Белорусский портал в Казахстане

Уладзiмiр Карачэўскi: Цяпер разумею, што адкладваць непазбежнае не мае сэнсу



Ірэна Кацяловіч (Звязда) 16 траўня 2020

Нацыянальная кiнастудыя трапляе ў навiны, нават калi гэта не звязана ўласна з новымi фiльмамi, але апошнiм часам нагоды для абмеркавання былi сапраўды грунтоўныя. То карцiну «Купала» не паказалi беларускай публiцы, то прэм`еру «Авантур Пранцiша Вырвiча» перанеслi, то на Берлiнале прэзентавалi знятую пры падтрымцы «Беларусьфiльма» стужку. Урэшце здарылася пандэмiя COVID-19, якая не абмiнула нiкога, таму мы чарговы раз з`явiлiся на кiнастудыi, каб распытаць яе дырэктара Уладзiмiра Карачэўскага пра ўсё, што адбываецца праз пандэмiю, i тое, што мае адбыцца i без яе. Адным словам, надзённае, у тым лiку пакуль не ўбачаны «Купала», — у нашым iнтэрв`ю.
________________________________________________

— Як пандэмiя каранавiруса паўплывала на работу «Беларусьфiльма»?

— Вельмi моцна i адчувальна. Кiнаiндустрыя ва ўсiм свеце пацярпела — спынiлiся як вытворчыя працэсы, так i, вядома, прасоўванне, продажы, удзел у кiнафестывалях. Такога яшчэ нiколi не было. «Беларусьфiльм» залежыць ад знешнiх сувязяў, мы ж зацiкаўлены рабiць кiно не толькi для ўнутранага рынку — нам трэба працаваць з замежнымi партнёрамi, аказваць паслугi i прасоўваць сваю прадукцыю за мяжой. Вясна ў гэтым плане абяцала быць вельмi насычанай, а мы павiнны былi добра зарабiць, але ўжо ў сярэдзiне сакавiка адчулi сур`ёзныя змены, калi на кiнастудыi спынiлася вытворчасць шэрагу замежных фiльмаў, перасталi брацца за паслугi, i партнёры адмянiлi вiзiты. Самае крыўднае — некаторыя праекты рыхтавалiся два гады. Як вы разумееце, замерла i ўласная вытворчасць — так цi iнакш, людзi адмовiлiся ад здымак у дакументальных фiльмах, а замежныя акцёры не могуць да нас прыехаць. Сёння работу працягваюць толькi анiматары, а большасць праектаў пастаўлена на кансервацыю.

— Чым кiнастудыя займаецца замест таго, што мусiла спынiць?

— Мы занялiся работай, на якую дагэтуль не заўсёды хапала часу i сiл. Напрыклад, пошукам пакупнiкоў i партнёраў для новых фiльмаў, а я хачу, каб створаныя за апошнiя гады карцiны мелi i фестывальную, i пракатную, i тэлевiзiйную гiсторыю. Таксама актыўна працуем над давядзеннем да ладу свайго фонду — у нас цяпер ёсць замежныя сэйлз-агенты, гатовыя прадаваць нашы фiльмы, але гэта патрабуе iнвентарызацыi бiблiятэкi, рэстаўрацыi карцiн, падрыхтоўкi субцiтраў, а гэта маштабная праца.

— А што сёння з вашым фiнансавым станам?

— Сур`ёзныя праблемы. Ужо трэцi месяц мы знаходзiмся ў вельмi няпростай сiтуацыi: грашовых паступленняў цяпер няма, пры гэтым «Беларусьфільм» не субсiдзiруецца, а з`яўляецца рэспублiканскiм унiтарным прадпрыемствам, то-бок павiнен зарабляць. Кiнастудыя эканомiць на ўсiм, час ад часу iдзём у прастой, бярэм адпачынкi за свой кошт, але змагаемся за тое, каб застацца на плаве. Мы падтрымлiваем сувязь з партнёрамi — усе яны рвуцца, мараць i жадаюць прыехаць пасля адкрыцця гранiц.

— Мне здаецца, да справакаванага каранавiрусам крызiсу фiнансавы стан кiнастудыi стаў паляпшацца.

— Прынамсi, даходы павялiчылiся, але давялося панесцi i немаленькiя выдаткi — аформiць некаторыя звязаныя з рэканструкцыяй дакументы, закупiць тое-сёе абсталяванне, укласцi грошы ў некалькi фiльмаў i iх прасоўванне. Так, больш актыўна стала працаваць кiнафабрыка, павялiчыўся прыбытак ад дыстрыбуцыi, сюды прыехалi клiенты, якія нiколi тут не бывалi, — i ў нас з`явiўся нейкi прасвет. Але толькi-толькi мы яго ўбачылi, як каранавiрус падарваў усе бiзнес-праекты.

— Некаторы час таму вы сталi скарачаць штат кiнастудыi i рэарганiзаваць яе структуру. Як усё гэта праходзiць?

— Гэты год для «Беларусьфiльма» будзе пераломны, i ўжо восенню ён будзе працаваць у iншым фармаце. Каранавiрус нават падштурхнуў да больш радыкальных крокаў: калi раней я ў нечым сумняваўся альбо нешта шкадаваў рабiць, то цяпер разумею, што адкладваць непазбежнае не мае сэнсу. Кiнастудыя сёння сумяшчае вытворчасць i аказанне паслуг, а гэтая мадэль iснавання — грувасткая i нежыццяздольная, нездарма такога амаль нiдзе не засталося. Гэтыя кiрункi трэба развесцi, каб яны працавалi паасобку i мелi асобныя фiнансавыя патокi. Да таго ж наяўнасць пастаяннага агромнiстага штату супрацоўнiкаў не адпавядае сённяшнiм патрабаванням. Я максiмальна выводжу людзей па-за штат, скарацiлася колькасць начальнiкаў, аб`ядналiся некаторыя службы. У нас больш няма галоўнай рэдакцыi i аддзела маркетынгу, затое ёсць прадзюсарскi цэнтр, якi мусiць усё гэта аб`яднаць i заняцца ўсiм — ад пошуку праекта i стварэння фiльма да яго прасоўвання i продажаў.

— Людзi не скардзяцца на масавае скарачэнне?

— Скардзяцца i крыўдзяцца, але што рабiць: як бы мяне нi крытыкавалi, я не магу забяспечыць заробкам такi вялiкi штат, эканомiка дыктуе вельмi шмат, i рэагаваць трэба па магчымасцi хутчэй. Раней кiнастудыя фiнансавалася з бюджэту на сто працэнтаў i магла арганiзаваць пастаянны вытворчы працэс. Сёння ў мяне то тры фiльмы, то нiводнага, i я не магу быць упэўнены, напрыклад, што выйграю ў конкурсе на дзяржзакупку i атрымаю грошы на новую карцiну, бо мiнiстэрства сочыць, каб усе гулялi па агульных правiлах. Таму я аптымiзую кiнастудыю, i не толькi творчыя студыi, але i адмiнiстрацыйны персанал. Вядома, нiхто не хоча страчваць пастаяннае месца работы, людзi псiхалагiчна да гэтага не гатовы, але i кiнастудыя не гатова ўтрымлiваць усiх супрацоўнiкаў, iнакш яна будзе нарошчваць даўгi. То-бок у мяне ёсць выбар: альбо выратоўваць «Беларусьфiльм», альбо захоўваць людзей, але i гэта ў рэшце рэшт спынiцца само сабой.

— Колькi людзей ужо перайшло на новую форму стасункаў з кiнастудыяй?

— З некiм мы не працягнулi кантракты, некага перавялi на часовыя працоўныя дамовы, некага вывелi ў прастой i глядзiм, колькi людзей у штаце нам трэба. Я думаю, колькасць супрацоўнiкаў скароцiцца на трацiну. Але аптымiзацыя праходзiць павольна, я не раблю рэзкiх рухаў, большасцi мы прапануем альтэрнатыву. Нехта лiчыць мяне разбуральнiкам — ну, калi толькi разбуральнiкам свядомасцi, бо далей так быць не можа.

— Цi паспелi вы паменшыць даўгi кiнастудыi?

— Даўгоў хапае. Бо грошы, каб нешта зарабiць, даводзiцца ўвесь час у нешта ўкладваць. Самы просты прыклад — кiнатурызм: хоць невялiкую экспазiцыю, але давялося зрабiць. Тое ж з продажамi: промапрадукцыя, перамантаж, пераагучка, рэстаўрацыя — на ўсё патрэбны грошы. Я нiколi не абяцаў, што фiнансавы стан «Беларусьфiльма» памяняецца хутка. Затрат i праблем шмат, але я разлiчваю на нашы новыя фiльмы — усе яны могуць мець добрую пракатную гiсторыю.

— У вас былi даўгi па аплаце работы акцёраў. Вы iх закрылi?

— Адны закрылi — з`явiлiся новыя.

— Не так даўно шырока абмяркоўвалася тое, што кiнастудыя ўдзельнiчала ў прадстаўленым на Берлiнскiм кiнафестывалi фiльме «Урокi персiдскай» Вадзiма Перэльмана, але не скарысталася гэтым, каб прасунуць сябе на кiнарынку Берлiнале. Вы ездзiце на кiнарынкi — наколькi выгада ад удзелу вiдавочная?

— Мы пачалi ездзiць на кiнарынкi толькi апошнi год, i гэта дае вынiк — дзе б нi былi, мы паўсюль знаходзiлi партнёраў. Намi цiкавяцца, да нас у вынiку прыязджаюць, нашы фiльмы разглядаюцца для куплi. Пакуль што Беларусь з`яўляецца terra incognita для сусветнага кiно, i ў кiнарынках нам трэба ўдзельнiчаць абавязкова, Мiнiстэрства культуры цяпер прапрацоўвае гэтае пытанне, але ў нас няма досведу такiх паездак, i вучыцца даводзiцца на хаду. Кiнастудыя iснуе ўжо 95 гадоў, я лiчу, мы не горшыя, чым грузiнскае, прыбалтыйскае цi румынскае кiно, затое яны актыўна прадаюць свае магчымасцi, часам нават больш сцiплыя, чым нашы. Канешне, трэба было б выставiцца i на Берлiнале, але для гэтага патрэбны немаленькiя выдаткi — дваццаць тысяч рублёў i вышэй. На прэм`еру «Урокаў персiдскай» я паехаў толькi на пару дзён, жыў у простым гатэлi, але нават на гэта трэба было знайсцi грошы. Дарэчы, калi я прыйшоў на «Беларусьфiльм», у яго не было нiводнай мiжнароднай дамовы, апроч як з Расiяй, — цяпер жа мы супрацоўнiчаем з партнёрамi з больш чым дзесяцi краiн. Хай гэта пакуль маленькi ручай, але пачатак закладзены, кожная паездка дае новыя кантакты: мы сюды, напрыклад, прывезлi iндыйцаў, пасля з`ездзiлi да iх.

— Калi вы паспелi пабываць у Iндыi?

— Перад самым каранавiрусам з`ездзiлi ў Мумбаi, паглядзелi iх натурпляцоўкi, дзе бегаюць малпы, сустрэлiся з патэнцыйнымi iнвестарамi. Прадстаўнiкi кiнастудый Iндыi плануюць прыехаць сюды, i партнёры, што ў нас ужо здымалi, маюць намер вярнуцца. Вясной мы планавалi i з кiтайцамi ўвайсцi ў сумесную вытворчасць.

— Тое, што было запланавана, перанеслася цi нешта ўсё ж адмянiлася?

— Пакуль нiводны замежны праект не кажа пра адмену, толькi пра перанос. Кiнаiндустрыя пацярпела, як i турызм, мацней за ўсё. Заказаў няма, паслуг нiхто не бярэ, а заробкi на «Беларусьфiльме» залежаць ад таго, колькi ён зарабляе. Мы прашарсцiлi паўсюль — усе кажуць пра сур`ёзны крызiс, увесь свет стаiць. Нават тэлеканалы адкладваюць куплю кантэнту, бо ў iх няма рэкламы, а значыць, i грошай. Некаторыя, праўда, прапануюць паказаць нашы карцiны, а грошы аддаць потым.

— Не пашкадавалi, што ў свой час перанеслi прэм`еру «Авантур Пранцiша Вырвiча»? Бо ў маi, як было запланавана, яна, вiдавочна, не адбудзецца.

— Не пашкадаваў, я спадзяюся, у нас атрымаецца зрабiць абяцаную беларускамоўную версiю, хоць працэс пакуль не запушчаны. Калi ўсё будзе ў парадку i да 3 лiпеня пачнуць працаваць кiнатэатры, спачатку на экраны выйдзе наша карцiна «Лёс дыверсанта» Дзмiтрыя Астрахана. Гэта ваенны фiльм, ён павiнен быць да месца. «Авантурамi» мы, напэўна, адкрыем восень. Некалькi пакупнiкоў цяпер разглядаюць «Сляды апосталаў-2», пэўныя iнтэрнэт-платформы i расiйскiя тэлеканалы прэтэндуюць на сiткам «Iлюзii».

— А якiя ў кiнастудыi планы на «Купалу»?

— На некаторыя буйныя кiнафестывалi, як у Венецыi, Сан-Себасцьяне, Таронта, Пусане, прыём заявак яшчэ не завершаны — можа быць, сусветная прэм`ера «Купалы» адбудзецца на адным з гэтым форумаў, але восенню мы так цi iнакш пакажам яго беларускiм гледачам, зацягваць не будзем, каб ён не пераспеў.

— Вы назiралi, якую незадаволенасць у некаторых медыя выклiкала тое, што «Купалу» не паказваюць у Беларусi?

— Калi нехта недачуў цi недачытаў, хай не дадумвае, а праверыць больш уважлiва. Некаторым словаблудным, што не валодалi iнфармацыяй, а кацiлi бочкi на кiнастудыю, я нават адправiў папярэджаннi. Я даўно сказаў, што мы плануем адправiць фiльм на фестывалi, а ўжо пасля, у другой палове 2020 года, паказаць у Беларусi. Нiхто не абяцаў раней, а фiльм мiж тым пачалi змешваць з нейкiмi палiтычнымi кампанiямi.

— Але ж публiчны паказ «Купалы» планаваўся ў снежнi.

— Так, для кiнасуполкi — на Дзень беларускага кiно, але не ў час лыжка на абедзе: мы не паспелi дарабiць камп`ютарную графiку, а паказваць абы-як не хацелi, бо фiльм для нас сапраўды знакавы. Потым мы пагаварылi з тымi, хто займаецца фестывалямi, i вырашылi, што зробiм паказ ужо непасрэдна перад прэм`ерай, — цяпер паказваць «Купалу» няма сэнсу.

— Калi скончылася рэканструкцыя кiнастудыi, iшла гаворка пра тое, што тут можна рабiць поўны цыкл вытворчасцi фiльма. Чаму «Купалу» агучвалi ў Празе?

— Тонстудыя была, толькi абсталяванне не адпавядала патрабаванням, таму часткова за нашы грошы, часткова пры падтрымцы бюджэту ў 2019 годзе было закуплена новае. Да апошняга iшла настройка, але праз каранавiрус спецыялiсты былi вымушаны з`ехаць, таму нам яшчэ трэба данастроiць студыю i атрымаць лiцэнзiю. Адпаведна, «Купалу» мы вывезлi ў Прагу, а «Авантуры Пранцiша Вырвiча» — у Вiльнюс.

— Як вы думаеце, у «Беларусьфiльма» атрымаецца перажыць сённяшнi крызiс?

— Буду казаць шчыра, сапраўдныя наступствы мы яшчэ адчуем i будзем сядзець з туга зацягнутымi паясамi. Усё ж кiнастудыя з`яўляецца адзiнай у краiне, таму спадзяюся, што падтрымку ад дзяржавы, калi будзе зусiм дрэнна, яна атрымае. Але i мы не сядзiм на месцы, а шукаем спосабы застацца на плаве. Па-першае, мы мiнiмiзавалi расходы, па-другое, стараемся працаваць больш гiбка i павялiчыць даход ад новых форм паслуг, а па-трэцяе, iмкнёмся нарэшце рэфармаваць структуру.

— Памятаю ваш энтузiязм, калi вы сталi кiраваць «Беларусьфiльмам», — ён застаўся?

— Канешне, кiнастудыя стала для мяне не работай i не тое каб часткай жыцця, а адной з галоўных мэт — я хачу, каб яна стала паспяховай. Як я казаў у першых iнтэрв`ю, гэта не месца, каб перасядзець да наступнай пасады. Я ўспрымаю «Беларусьфiльм» як жывы арганiзм, калi я прыходжу дадому, у мяне нават не атрымлiваецца адключыцца ад работы — я працягваю пра яе думаць, перажываць, шукаць варыянты, нават прачынаюся па начах. Шчыра прызнаюся, бывае вельмi страшна, але сцiснеш зубы i працуеш. Я паглядзеў, як кiнаiндустрыя арганiзавана за мяжой, i мне здаецца, я на правiльным шляху. Вядома, некаторыя рашэннi даюцца па-чалавечы складана, затое шмат вузлоў ужо разблытана.

— А самi для сябе дзякуючы каранавiрусу вы нешта пераасэнсавалi?

— Канешне, я стаў цанiць простыя чалавечыя радасцi — што ты жывеш, ты здаровы, i ў цябе ёсць сiлы — i больш уважлiва ставiцца да блiзкiх i сяброў. Цяпер я раблю многа званкоў, нават тым, каго не бачыў два-тры гады, — як бы збiраю сваё жыццё i праз гэта зазнаю надзвычай прыемныя эмоцыi. У гэтыя часы трэба радавацца таму, што ты можаш зрабiць, — пагуляць з сынам, паразмаўляць з добрым чалавекам, пачытаць кнiгу, паглядзець фiльм, выпiць келiх вiна. Цяпер нават праблемы вырашаць — шчасце.

Ірэна Кацяловіч
Звязда, 16 траўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3182
Текущая дата: 19.04.2024