Белорусский портал в Казахстане

Ці варта асцерагацца штучнага інтэлекту і як наблізіць будучыню?



Надзея Нікалаева (Звязда) 4 студзеня 2020

Уявіце сабе наступную сітуацыю: па дарозе едзе аўтамабіль-беспілотнік, і раптам на яго шляху ўзнікаюць дзве перашкоды — старэнькая бабуля і маці з маленькім дзіцем. Пазбегнуць сутыкнення немагчыма. На каго наехаць? Беспілотнік адназначна больш бяспечны, чым аўтамабіль, ён хутчэй апрацоўвае інфармацыю, у яго вышэйшая хуткасць рэакцыі і рашэнні ён прымае не эмацыянальныя, а прадыктаваныя праграмай, якая ў яго закладзена... чалавекам. Такім чынам, перад стваральнікам беспілотнага аўтамабіля стаіць маральная дылема — менавіта ён павінен загадзя вырашыць, кім можна будзе ў дадзеным выпадку ахвяраваць, і прапісаць гэта ў праграме...

Ці вось яшчэ адно пытанне з ліку маральных. Хто павінен несці адказнасць за брак пры друкаванні выяў чалавечых органаў: стваральнік лічбавага шаблона, стваральнік 3D-прынтара або спецыяліст, які кіруе гэтай тэхнікай? Падчас форуму навукі і бізнесу «Інавацыйны шторм» падобных пытанняў прагучала шмат. Сёлета мерапрыемства, арганізатарам якога выступае Мінскі гарадскі тэхнапарк, прайшло ўжо другі раз, і плануецца, што яно стане штогадовым.

«Інавацыйны шторм» — гэта бітва простых слоў са складанымі тэрмінамі: у нефармальнай абстаноўцы прадпрымальнікі і навукоўцы простымі словамі расказваюць аб тэхналогіях і інавацыях, якія ў найбліжэйшы час могуць карэнным чынам змяніць наша з вамі жыццё.

3D і медыцына

— Мяркую, што праз 10—15 гадоў можна будзе «надрукаваць» выявы практычна ўсіх чалавечых органаў, — падзяліўся сваёй думкай з аўдыторыяй урач-кардыёхірург РНПЦ «Кардыялогія» Арцём Нявыглас. — Ужо сёння 3D-тэхналогіі актыўна прымяняюцца ў нейрахірургіі, кардыяхірургіі, анкалогіі, стаматалогіі, траўматалогіі і артапедыі... 3D-друк дапамагае медыкам практыкавацца і складаць дакладныя планы будучых хірургічных аперацый.

У РНПЦ «Кардыялогія» з 2017 года робяць аперацыі на сэрцы пацыентам з гіпертрафічнай кардыяміяпатыяй пры дапамозе камп`ютарнага мадэлявання і 3D-друку.

Дыягназ «гіпертрафічная кардыяміяпатыя» ставіцца людзям з павялічанай міжжалудачкавай перагародкай у сэрцы. Апошняя перашкаджае выкіду крыві, і сэрцу даводзіцца працаваць пад вялікай нагрузкай. Вынікам захворвання становіцца раптоўная смерць. Многія гучныя выпадкі смерці вядомых спартсменаў на ўзлёце іх прафесійнай кар`еры звязаны менавіта з гэтай паталогіяй.

Каб нармалізаваць адток крыві, праводзіцца аперацыя па выдаленні гіпертрафіраванай мышачнай масы. Аперацыя лічыцца дастаткова складанай з-за абмежаванай бачнасці, а ўрачы павінны дакладна вызначыць, колькі лішняй мышачнай масы трэба выдаліць. Калі выдаліць больш, чым трэба, то можна прабіць адтуліну паміж камерамі сэрца. Калі менш, сэрца не будзе працаваць на поўную моц. У РНПЦ «Кардыялогія» зрабілі стаўку на 3D-тэхналогіі.

— Мы робім пацыенту ангіяграфічнае даследаванне, КТ або МРТ. У выніку атрымліваем мноства здымкаў, якія загружаюцца ў праграмы для 3D-мадэлявання. Затым звесткі паступаюць на 3D-прынтар: для друку прататыпа сэрца патрабуецца 8—12 гадзін, — расказвае Арцём Нявыглас. — Мы бачым мадэль у рэальную велічыню і можам прадумаць, як лепш аперыраваць у кожным канкрэтным выпадку. Цяпер мы сталі нашмат лепш разумець і ўяўляць прасторавую анатомію такой аперацыі — дзе менавіта трэба выдаляць гіпертрафіраваны міякард, у якой колькасці і як гэта рабіць. У кожным канкрэтным выпадку выдаляем зусім розныя па форме і аб`ёме ўчасткі паталагічна патоўшчанай міжжалудачкавай перагародкі сэрца. Калі раней выдаленне 5 грамаў гіпертрафіраванага міякарда лічылася добрым вынікам, то апошнім рэкордам беларускіх кардыёлагаў сталі 32,6 грама! Больш таго, гэта сусветны рэкорд!

Увогуле, калі з 2008 да 2017 года пацыентам з гіпертрафічнай кардыяміяпатыяй было праведзена 85 аперацый, то з 2017 года выканана ўжо 84 3D-мадэляваныя аперацыі і ніводнага мітральнага пратэзавання. Прымяненне новай тэхналогіі значна палепшыла вынікі аперацыйных умяшанняў, якія выконваліся класічна.

Але новыя трэнды цягнуць і новыя патрабаванні да спецыялістаў. Так, у недалёкай будучыні можа з`явіцца прафесія «біяархітэктар у галіне 3D друку»: гэта будзе спецыяліст, які выдатна ведае медыцыну, анатомію чалавека, умее працаваць з 3D-мадэлямі, разумее 3D-друк і здольны літаральна дапрацаваць новы надрукаваны орган.

І ўсё ж многія адважныя ідэі пакуль знаходзяцца ў працэсе вырашэння, на стадыі лабараторных распрацовак. Напрыклад, як паведамляюць замежныя СМІ, групе навукоўцаў з ЗША ўдалося стварыць з дапамогай 3D-друку паўнавартасныя крывяносныя сасуды, якія выдатна прыжываюцца ў млекакормячых. Яны могуць змяняцца на працягу жыцця і расці, бо ў іх аснове знаходзіцца клетачная структура.

Дзякуючы сімбіёзу тэхналогій і медыцыны ствараюцца штучная скура і мышцы. Біяпрынтар дазваляе вырошчваць тканіны без выкарыстання штучнай або біялагічнай матрыцы. Прынцып усё той жа, як і пры друку любога 3D-вырабу: з галоўкі, якая рухаецца, «выплёўваецца» або кропелька, якая змяшчае клеткі, альбо кропелька з калагенам ці іншым патрэбным рэчывам. Вытворцы гэтых цуда-машын ужо кажуць пра паспяховае «раздрукоўванне» фрагментаў скуры жывёл і нават элементаў нырачных тканак чалавека. Калі ўлічыць, якімі тэмпамі развіваюцца сёння тэхналогіі, у нас ёсць усе шанцы заспець той час, калі ў паліклініках будуць стаяць прынтары, на якіх можна будзе раздрукаваць любы орган, не чакаючы доўгай донарскай чаргі.

Штучны інтэлект і офісны планктон

«Сёння рабі заўтра» — такі лозунг прапанаваў удзельнікам форуму прадстаўнік кампаніі «УКантакце» Дзяніс Маркаў. «Будучыня ўжо настала, проста яна нераўнамерна размеркаваная» — гэта фраза аднаго з футуролагаў.

— У Японіі робаты сустракаюць гасцей у гатэлях, даюць неабходную інфармацыю, дапамагаюць ім зарэгістравацца. У мінскіх гасцініцах я пакуль такога не бачыў, але аднойчы яны з`явяцца і тут, — упэўнена заявіў спікер. — Робаты — гэта першы вялікі трэнд, і, хочам мы таго ці не, яны возьмуць на сябе ўсё, што можна прапісаць у алгарытме. У эканоміцы кампаніі Ubеr закладзена, што яна будзе акупляцца і прыносіць прыбытак, толькі калі замест машын з кіроўцамі кліентаў будуць абслугоўваць беспілотныя аўтамабілі. Беспілотнікам не трэба спаць, яны могуць ездзіць амаль бесперапынна, ім не трэба плаціць зарплату. Больш за тое, Ubеr і «Яндэкс.Таксі» актыўна выкарыстоўваюць вялікія даныя. Яны ведаюць, дзе людзі найчасцей заказваюць машыну, куды яны накіроўваюцца, у які час сутак ці тыдня. Калі сумясціць беспілотныя аўтамабілі і вялікія даныя, то можна павысіць у шмат разоў эфектыўнасць кампаній.

Штучны інтэлект — гэта не кібарг, а набор тэхналогій, аб`яднаных агульнай назвай, якія могуць палепшыць наша жыццё. Дзяніс Маркаў расказаў, што ў расійскіх школах ужо рэалізуецца праект Ашчадбанка «Далонькі», дзякуючы якому дзеці могуць аплачваць харчаванне ці любыя прадукты ў школьным буфеце, проста прыклаўшы далонь — такім чынам адбываецца ідэнтыфікацыя дзіцяці і з яго рахунку спісваецца патрэбная сума. Так дзеці не згубяць абедзенныя грошы, не патрацяць іх на іншыя мэты, і ніхто не зможа іх адабраць. Акрамя таго, Ашчадбанк прывучае школьнікаў з маленства да біяметрычнай ідэнтыфікацыі.

Іншы праект Ашчадбанк рэалізаваў у Маскве разам з буйной сеткай харчовых супермаркетаў. Чалавек аднойчы прыходзіць у магазін, «прывязвае» да карты свае адбіткі пальцаў і ў наступныя візіты, каб аплаціць пакупкі, проста прыкладвае руку да сканера. У Санкт-Пецярбургу яшчэ адна сетка гіпермаркетаў прапануе пакупнікам на ўваходзе захапіць з сабой партатыўны сканер. Гэта вельмі зручна, бо на прыладзе высвечваецца кошт усіх пакупак у вашым кошыку і вы ведаеце, ці хопіць у вас грошай. На пункце самаабслугоўвання няма ніякіх касіраў, пакупкі можна аплаціць самастойна карткай.

Дзяніс Маркаў лічыць, што новыя аўтаматызаваныя тэхналогіі заменяць прадаўцоў, касіраў, фінансавых аналітыкаў у банкаўскай сферы. Вялікія скарачэнні чакаюць увогуле ўвесь «офісны планктон» — усё, што можна аўтаматызаваць, пакрысе ляжа на плечы робатаў.

— На мой жаль, робаты заменяць і праграмістаў. Так, на нашых вачах адбываецца сапраўдная рэвалюцыя, і нам трэба вучыцца з гэтым жыць, — кажа Дзяніс Маркаў. — Усе мы дзелімся на лічбавых мігрантаў і абарыгенаў. Першыя — гэта людзі больш сталага ўзросту, пасля сарака, якія не так даўно адкрылі для сябе інфармацыйныя тэхналогіі. А другія — новае пакаленне, якое нарадзілася са смартфонам у руках. Сёння з дапамогай мабільнай прылады мы заказваем таксі, расплачваемся ў магазіне, мабільны тэлефон стаў нашым банкаўскім кашальком, бібліятэкай і забаўляльным цэнтрам.

Статыстыка ад кампаніі Gооglе сведчыць, што ў людзей ва ўзросце ад 25 да 34 гадоў смартфоны з’явіліся ў сярэднім у 20 гадоў, ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў — у 16 гадоў, а ў маладзейшых — у 12 гадоў. Аднойчы мы з дачкой чыталі кнігу з прыгожымі ілюстрацыямі, і я ўбачыў, як яна сваімі пальчыкамі спрабуе павялічыць выяву. Можна сказаць, што мы ўжо крыху мутанты, бо тэлефон — гэта працяг нашай рукі. І гэта толькі пачатак. Хутка прыйдзе час чыпаў, якія мы будзем ужыўляць у свае рукі.

— Не ўсе людзі ўспрымаюць інавацыі. І калі вы робіце штосьці новае, то не ідзіце адразу да ўсіх, — раіць Дзяніс Маркаў. — Знайдзіце тых, каму гэта насамрэч цікава, сканцэнтруйцеся на камунікацыі з імі. Паказвайце, расказвайце, пераконвайце менавіта тыя 2,5 % наватараў, якім гэта цікава. Ужо потым далучацца раннія паслядоўнікі — тыя людзі, якія назіраюць і думаюць: напэўна, у гэтым нешта ёсць. За імі — ранняя большасць і, нарэшце, позняя большасць.

Прагназаванне будучыні — гэта кіраванне будучыняй. Збываецца той прагноз, да якога мы прыклалі палітычную волю, у які ўклалі рэсурсы, паверылі і які ажыццяўляем. Падумайце аб пагрозах і магчымасцях, што нясуць змены. Намалюйце ідэальны і сумны сцэнарый. Калі вы прагназуеце будучыню, вы ёй кіруеце. Назірайце за трэндамі. Зыходзячы з гэтага, выбудоўвайце кар`ерную траекторыю, набірайце пэўныя кампетэнцыі. Трэба не пасіўна чакаць будучыню, а пастарацца скараціць разрыў паміж тым, што будзе праз дзесяць гадоў, і тым, дзе мы сёння знаходзімся.

«Сяроў» і наш партрэт

Падчас свайго выступлення Дзяніс Маркаў прыгадаў адначасова і вясёлую, і сумную гісторыю, як адна вялікая сетка гіпермаркетаў у ЗША адправіла віншаванне сваёй кліентцы. Віншавалі яе з... цяжарнасцю, але, як высветлілася пазней, паведамленне атрымала 14-гадовая дзяўчына-падлетак. Яе бацькі, натуральна, абурыліся, праўда, праз пэўны час высветлілася, што іх дачка насамрэч цяжарная, а праграма лаяльнасці ў супермаркеце гэта вылічыла па змяненнях у звычках і спажывецкіх перавагах.

— Мы з высокай ступенню імавернасці вызначаем цяжарнасць, бо паводзіны жанчыны ў інтэрнэце вельмі моцна змяняюцца. Фактычна даведваемся пра гэты факт другія пасля яе — раней за мужа і маці, — пацвярджае Яўген Паперны, кіраўнік праектаў «Здароўе» і «Дзеці» кампаніі Mаіl.Ru Grоuр.

Яна аб`ядноўвае дзве найбуйнейшыя сацыяльныя сеткі ў Расіі — «Аднакласнікі» і «УКантакце», паштовую службу, службы дастаўкі ежы, таксі і г. д. Ахоплівае 95—97 % карыстальнікаў рунету, і гэта цягне за сабой велізарную колькасць вялікіх даных.

— Мы ведаем вельмі шмат пра тое, што робяць і чым цікавяцца людзі. Часам нават больш, чым нам хацелася б, — канстатуе спецыяліст. — Мы адрозніваем людзей, якія любяць катоў, ад тых, якія любяць сабак; тых, хто п`е каву, ад тых, хто п`е гарбату. Выкарыстоўваем тэхналогію «Сяроў», якую назвалі ў гонар вядомага партрэтыста. З яе дапамогай складаем партрэты патэнцыяльных спажыўцоў тых ці іншых тавараў.

Таму рэклама дзіцячых тавараў у інтэрнэце «расце» разам з дзецьмі. Напрыклад, маркетолагі ведаюць, што дзіцячыя каляскі бацькі пачынаюць выбіраць прыблізна на пятым месяцы цяжарнасці. Потым, па меры росту дзіцяці, бацькам прапануюць падгузнікі, спецыяльнае харчаванне, развіццёвыя гульні і г. д. Рэклама сродкаў ад прастуды рухаецца па краіне ўслед за эпідэміяй, а тэрыторыя Расіі вялікая: калі ў Нарыльску ўжо грып, у Краснадары яшчэ цвітуць кветкі.

«Мы вельмі добра прымяняем тэматычны аналіз, — кажа Яўген Паперны. — Абавязкова сочым, ці дачытваюць людзі тэкст да канца, бо гэта сведчыць, што яны не выпадковыя. Можам бачыць, што анколагі не любяць размаўляць са сваімі пацыентамі пра харчаванне. А людзі ўвогуле любяць лячыцца ежай. На пытанне, як мне харчавацца, анколагі звычайна адмахваюцца і кажуць: «Вы проста ешце...» А мы бачым, што гэтага недастаткова: адпаведных запытаў у нашым раздзеле «Здароўе» вельмі шмат.

Адной з самых складаных для даследавання катэгорый з`яўляюцца наведвальнікі аўтамабільных сайтаў. Калі чалавек цікавіцца лекамі, ён, як правіла, іх набывае, бо мае адпаведны рэцэпт ці рэкамендацыю. Але калі ён заходзіць на старонку з тым ці іншым аўто, то, магчыма, проста пра яго марыць. І вельмі складана адрозніць людзей, якія з’яўляюцца патэнцыйнымі спажыўцамі пэўнага тыпу аўтамабіляў: яны могуць ездзіць на «Кія», але шукаць інфармацыю пра «Мерседэс».

Удзельнікі форуму пацікавіліся, ці можна велізарную базу даных Mаіl.Ru Grоuр выкарыстоўваць для прафілактыкі хвароб канкрэтных карыстальнікаў.

— Дайце мне 10 тысяч кантактаў людзей, у якіх была спроба суіцыду, і я спыню іншыя, — упэўнена заявіў спецыяліст. — Калі мы ведаем кагорту людзей, якія валодаюць пэўнымі прыкметамі, то па іх анлайн-паводзінах можна знайсці іншых, хто гэтак жа сябе паводзіць, адпаведна з імі можна працаваць на прадухіленне...

Прысутных цікавіла таксама, ці сочаць за карыстальнікамі праз мікрафон, вылоўліваючы ключавыя словы.

— Гэта вельмі лёгка ўстанавіць, прааналізаваўшы колькасць трафіку, — адказаў спікер. — Распазнаванне маўлення ў рэжыме «нон-стоп» патрабуе магутнага інтэрнэту і вядзе да хуткай разрадкі батарэі. Існуючы ўзровень тэхналагічнага развіцця не дазваляе вырашаць гэтую задачу незаўважна для карыстальніка.

Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 4 студзеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3118
Текущая дата: 20.09.2020