх у 13-м пакоі не жыў. А ў мяне з гэтай лічбай у жыцці шмат што звязана. Падчас першага майго касмічнага палёту стыкоўка праходзіла 13 сакавіка. Трэці палёт быў у рамках 13-й Міжнароднай экспедыцыі. Да «Салюта-7» мы ляцелі на караблі «Саюз Т-13». І жыву я ў кватэры № 13. Так што я сябрую з гэтай лічбай. Ніякіх забабонаў у мяне няма.

Што датычыцца праўдападобнасці фільма, то там, канешне, вельмі шмат мастацкага вымыслу. Ніхто кувалдай у адкрытым космасе не махаў! Гэты эпізод мяне больш за ўсё абурыў. А вязаныя шапкі на нас — гэта праўда.Тэмпература на станцыі, калі мы туды трапілі, была мінусавая. Але ўвогуле я лічу фільм карысным для прыцягнення ўвагі моладзі да космасу. Касмічныя палёты заўсёды напоўнены самымі рознымі няштатнымі сітуацыямі, на якія трэба рэагаваць імгненна. І важна паказаць граматныя дзеянні экіпажа.

Ці бачная зверху Вялікая кітайская сцяна?

Амерыканскі астранаўт Марыё Ранка здзейсніў тры касмічныя вандроўкі на шатлах і адзін выхад у адкрыты космас. Ён служыў афіцэрам мэтэаслужбы на дэсантным караблі, афіцэрам экалагічнай службы ВМС ЗША, праводзіў акіянаграфічныя і гідраграфічныя даследаванні. Запрашэнне паступіць у NASA атрымаў у 1987 годзе. І хоць годам раней трагічна загінулі сем членаў шатла «Чэленджэр», яго гэта не спыніла...

— Калі я рос, наша краіна была ахоплена інтарэсам да космасу, — канстатуе ён. — Я глядзеў фантастычныя фільмы кшталту «Стартрэка» і таксама марыў пра космас. Вельмі хацелася б, каб так было і цяпер. У мяне часта пытаюцца, што я думаю пра сучасныя фантастычныя фільмы. Скажу, што самы горшы фільм, які я глядзеў, — гэта «Гравітацыя».

У Марыё выдатнае пачуццё гумару. На пытанне: «А што, акрамя добрага здароўя, патрабуецца для таго, каб трапіць у космас?» ён упэўнена адказвае: «Трэба быць такім жа прыгожым, як я». А ці ёсць месца гумару на касмічным караблі? «Там мы пастаянна жартуем адзін з аднаго, — сцвярджае ён. — Гумар — выдатны спосаб разрадзіць атмасферу і ўстанавіць больш цесныя сувязі з калегамі, з якімі ты праводзіш побач шмат часу».

Усіх цікавіць, як спіцца ў космасе і што сніцца касманаўтам.

— Некаторым падабаецца спаць у бязважкасці, але толькі не мне, — кажа Марыё. — Першы раз я адправіўся ў космас у 39-гадовым узросце. Гэта значыць, што 39 гадоў я спаў у сваім ложку з падушкай і коўдрай. Прызнаюся, што іх у космасе вельмі не хапала. Да таго ж, калі ты знаходзішся ў бязважкасці і на цябе не дзейнічае прыцягненне, твой пазваночнік выцягваецца: я, такім чынам, вырас на два сантыметры. Падобнае «падаўжэнне» стала прычынай боляў у паясніцы. Прыйшлося прымаць абязбольвальныя сродкі, каб заснуць. Калі вас на Зямлі штосьці непакоіць (прастуда ці насмарк), вы ж таксама не можаце заснуць. Затое добрая навіна заключалася ў тым, што раней, калі ў мяне пыталіся пра мой рост, я людзям крышачку хлусіў — казаў, што шэсць футаў. А калі я ў космасе «падрос», выйшла, што казаў усім праўду...

Калі ты знаходзішся на арбіце, то спіш менш, бо графік вельмі насычаны. Тым больш калі хочаш правесці нейкі час каля ілюмінатара і паназіраць за Зямлёй, зорамі, зрабіць фотаздымкі, то даводзіцца скарачаць пад свае патрэбы час на сон.

Але адзін свой сон падчас касмічнай экспедыцыі Марыё ўсё ж такі запомніў і падзяліўся ім з аўдыторыяй: яму снілася, што яны разам з жонкай знаходзяцца ў кабіне шатла. Паміж імі стаіць свечка, але запальваць яе катэгарычна нельга, і яны разам назіраюць у цемры за космасам.

Метэоры Марыё параўноўвае з адбіткамі пальцаў у чалавека, бо яны нясуць унікальную касмічную інфармацыю. Але непасрэдна для караблёў і станцыі ўяўляюць пагрозу, таму лепш за імі назіраць на вялікай адлегласці. Астранаўт расказаў, што, знаходзячыся ў космасе, можна на працягу сутак сустракаць світанак 16 разоў. Зверху можна разглядзець мяжу паміж ЗША і Мексікай, Егіптам і Ізраілем, а вось Вялікую кітайскую сцяну — вельмі праблематычна, таму што яна па колеры зліваецца з мясцовасцю, частка сцяны праходзіць увогуле праз лясы, а ўмовы надвор`я, якія там складваюцца, таксама не спрыяюць, каб можна было яе разглядзець.

Што датычыцца выхаду ў адкрыты космас, то гэта, падкрэслівае Марыё, самыя моцныя ўражанні і захапляльны досвед у жыцці. Чалавеку насамрэч вельмі цяжка асэнсаваць бясконцасць.

З кандытарскай фабрыкі — у космас

А вось расійскаму касманаўту Юрыю Усачову падчас адной са сваіх місій давялося выходзіць у космас аж шэсць разоў! Герой Расійскай Федэрацыі, лётчык-касманаўт Юрый Усачоў і першы астранаўт з Вялікабрытаніі — доктар Хелен Шармэн — сустрэліся са школьнікамі ў сталічным кінатэатры «Піянер», дзе ім давялося адказваць на зусім недзіцячыя пытанні. Напрыклад, наконт перспектыў развіцця новых сродкаў для скарачэння часу пералёту да Марса.

— Выхад у адкрыты космас — гэта сур`ёзная фізічная нагрузка, таму што скафандр важыць больш як 100 кілаграм, ён нязручны і ты цягаеш яго на сабе, як слімак — сваю ракавіну. Рукі, ногі цяжка згінаюцца. Ну і псіхалагічна даводзіцца няпроста, бо трэба пастаянна кантраляваць свае перамяшчэнні. Але страху няма, пра трос, які злучае цябе са станцыяй, у гэты момант не думаеш. Усе твае рухі і счэпкі адпрацоўваюцца да аўтаматызму яшчэ на Зямлі падчас доўгіх трэніровак. Пасля выхаду ў адкрыты космас звычайна губляеш два-тры кілаграмы. Затое потым вельмі добра спіцца, таму што ты вельмі стаміўся і думаеш толькі аб адным — як дабрацца да сваёй падушкі, — усміхаецца Юрый Усачоў. — А вось сны ў космасе сняцца толькі зямныя.

Дзяцей цікавіла, што было самым складаным падчас палёту і ці бывае касманаўтам страшна?

— Старт ракеты і вяртанне на зямлю — самыя небяспечныя ў тэхнічным плане моманты палёту. А ў чалавечым... ты пазбаўлены на доўгі час звыклай атмасферы, сям`і, прыроды, змен часоў года і вялікай колькасці вады, бо экспедыцыя доўжыцца шэсць месяцаў. Для гігіенічных працэдур на касмічнай станцыі прадугледжаны свае прыстасаванні. Бульбачку таксама нельга пасмажыць на патэльні, — жартуе Юрый.

— Страшна, калі наперадзе цябе чакае невядомасць, а нас рыхтавалі да палёту прафесіяналы, і я ведала ўсё, што мне трэба было ведаць, і давярала людзям, якія стварылі карабель, — канстатуе Хелен. — На жаль, мая місія была вельмі кароткай — усяго восем дзён. Я адправілася на касмічную станцыю як даследчык. І самым складаным для мяне было зрабіць усё, што я хацела б зрабіць у космасе, канешне, акрамя пастаўленых перад мной задач. А пры падрыхтоўцы да палёту самым цяжкім было вывучыць рускую мову.

Сказаць, што Хелен выцягнула шчаслівы білет, калі трапіла ў космас, — нічога не сказаць. Яна стала першым астранаўтам у Вялікабрытаніі, хаця не была ні лётчыкам, ні канструктарам, ні інжынерам. Затое добра разбіралася ў хіміі. На момант, калі яна пачула па радыё паведамленне аб адборы кандыдатаў для ўдзелу ў касмічным палёце ў рамках праекта Juno (па збору сродкаў на фінансаванне экспедыцыі камерцыйнымі і грамадскімі арганізацыямі), Хелен працавала... хімікам-тэхнолагам на кандытарскай фабрыцы. Яна рызыкнула і перамагла сярод 13 тысяч сваіх суайчыннікаў, якія таксама імкнуліся трапіць у космас. Сёння Хелена займаецца навукай і выкладаннем. Кажа, што калі б выдаўся другі выпадак адправіцца ў космас, то яна яго дакладна не ўпусціла б...

Юрый Усачоў і Хелен Шармэн выказалі ўпэўненасць, што чалавек, які высадзіцца на Марсе, ужо нарадзіўся, больш за тое, ён ужо вучыцца ў школе. Таму ім можа стаць кожны з прысутных у зале, калі, вядома, вельмі гэтага захоча.

— Я шчыра жадаю вам не баяцца быць дзівакамі, якія мараць паляцець на Чырвоную планету, — параіў школьнікам Юрый. — Не азірайцеся на іншых, хто кажа, што гэта немагчыма. Як толькі вы пачняце гэта рабіць, будзеце жыць чужым жыццём, а не сваім. Кожны чалавек прыходзіць у свет са сваёй задачай. Самае галоўнае — займацца любімай справай. І паверце, што ўсе намаганні каштуюць таго, каб хоць адным вокам паглядзець на Зямлю з ілюмінатара карабля, адчуць сябе ў бязважкасці...

— На свеце існуе шмат цікавых і важных прафесій. І зусім неабавязкова, каб усе імкнуліся ў космас, — дадала Хелен. — Думаю, што хопіць і некалькіх мэтанакіраваных...

Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 15 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2930
Текущая дата: 29.03.2024