Белорусский портал в Казахстане

Багач на парозе: завяршаем гаспадарчую працу і назіраем за надвор’ем



Ларыса Мятлеўская (Sputnik) 21 верасня 2018

Згодна з беларускім народным календаром сёння святкуецца Малая Прачыстая або Багач — так называюць заключнае свята збору ўраджаю.

На вёсцы ў гэты дзень усе жыхары збіраліся талакой, перш за ўсё рабілі Багач — лубок з зернем, у сярэдзіну якога ўстаўлялася свечка. Кожны вясковец па жменьцы прыносіў зерне новага ўраджаю для Багача. У адну з хат запрашалі святара, а пасля набажэнства лубок з жытам або пшаніцай і запаленай свечкай праносілі па вёсцы і абавязкова вакол статка. У працэсіі ўдзельнічалі усе жыхары вёскі.

Потым Багач размяшчалі пад абразамі на покуці хаты тых гаспадароў, якіх грамада ў гэтым годзе абрала лепшымі. Усе гэтыя дзеянні былі скіраваныя на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы і сямейнага ладу.

У народзе гэты дзень лічылі не толькі часам падвядзення вынікам.

Што рабілі нашы продкі

На Багача сяляне імкнуліся адпачыць ад гаспадарчай працы: хадзілі адзін да аднаго ў госці, ладзілі кірмаш і гулянні, падчас якіх хлопцы выглядалі дзяўчат, а дзяўчаты куплялі чырвоныя хусткі і пацеркі ды чакалі жаніхоў.

Гэта было дарэчы, паколькі ў некаторых мясцінах Беларусі вяселлі ладзіліся пераважна ўвосень, да Каляднага посту.

Гаспадыні да гэтага свята пяклі хлеб і пірагі, а таксама гатавалі розныя стравы з гародніны і мяса. У заходніх раёнах Беларусі на Багача забівалі хатнюю скаціну, а гаспадароў, якія шкадавалі гэта рабіць, перасцерагалі, што "жывёлу воўк парве".

Таксама у гэты дзень назіралі за надвор`ем і паводзінамі жывёл. Напрыклад, калі раніцай туман, то хутка пойдуць дажджы, калі ж дзень ясны, то добрае надвор`е пратрымаецца да канца кастрычніка.

Калі пасля Малой Прачыстай хатняя жывёла імкнецца на пашу вельмі рана, то і зіма будзе ранняя.

Ларыса Мятлеўская
Sputnik, 21 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2937
Текущая дата: 02.05.2024