Белорусский портал в Казахстане

Ніл Гілевіч



(Sputnik) 30 верасня 2019

Ніл Гілевіч: апошні народны паэт Беларусі 

Імя Ніл паходзіць ад Нінел, Ленін наадварот. Так будучага паэта назвалі бацькі – сяляне, натхнёныя ідэямі камунізму. Пасля Ніл Гілевіч прызнаваўся, што і сам быў верыў у гэтыя ідэі, але галоўным натхненнем яго творчасці заўсёды была беларуская зямля.

Раннія гады і пачатак творчасці

Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна ў сялянскай сям`і. Яго бацька, Сымон Пятровіч Гілевіч, з`яўляўся старшынёй сельсавету, маці, Кацярына Міхайлаўна, займалася гаспадаркай. Акрамя Ніла ў сям`і нарадзілася яшчэ дзевяць дзяцей, двое з якіх памерлі ў маленстве.

Да вайны Ніл Гілевіч паспеў скончыць тры класы слабодскай сямігадовай школы, а пасля вызвалення Беларусі пайшоў адразу ў пяты клас у вёску Гайна, якая знаходзілася па суседстве. Падчас вучобы юнак працаваў у калгасе паштальёнам.

Пісаць вершы Ніл Гілевіч пачаў, калі яму было дзевяць гадоў. А першы надрукаваны твор з`явіўся ўжо пасля вайны, у 1946 годзе: верш "Яблынька" апублікаваў часопіс "Бярозка".

Пасля апошняга, сёмага класа паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1951 годзе. У апошні год вучобы адначасова выкладаў нямецкую мову ў школе, а потым паступіў на філалагічны факультэт БДУ.

Літаратурная праца і палітычная дзейнасць

Першая кніга паэзіі Ніла Гілевіча "Песня ў дарогу" выйшла ў 1957 годзе, а ў 1959-м, калі ён скончыў аспірантуру і пачаў працаваць на кафедры беларускай літаратуры, свет убачыў зборнік "Прадвесне ідзе па зямлі".

Адначасова з працай на кафедры, Ніл Гілевіч з`яўляўся літаратурным кансультантам у газеце "Звязда".

З 1961 па 1968 год, калі ён атрымаў званне дацэнта, выходзяць яшчэ чатыры зборнікі: "Неспакой", "Бальшак", "Перазовы" і "Лісце трыпутніку".

У 1978 годзе Ніл гілевіч становіцца прафесарарам. Да гэтага часу ў друку ўжо з`явіліся зборнікі "А дзе ж тая крынічанька", "Запаветнае", "Актавы".

На працы ва ўніверсітэце Ніл Гілевіч піша шмат кніг па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы, а таксама ўкладае фальклорныя зборнікі, займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Паэт пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў.

У 1979 годзе свет убачыў гумарыстычны і сатырычны зборнік паэта "У добрай згодзе".

У 1976 – 1990 годах Ніл Гілевіч з`яўляўся членам прэзідыума, а ў 1980 – 1989-х — першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а таксама старшынёй і адным са стваральнікаў Таварыства беларускай мовы. У гэтыя гады выходзіць зборнік п`ес "Начлег на буслянцы" (1980), а таксама вершаваны раман "Родныя дзеці" (1985), паэтычныя зборнікі "Святлынь" (1984), "Як дрэва карэннем" (1986) і "Повязь" (1987).

Асноўнымі матывамі паэзіі Ніла Гілевіча з`яўляюцца любоў да роднага краю і яго гістарычнай спадчыны, тэмы спалучэння пакаленняў праз час і жахі ваенных гадоў.

Акрамя навуковай і літаратурнай працы займаўся Ніл Гілевіч і палітыкай. 3 1985 года ён працаваў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а з 1990 з`яўляўся старшынёй яго пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны.

У дзевяностыя гады Ніл Гілевіч выдае кнігі паэзіі "Жыта, сосны й валуны" (1990), "Талісман" (1994), "На высокім алтары" (1994), "Вечны матыў" (1994).

Апошнія гады

У двухтысячныя настрой вершаў паэта змяняецца, што лёгка прасачыць па вершах, якія склалі зборнікі "…І плямы на табе няма" (2003), "На флейце самоты" (2004). У канцы 2013 года выйшла апошняя кніга з 23-томнага збору твораў пісьменніка.

Ніл Гілевіч быў узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, а таксама шматлікімі медалямі, ганаровымі граматамі і прэміямі.

За пераклады літаратурных твораў урад Балгарыі ўзнагародзіў Гілевіча ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені (з 1987 года ён з`яўляўся членам праўлення Усесаюзнага таварыства савецка-балгарскай дружбы.

Ад Югаславіі Ніл Гілевіч атрымаў ордэн Югаслаўскай зоркі са стужкай. Таксама Ніл Гілевіч з`яўляўся апошнім паэтам Беларусі, які атрымаў званне народнага.

Шматлікія вершы Ніла Гілевіча былі пакладзеныя на музыку. Яе напісалі такія славутыя кампазітары, як І.Лучанок, А.Багатыроў, Я.Глебаў, Э.Зарыцкі і іншыя.

Пайшоў з жыцця народны паэт Беларусі 29 сакавіка 2016 года ў Мінску. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач з магілай жонкі Ніны Іванаўны.

Sputnik, 30 верасня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3094
Текущая дата: 28.03.2024