Белорусский портал в Казахстане

Клінковы сыр з кменам



(Sputnik) 27 красавіка 2019

На вёсцы рэдка гатуюць тварожную "пасху". Замест яе на стол заўсёды ставілі клінковы сыр, зроблены па старадаўняму рэцэпту.

Трохкутны палатняны мяшэчак для вырабу тварожнага сыру на Беларусі называецца клінком, а сыр - клінковым.

Клінковы сыр — абрадавая страва. Разам з маслам ён прысутнічае на стале падчас вяселля, на радзінах, на Калядах, Масленіцы, Купаллі і Вялікадні.

Інгрыдыенты:

450-500 г тварагу
1 ч. лыжка кмену
1 ч. лыжка солі
Два драўляных донцы

Як гатаваць:

Тварог пакласці ў глыбокую міску, дадаць адну чайную лыжку солі без верху, жменю памытага і злёгку падсушанага на гарачай патэльні кмену. Усё добра перамяшаць і  скласці ў клінок, добра ўтрамбаваць, завязаць  матузом блізка да тварожнай масы і пакласці паміж донцамі пад гнёт. Зверху можна паставіць рондаль з вадой.

Каб сыр лепей захоўваўся, яго злёгку падсушваюць ў не гарачай печы да ўтварэння жоўтай скарынкі. Можна такога ж эфекту дасягнуць і паставіўшы сыр у злёгку нагрэтую духоўку.

Sputnik, 27 красавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3030
Текущая дата: 07.05.2024